Вы тут

Сабака? Ці ўсё ж такі дзверы?


Пра што толькі не гавораць жанчыны, як сыдуцца разам!..

Сяброўкі маёй жонкі, напрыклад, аднойчы сталі ўспамінаць, як яны пазнаёміліся са сваімі мужамі. Я ў суседнім пакоі быў — міжволі паслухаў. І адзін расповед — ад імя той сяброўкі — нават запісаў.

«Наша сям'я атрымала кватэру ў новым «хмарачосе» (ажно пяць паверхаў — больш у нас не будуюць)... Але ж адметны ён не толькі вышынёй: уваходныя дзверы ў пад'езды (гэта — па-першае) былі аснашчаны невядомымі дасюль дамафонамі, а па-другое, у нашым двары жыў нічыйны сабака. Можа, яго нехта з навасёлаў прывёз, а ў кватэру браць не захацеў, можа, наадварот — нехта з ранейшых жыльцоў пакінуў... Факт, што бедны дварняк туляўся ад пад'езда да пад'езда. Мог паляжаць — то недзе ля сцяны, то на газоне, мог за некім увязацца і прайсціся... Карацей, шкоды ніякай не чыніў, а вось карысць...

У той дзень я вярталася дадому, адчыніла дзверы ў свой пад'езд. А яны ж не на спружынах ужо — не ляпнуць, прытрымліваць не трэба і зачыняюцца марудна. Я ўжо на прыступках была, калі адчула, што нехта як быццам ідзе ў мяне спераду, а нехта — ззаду. Азірнулася: так і ёсць — следам (дзверы зачыніцца не паспелі) валюхаўся дварняк. А што яму ў пад'ездзе рабіць? Таму я, не ведаючы яго мянушкі, крыкнула:

— Сабака, стой!

«Госць» паслухаўся — пакорліва спыніўся.

Я па прыступках хуценька збегла ўніз, выпусціла «візіцёра» на вуліцу, пачакала, пакуль зачыняцца дзверы і стала падымацца на свой другі паверх...

Аж там, на пляцоўцы, нейкі чалавек...

— Ну, стаю. І што далей? — бесцырымонна пытаецца ў мяне.

— Ды нічога, — кажу ў адказ, зноў жа нічога не разумеючы.

— Добра, я пастаю, — згаджаецца хлопец (прычым досыць сімпатычны), — але чаму раптам я — «сабака»?

Мусіла патлумачыць, што вось гэтае слова было адрасавана сапраўднай жывёліне, а не яму...

— Дык вось яно што, — усміхнуўся хлопец і ўжо ўслед мне дадаў: — Калі захочаце мяне спыніць, крычыце: «Сяргей, стой!»

Гэтую фразу я амаль што не чула, бо заходзіла ў сваю кватэру...

Як потым высветлілася, акурат такую ж, толькі паверхам вышэй, атрымала Сяргеева сястра — ён да яе прыходзіў у госці.

Са мной жа пры выпадковых сустрэчах кожны раз вітаўся, прыязна ўсміхаўся (мусіць, успамінаючы сабаку?), і гэта было настолькі прыемна...

А потым ён спытаў, як мяне завуць. І аднойчы — запрасіў на канцэрт Аляксандра Ціхановіча і Ядвігі Паплаўскай.

...Праз год пасля гэтага мы пажаніліся, і з той пары на кожнае сямейнае свята — на чарговую гадавіну вяселля, на хрэсьбіны, дні нараджэння дзяцей — Сяргей заўсёды ўспамінае сабаку, дзякуючы якому тады спыніўся.

А я дадаю, што дзверы таксама сваю ролю сыгралі. Бо калі б яны былі ранейшыя, на моцнай стальной спружыне, то сабака ў пад'езд нават нос бы не ўсунуў, а я, атрымаўшы «стартавы штуршок», хутка ўзляцела б на свой другі паверх...

І тады неяк зусім па-іншаму склалася б жыццё — і маё, і Сяргеева».

Валерый Гаўрыш, г. Чавусы.

