Вы тут

Сэрцу мілыя, бо народныя


Жыццё можна спазнаваць з розных ракурсаў. Адзін з варыянтаў — праз народныя песні. Спяваючы іх і ўслухоўваючыся ў змест і інтанацыі выканаўцаў, расшыфроўваючы пасланне часоў, можна адкрыць новае ўспрыманне сябе і таго, што маеш. Менавіта народная творчасць ілюструе простую і такую важную ісціну: не губляючы набыткаў мінулага мы знаходзім саміх сябе. Ці не ў гэтым мудрасць? Фальклорная вандроўка здымачнай групы праграмы «Наперад у мінулае» ў вёску Курыцічы Петрыкаўскага раёна стала яшчэ адной ілюстрацыяй таго, як былое і сучаснасць спалучаюцца сёння ў глыбінцы.

[caption id="attachment_83689" align="alignnone" width="600"]15-39 Аб’яднаныя народнай песняй жанчыны з ансамбля «Спадчына».[/caption]

Увогуле любоў да песні — добрая нагода для людзей сабрацца разам, пагаварыць пра важнае зразумелай усім бацькоўскай «мовай». Калектыў народнага фальклорнага ансамбля «Спадчына» налічвае 15 чалавек, што складае палову ад той колькасці ўдзельнікаў, з якіх усё некалі пачыналася. Ансамбль «Спадчына» ўзнік у 1975 годзе, але тады гэта быў хор. У 1992-м калектыў стаў «народным». Сабрала ўсіх Тамара Хаменя. Яна і сёння з'яўляецца нязменным кіраўніком суполкі аматараў спяваць, акампаніруе ім на баяне.

— Іграю на гармоніку я з чацвёртага класа. У нашай сям'і спявалі ўсе. На любое свята родзічы і суседзі збіраліся ў нашай хаце і без песень не абыходзілася. А я заўсёды чакала, пакуль госці за стол сядуць, каб на гармоніку пайграць. Раней наогул больш весяліліся і па-іншаму, — расказвае пра свае адносіны з музыкай Тамара Мікалаеўна. — Пасля заканчэння школы дырэктар прапанаваў мне паехаць на курсы баяністаў. Скончыўшы вучобу там, я паступіла ў Культпрасвет у Магілёве. Працавала і вучылася завочна.

Першая песня, нібы прывітальнае слова, гучыць у выкананні самадзейных артыстаў. Акампанемент баяна і гукі бубна, на якім іграе адзіны мужчына ў калектыве, надаюць песням асаблівы каларыт. Гэтая не выключэнне...

Ой, зялёна жыта, зялёна,

Харошыя госці ў мяне.

Ой, зялёна жыта ды авёс,

Харошыя госці Бог прынёс...

Ой, зялёна жыта, зялёна,

Харошыя госці ў мяне.

Ой, зялёна жыта, асака,

Харошыя госці здалёка...

За гады свайго існавання калектыў паказаў сябе на шматлікіх канцэртных пляцоўках, кожны раз дэманструючы публіцы, як прыгожа можа гучаць народная песня. У гастрольнай біяграфіі — фестывалі «Кліч Палесся», «Берагіня», «Беларусь мая, песня» і многія іншыя, неаднаразова ансамбль быў госцем тэлевізійных праграм. На адной з іх паказвалі мясцовы абрад «Прыданне». У ім дэманструецца святкаванне другога дня вяселля. Калі ад маладой госці ідуць да маладога, то... нясуць з сабой елку. Каб дрэва трапіла па прызначаным адрасе, здаралася, неслі яго амаль што ўпотай. Потым хлопцы з боку маладога павінны былі занесці елку ў хату і паставіць на стол, каб ніхто не забраў. Усё дзейства суправаджалася песнямі. Як патлумачыла мне адна з удзельніц калектыву Вера Шэлег, спявалі прыкладна наступнае: «Ой, ёлка, ёлка кучарава,/ У лесе расла — шуміла,/ Дарогаю шла звініла,/ На стале стала — заззяла,/ Усю сваю радзіначку сабрала./ Уся мая радзіначка, расступіся,/ Ідзе Ганначка на пасад./ Пасадзіла дружачак кругом сябе./ Сама села вышэй усех./ Бо моя головочка крашэ ўсех».

Вера Цітаўна нарадзілася ў вёсцы Рубча, што за Петрыкавам. А пасля замужжа змяніла месца жыхарства. Яна з тых жанчын, каго можна лічыць шчаслівымі, бо яны спазналі радасць мацярынства. Вера Шэлег мае 6 дзяцей, 11 унукаў і 15 праўнукаў. У «Спадчыне» яна з ліку старажылаў. А яшчэ ў ансамблі спявае яе дачка і ўнучка. І калі загаварылі пра жыццёвыя будні, то самая маладая артыстка ў ансамблі — Наталля Шэлег — таксама падключылася да размовы:

— Часы зараз іншыя, але ўсё роўна трэба прыслухоўвацца да старэйшых. Паважаць іх і заўсёды ставіцца з любоўю. Такія людзі ніколі дрэннага не пажадаюць, яны перадаюць нам свой лепшы вопыт. Напрыклад, у сямейным жыцці, як вучылі мяне, дзяўчына павінна быць добрай гаспадыняй. Важна не забывацца пра цярпенне і ўзаемаразуменне ва ўзаемаадносінах, — дзеліцца Наталля. — На маё ўспрыманне жыцця ў пэўным сэнсе паўплывала сямейнае захапленне народнай песняй. Мне вельмі падабаецца спяваць з жанчынамі больш сталага ўзросту. Бо так я магу пераймаць багаты вопыт — і жыццёвы, і што датычыцца майстэрства спяваць. Ад'язджаеш у горад і пачынаеш сумаваць па вясковых буднях.

