Вы тут

Сацыяльны клопат


Бацькоўскае цяпло для кожнага.

Больш за 17,7 тысячы дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, выхоўваюцца ў замяшчальных сем'ях розных тыпаў. Пра гэта паведаміла дырэктар Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Міністэрства адукацыі Наталля ПАСПЕЛАВА.

Так, 9 740 дзяцей выхоўваюцца ў апякунскіх сем'ях, каля 2 тысяч — у 243 дзіцячых дамах сямейнага тыпу, больш за 500 — у дзіцячых вёсках і мястэчках, каля 7 тысяч — у сем'ях усынавіцеляў. У дзіцячых інтэрнатных установах рознай ведамаснай прыналежнасці жывуць крыху больш за 4 тысячы дзяцей.

Тым часам у 2014 годзе больш за 560 дзяцей-сірот усынавілі беларускія сем'і, 110 — італьянскія. Міжнароднае ўсынаўленне праходзіць у асноўным у дачыненні да няпоўнагадовых ва ўзросце 14,5 года, нацыянальнае — у дачыненні да дзяцей ва ўзросце да 7-8 гадоў. Усяго ў Беларусі ў сем'ях усынавіцеляў выхоўваецца каля 7 тысяч дзяцей. З кожным годам колькасць тых, якія падлягаюць усынаўленню, памяншаецца. Змяняецца і іх узрост: практычна няма малых, якіх можна ўсынавіць, у асноўным гэта хлопчыкі і дзяўчынкі, старэйшыя за 3 гады.

«За перыяд дзеяння дэкрэта №18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у сацыяльна неўладкаваных сем'ях» амаль 59% дзяцей вернуты бацькам. Па рашэнні суда за 2014 год адноўлены ў бацькоўскіх правах 221 бацька і маці, яны вярнулі дадому, у родную сям'ю, 289 дзяцей», — удакладніла спецыяліст.

Сёлета ў кастрычніку ў Беларусі плануецца правесці першы форум замяшчальных сем'яў. На ім будзе прэзентаваны перадавы вопыт выхавання дзяцей, прадастаўлена магчымасць агучыць існуючыя праблемы, атрымаць дапамогу кваліфікаваных спецыялістаў. Апроч таго, у найбліжэйшыя месяцы адбудзецца першы ў Беларусі фестываль сем'яў-усынавіцеляў. Ён пройдзе ў аграсядзібе ў Валожынскім раёне. Падчас яго будуць прэзентаваны новыя тэхналогіі суправаджэння сем'яў — цэлы спектр сацыяльна-педагагічных і сацыяльна-псіхалагічных паслуг.

Лета будзе карысным.

Адразу пасля завяршэння навучальнага года ў Мінску стартуе аздараўленчая кампанія. Сёлета яна пройдзе пад дэвізам «Лета на карысць», пра што паведаміла начальнік аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Ганна РЫСЯВЕЦ.

«Усе мерапрыемствы, якія адбудуцца на канікулах у дзіцячых лагерах, будуць накіраваныя на фарміраванне новых навыкаў у дзяцей. Напрыклад, у ходзе праекта «Ваш выбар» спецыялісты распавядаюць дзецям пра шкодны ўплыў на здароўе курэння, ужывання алкаголю, наркотыкаў, фарміруюць у падлеткаў адказнасць за сваё здароўе», — распавяла начальнік аддзела.

Гэтым летам больш як 61,6 тысячы юных мінчан пройдуць аздараўленне ў 35 дзіцячых загарадных лагерах з кругласутачным знаходжаннем, у 350 лагерах з дзённым знаходжаннем і ў 200 палатачных і профільных лагерах.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.