«Выратаванне наша — у бліжнім»

Гэтую думку прападобнага Макарыя Опцінскага знайшла ў кніжцы, якую мне падарылі надоечы. Гульня такая на працы была «Таемны анёл». Цягам тыдня мы адзін аднаму рабілі патаемныя падарункі, і такім чынам у мяне з'явіліся настаўленні опцінскіх падзвіжнікаў.

А яшчэ раней я недзе прачытала, што «бліжні» — гэта той, хто блізка: сямейнікі — дома, калегі — на працы, спадарожнікі — у грамадскім транспарце і суседзі... паўсюль. Бо дома ў чалавека можа не быць нікога і на працы таксама (калі ён, напрыклад, піша раманы). А вось суседзі быць павінны. Нават калі жывеш на хутары, ёсць жа суседні хутар... Альбо вёска. А ўжо ў мурашніках шматкватэрных дамоў — там проста безліч магчымасцей выратаваць сваю душу праз бліжняга.

Каб яшчэ ведаць як?

Ну, вось напрыклад. Сёлета, на Вялікдзень, двум шасцігадовым хлопчыкам стала сумна гуляць у двары. І адзін з іх, мусіць, шукаючы новыя забаўкі, ударыў нагой па коле прыпаркаванай машыны. Але пасля гэтага нічога цікавага не здарылася. Тады хлопчыкі, назапасіўшы «снарадаў» (пераважна — у выглядзе каменьчыкаў), сталі цаляць імі ў лабавое шкло, у фары аўто... А потым узяліся крэмзаць тымі ж каменьчыкамі — па капотах, па багажніках, па дзвярах...

Не, дрэнных слоў яны не пісалі, бо, напэўна, яшчэ не ўмелі — так, іерогліфы...

«Працэс» іх стварэння ніхто з аўтаўладальнікаў не бачыў, але ж, на шчасце «мастакоў», згледзеў сусед і пазваніў мне (адна з трох «распісаных» машын была нашай). Такім чынам абодвух зламыснікаў удалося, што называецца, схапіць за руку.

Як і варта было чакаць, падняўся вялікі вэрхал, бо ў двор павыходзілі не толькі пацярпелыя (уладальнікі пашкоджаных машын) ды бацькі хуліганаў...

Спачатку яны спрабавалі абараніць сваіх дзяцей. І гэта правільна... Потым гучна аспрэчвалі памеры шкоды, што таксама зразумела. Але ж кожны раз, як толькі градус напружання ўзрастаў, нехта з шумнага натоўпу (у двор павысыпалі яшчэ і суседзі) прамаўляў: «Людцы, сёння ж Вялікдзень! Ну, не будзем лаяцца! Давайце ўсё вырашым па-добраму! Сталы накрыты...»

Праз нейкі час нават узнікла думка — ці не вынесці тыя святочныя сталы ў наш двор, ці не паставіць іх паміж пашкоджанымі машынамі і не сесці ўсім разам? Зусім трошачкі не хапіла да забытага дзедаўскага таварыства!..

Скончылася ўсё распіскай, а праз некалькі дзён — кампенсацыяй шкоды і нават запрашэннем скарыстацца знаёмствам (як высветлілася, адзін з ба́цькаў тых хлопчыкаў гандлюе бытавой тэхнікай). А ў выніку, як гэта ні дзіўна, той Велікодны «вернісаж» згадваецца цяпер выключна з усмешкай. І нават больш за тое, калі мае суседзі ў нядзелю раніцай робяць адбіўныя, позна ўвечары ўключаюць музыку, перастаўляюць мэблю або свідруюць сцены, я не злуюся. Бо чалавечыя адносіны — гэта нашмат важнейшае...

З суседзямі — пакуль незнаёмымі — звязана яшчэ адна гісторыя, якая адбылася ўвосень. Сяброўка, з'язджаючы са старой кватэры, папрасіла «прытуліць» свае рэчы. Мы, што называецца, з дарагою душой, бо ў сынавай новай аднапакаёўцы пакуль рамонт, лоджыя абсалютна пустая...

Праз нейкі час мяхі з рэчамі трэба было вяртаць.