[caption id="attachment_83688" align="alignnone" width="600"]15-38 Ёсць бубен і баян — будзе і добры настрой.[/caption]

Вёска Курыцічы, па словах старажылаў, была заснавана яшчэ да нападзення шведаў на Русь. А падчас нападзення ўсе жыхары былі знішчаны, жывымі засталіся толькі некалькі чалавек, якія схаваліся ва ўрочышчы Курчанка. Таксама праз вёску працякала рака з аднайменнай назвай, ад гэтага і пайшла назва Курыцічы. Спачатку на месцы сучаснай вёскі былі хутары, іх назвы ўтварыліся ад прозвішчаў людзей, якія тады засталіся жывымі: Корзун — Карзуны, Сапон — Сапонавічы, Мікіта — Мікіцічы, Лось — Лосевічы. Гэтыя найменні існуюць і сёння. Хутары хутка разрасталіся і з часам аб'ядналіся ў адну вёску. Яна знаходзілася між лясоў і балот. Школ тут не было. Але ў 1905 годзе было ўведзена хатняе навучанне. На той час у вёсцы знайшліся чатыры пісьменныя чалавекі. Пасля вайны 1812 года вёска належала пану Вярбоўскаму, а потым — пану Левяндоўскаму. І толькі пасля рэвалюцыі 1917 года тут з'явілася школа на 3 класы. Вялікая падзея адбылася ў 1929 годзе, калі праз вёску праклалі грунтавую дарогу, якая аб'яднала Петрыкаў і Капаткевічы. На сённяшні дзень вёска набыла статус аграгарадка, у якім налічваецца каля 80 жыхароў і ёсць умовы для камфортнага пражывання: школа, дзіцячы садок, крамы, пошта, ашчадная каса, амбулаторыя агульнай практыкі і Дом культуры. У клубе (так называюць у вёсках Дом культуры) мы і знаёмімся з творчасцю ансамбля «Спадчына». Як заўважаюць удзельнікі, назва гэтая ў пэўнай ступені сімвалічная, таму што любоў да народнага фальклору яны перанялі ад сваіх родных і ў сваю чаргу імкнуцца рабіць усё магчымае, каб перадаць назапашанае багацце наступным пакаленням.

Запрагу я пару коней.

Дай паеду у чыстэ поле,

Дай паеду у чыстэ поле.

Там дзяўчына проса поле.

Проса поле, грэчку вяжа,

Яна ж мне ўсю праўду скажа.

Ці мне цяпер жаніціся,

Ці па прэжней журыціся.

— Велю, мілы, ажаніцца

Дай па прэжней не журыцца.

Паспявалі ўсё: і працаваць, і гаспадарку весці, дзяцей гадаваць, і весяліцца. Вечарамі збіраліся па хатах, у каго большая, каб быў прастор і танцаваць, і спяваць, а нехта займаўся ў гэты час ткацтвам, вышыўкай альбо праў кудзелю ці лапці плёў. Калі электрычнасці яшчэ не было, такія вечары праводзілі пры лучыне. Гарманіста запрашалі з іншай вёскі. Днём яйкі збіралі ўпотай ад маці, каб вечарам музыканту аддаць — ён жа сям'ю карміў. І сядзелі да раніцы... А цяпер збіраюцца толькі ў клубе. «І часта чуюцца і спяваюцца тут песні родныя. Не забываюцца задушэўныя і лагодныя, сэрцу мілыя, бо народныя». Спяваць у ансамблі для ўсіх яго ўдзельнікаў вельмі важна. Не толькі таму, што так адчуваеш сябе патрэбным, не толькі ратуючыся ад адзіноты і надзённых клопатаў, але і для таго, каб захоўваць набыткі фальклорнага мінулага. Такім чынам зберагаецца асаблівая памяць пра тых, хто таксама жыў і любіў...

Жыў у вёсачцы дзядок.

Ростам быў маленькі.

Ён жаніцца захацеў,

Голуб наш сівенькі.

Дзед , дзедачка, дзядок, які ты харошы!

Дзед, дзедачка, дзядок, жонкі

любяць грошы.

Маладзіцу ён сустрэў,

І хадзілі чуткі,

Ён хацеў ёй падарыць

Сэрца і пачуцці.

Ён сустрэў яе ля крамы,

Лезе абдымацца.

— Ты машыну мне купі,

Перш чым цалавацца...

Гісторыі змяняюць адна адну пад акампанемент баяна. Той самы выпадак, калі душа то разгортваецца, то сціскаецца ад спагады... Радаваць гасцей песняй для гэтых людзей — добрая традыцыя і жаданне падзяліцца чымсьці асабістым. Яны гэта робяць настолькі шчыра, што міжволі хочацца аднойчы вярнуцца сюды зноў...

Алена ДРАПКО

Фота аўтара.

P.S. Чарговая вандроўка з праграмай «Наперад у мінулае» і знаёмства з фальклорным народным ансамблем «Спадчына» вас чакае ў нядзелю, 24 мая, на тэлеканале «Беларусь 3»: зможаце пачуць іх жывое выкананне і стаць сведкамі, як госці выпуску прадставяць сваю версію аўтэнтычнай песні.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.