Вы тут

Армія як школа жыцця


Каля 10 тысяч юнакоў гэтай вясной папоўняць армейскія шэрагі краіны.

Пачалася адпраўка новага папаўнення ва Узброеныя Сілы, іншыя войскі і воінскія фарміраванні Беларусі. Першымі надзелі пагоны і абулі боты прадстаўнікі элітных войскаў — сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл, роты ганаровай варты, механізаваных злучэнняў і войскаў сувязі. Неўзабаве да іх далучацца яшчэ некалькі тысяч будучых абаронцаў Айчыны — і войскі будуць поўнасцю ўкамплектаваны.

[caption id="attachment_83677" align="alignnone" width="600"]15-44 Пры­зыў­ні­ка Ві­та­ля Плыт­ке­ві­ча прый­шлі пра­вес­ці ма­ці і ба­бу­ля.[/caption]

Апошнія зборы ў ваенкаматах — і прывітанне, новае жыццё! З якім настроем успрымаюць яго без пяці хвілін салдаты, карэспандэнты «Звязды» даведаліся падчас адпраўкі ў войскі, якая адбылася ўчора ў Мінскім гарадскім ваенным камісарыяце.

Мінчанін Максім Міхайлюк да армейскай службы рыхтаваўся і маральна, і фізічна. Спартыўная падрыхтоўка яму сапраўды спатрэбіцца: служыць юнак будзе ў Маладзечне, у 14-м асобным палку ўрадавай сувязі КДБ. Маральна настройваюць родныя: маўляў, ёсць на каго раўняцца. І праўда, ёсць. Дзядуля, Барыс Леанідаваіч Русановіч, — ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Меў узнагароды, якія атрымаў за абслугоўванне ваеннай авіятэхнікі.

У сённяшніх вайскоўцаў — іншыя, але не менш адказныя задачы. На службу настройваюць сябры і родныя, якія прыйшлі падтрымаць сваіх будучых абаронцаў. У акружэнні любімых маці і бабулі Віталю Плыткевічу, здавалася, нічога не страшна. Служыць будзе ў Калодзішчах — сувязістам. Як прызнаецца юнак, усё заканамерна: сувязістамі ў арміі былі і бацька, і дзядуля.

— Не здзіўлюся, калі і малодшы сын працягне такую своеасаблівую дынастыю, — кажа Алена Аляксандраўна, маці прызыўніка. — А тое, што ў армію пойдзе, — дакладна: невыпадкова ж нарадзіўся ў Дзень паветрана-дэсантных войск! Вядома, не да жартаў: як і ў кожнай матулі, перажыванні ёсць. Але супакойваю сябе тым, што кожны сапраўдны мужчына павінен прайсці гэтую школу жыцця пад назвай армія.

«Ён у нас займаецца спортам, таму я за яго спакойная», — сказала як адрэзала бабуля юнака Таццяна Уладзіміраўна. Віталь упэўнены, што за добрую службу яго будуць адпускаць у звальненні, і тады ён зможа часцей бачыцца са сваёй сям'ёй.

У першы дзень адпраўкі ў войскі было накіравана каля тысячы прызыўнікоў, у тым ліку з Мінска і Мінскай вобласці — каля 300. Усяго на ўкамплектаванне Узброеных Сіл, іншых войск і воінскіх фарміраванняў нашай краіны сёлета плануецца адправіць каля 10 тысяч чалавек. Акрамя таго, каля тысячы — для праходжання службы ў рэзерве.

— Другі год запар мы практыкуем прызыў грамадзян на службу ў рэзерве, у тым ліку і вясной, — падкрэсліў намеснік начальніка ўпраўлення — начальнік аддзела прызыву на вайсковую службу галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных Сіл Беларусі палкоўнік Андрэй МУРАШОЎ. — Па-першае, гэта звязана з неабходнасцю падрыхтоўкі пэўных воінскіх спецыялістаў. Па-другое, у нашай краіне пакуль дастатковая колькасць прызыўнікоў, сярод якіх ёсць і тыя, якія не запатрабаваны пры камплектаванні тэрміновай службы. Таму ім прапаноўваецца такі від выканання воінскага абавязку, як служба ў рэзерве. Такім чынам, мы імкнёмся выкарыстоўваць як існуючыя прызыўныя рэсурсы, так і ажыццяўляць падрыхтоўку неабходных спецыялістаў для Узброеных Сіл.

Аляксей Пахомаў — будучы дэсантнік. Службу будзе праходзіць у 5-й асобнай брыгадзе спецыяльнага прызначэння. У элітныя войскі юнак хацеў трапіць свядома. «Калі служыць, дык там, дзе можна многаму навучыцца, — лічыць мінчанін. — Здаецца, што з арміі прыйду зусім іншым чалавекам».

Спецназаўцам будзе і Яўген Лагойка са Стоўбцаў. Цяжкасцей не баіцца, юнака хвалюе іншае: дома застаецца дзяўчына. Дар'я, якая прыехала правесці каханага, прызнаецца, што будзе чакаць. «Якраз закончу вучыцца, а потым і замуж можна выходзіць», — здаецца, усур'ёз гаворыць яна.

— Настрой моладзі мяняецца, — заўважае палкоўнік у адстаўцы Валерый ДЗЕМЧАНКА, які ўжо каторы год запар прыходзіць падтрымаць прызыўнікоў. — Юнакі разумеюць, наколькі важна адслужыць у арміі. У грамадстве цябе паважаюць, на працу ўладкавацца не праблема, ды і дзяўчаты па-іншаму пачынаюць на цябе глядзець. Армія з'яўляецца пэўным трамплінам ва ўсіх пачынаннях.

Прызыўная кампанія — на стадыі завяршэння. Прызыўнымі камісіямі гарадоў і раёнаў у дачыненні да грамадзян ужо прынята больш чым 41 тысяча рашэнняў. Прадастаўлена каля 27 тысяч адтэрміновак, большую частку з якіх — амаль 72% — складаюць адтэрміноўкі для працягу адукацыі. Акрамя таго, некаторыя грамадзяне атрымалі адтэрміноўкі па стане здароўя, сямейных абставінах і для набыцця ваенна-тэхнічных спецыяльнасцей.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.