Мы з мужам спачатку выставілі іх на лесвічную пляцоўку, потым сталі заносіць у ліфт. А не ведалі, што ліфты цяпер абсталяваны аўтаматычным галасавым папярэджаннем. Гэта значыць, што варта забавіцца, прамарудзіць крыху, з дынаміка прагучыць строгае: «Не затрымлівайце ліфт!»

Не, дык не. Нам паўтараць не трэба: мы адразу ж націснулі кнопку першага паверха і паехалі. Разгрузіліся там, склалі рэчы ў машыну — завезлі сяброўцы.

Праз пару дзён з нейкай патрэбай зноў прыехалі на кватэру сына і... Вачам не паверылі: на яго сёмым паверсе, ля дзвярэй, стаялі... мяхі, якія мы забыліся два дні таму!

Іх, вядома ж, таксама завезлі сяброўцы. Радасці ў той — нібы нешта знайшла! Прычым — не жартоўнае! «Летась, — кажа, — норкавае футра з Грэцыі прывезла... А, гляджу, нешта яго няма...»

У мяне ад гэтых слоў аж ногі падкасіліся. Прымусіла сяброўку развязаць мяхі — упэўніцца, што тое футра на месцы!..

І толькі потым — камень з душы — расказала ёй, як яно, тое футра, яшчэ ні разу не апранутае, два дні праляжала на лесвічнай пляцоўцы, насупраць ліфта, у новым доме, дзе ні я, ні мой сын пакуль не ведаем ніводнага суседа.

Але ж загадзя паважаем — за прыстойнасць.

Ніна Рыхцік, г. Мінск

І ўся любоў...

Прыгожую песню спяваў некалі Вахтанг Кікабідзэ — аб тым, як сустрэліся дзве адзіноты, як яны расклалі касцёр...

Што з гэтага атрымалася, вы таксама, напэўна, помніце? А я дык яшчэ і раскажу.

Мае знаёмцы Марына і Рыгор — між сабою суседзі, працуюць таксама разам, на адным прадпрыемстве. А яшчэ — абое яны адзінокія і абое, як той казаў, не першай маладосці. Дык чаму б не аб'яднацца, думала Марына: «Які ні Панцялей, а сэрцу весялей».

Рыгор таксама не супраць быў: яны ўжо нават прыкідвалі, у чыёй хаце будуць жыць, як сумесна павядуць гаспадарку, але ж тут...

Вечарам неяк і ўжо прыцемкам ішлі яны з працы. Рыгор — наперадзе і нібы тая навагодняя ёлка, бо апрануты, як належыць: у куртцы са святлоадбівальнымі палосамі. Марына ж наадварот — нават без флікера была, чым парушала правілы дарожнага руху. А тут, як на ліха, на ўзбочыне машына даішнікаў...

Рыгор яе першым згледзеў, замарудзіў крок, пачакаў сяброўку і ўзяў пад руку, ратуючы ад штрафу.

Для Марыны гэта было досыць нечакана — яна спужалася, а інспектар ДАІ наогул нічога не зразумеў.

— Во, — кажа ёй са смехам, — як вы ў чужога мужчыну ўчапіліся!.. Чаго ні зробіш, каб штраф не плаціць...

— Гэта не чужы, — стала бараніцца Марына. — Гэта муж мой.

— Нешта зусім не падобна, — сумняваецца даішнік (Марына, сапраўды, жанчына высокая, мажная... У адрозненне ад Рыгора...). — Вельмі ж вы па габарытах розныя.

Марыне б прамаўчаць, а яна... вазьмі ды ляпні першае, што ў голаў прыйшло: маўляў, любоў злая — палюбіш і...

Рыгор не даў ёй дагаварыць — не дараваў «казла»: расчапіў яе пальцы, вызваліў сваю руку, сказаў:

— Ну, і плаці тады штраф.

А сам роўненька, той вясёлай «ёлачкай», рушыў дамоў.

На гэтым каханне скончылася. Не разгарэўся касцёр — проста не паспеў.

Галіна Бабарыка, в. Мачуль, Столінскі раён.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.