Вы тут

Баль спадчыннікаў


Пра новых гаспадароў, сумленне і зэдлік.

Балюча, але неаспрэчна і на сённяшні дзень непапраўна: родная вёска становіцца дачным пасёлкам. Ад хуткага поўнага вымірання яе ратуе перш за ўсё блізкасць да сталіцы — сорак з нечым кіламетраў. Дзякуючы гэтаму тут і прадпрыемства невялікае працуе (рабочых падвозяць з навакольных вёсак ды з Мінска), і пустых, пакінутых хат няма ніводнай. Праўда, зімой на комінах у большасці з іх ляжаць шапкі снегу, а па вуліцы калі адзін чалавек прасунецца, дык і гэта навіна. Вясковая вуліца зімой ці позняй восенню ажывае, як гэта ні цынічна і парадаксальна гучыць, толькі калі кагосьці хаваюць. А пахаванні з восені да вясны здараюцца часта — за мінулы халодны сезон не далічыліся пяцярых чалавек. Пакрысе сыходзіць у нябыт цэлае пакаленне — тыя, хто ў пяцідзясятых — сямідзясятых будаваў светлую будучыню, абшалёўваючы і фарбуючы хаты, купляючы ў растэрміноўку мэблю, перакрываючы стрэхі з гонтавых ды саламяных на шыферныя, падсыпаючы падмуроўкі, прыбудоўваючы, паднаўляючы, перасцілаючы... Усё рабілася для дзяцей, каб ім было ўтульна і хораша жыць у роднай хаце, гадаваць сваіх дзяцей, даглядаць састарэлых бацькоў.

З таго, пра што марылася, засталіся толькі дыхтоўныя хаты і дзеці з унукамі — спадчыннікі. Дзве катэгорыі, якія існуюць у адным часе і адной прасторы толькі падчас дачнага сезона. Часам спадчыннікі бацькоўскую хату прадаюць — і тады ў вёсцы з'яўляюцца «дачнікі» (сябе да гэтай катэгорыі спадчыннікі не адносяць: як-ніяк на радзіму прыязджаюць, дзе помняць «свой на іржышчы цень»). Але гэта вельмі рэдка, бо нерухомасць і зямельны надзел пад Мінскам — надзейны капітал ва ўсе часы.

І ўсё, здаецца, склалася найлепшым чынам: вёска, нягледзячы на тое, што ёй ніколі не стаць аграгарадком, не памірае, у дварах — парадак, на агародах — што толькі ні расце, хаты дагледжаныя. Прыемна па вуліцы прайсціся вясной ці ўлетку. Куды ні глянь (асабліва там, дзе спадчыннікі «свежыя», у якіх бацькі сышлі ў нябыт не так даўно), вялікія сем'і дружна шчыруюць на сваіх участках. І парадак наводзяць, і грады садзяць, і ў хаце рамонт распачынаюць... Хораша, адным словам!

Але, каб вы ведалі, як карціць падысці да ўсяго гэтага хараства і спытаць у некаторых асабліва руплівых: а дзе вы былі раней? Чаму ставіце ў хаце новыя вокны цяпер, калі зімой няма каму ў ёй грэцца, а не тады, калі маці мерзла, бо са старых сіфоніла ва ўсе дзіркі? Чаму клеіце на сваім наваспечаным лецішчы новыя дарагія шпалеры, прывозіце з горада новы тэлевізар, ставіце мяккую зручную канапу? Маці ці бацьку добра было і ў пажаўцелых сценах, і на старым прадаўленым ложку з нікеліраванымі більчынамі? Чаму збіраецеся цяпер усе, нават тыя, каго ў вёсцы ўжо і не пазнаюць (так дагэтуль «часта» бачылі), а старыя вочы праглядалі, чакаючы каго з вас на выхадныя (і нярэдка — дарэмна, бо ў вас жа ў горадзе былі, ну, вельмі важныя справы)? Бацькі, пакуль былі жывыя, вам заміналі? Не давалі «гаспадарыць» так, як вам хацелася? Ці ўся гэтая дружная талака на агародзе не што іншае, як «паказальнае выступленне», мэта якога — бясспрэчна абазначыць сваё права на кавалак гэтага агарода, на паўтара акна ў хаце? І праз нейкі час вёска ўбачыць колькі разоў ужо гледжаны «канцэрт» са сваркай, дзяльбой паветкі, выкопваннем кустоў на ўчастку?..

Памятаеце, як у народнай казцы? Старога бацьку дзеці пасялілі за печ, і жыў ён там на зэдліку. Калі малады гаспадар спытаў свайго малога сына, што ён майструе так старанна, той адказаў: «Табе, татка, зэдлічак, ты ж скора стары станеш, пойдзеш за печ жыць...» Спадчыннікам, і цяперашнім, і патэнцыяльным (ёсць і такая катэгорыя — тыя, у каго немаладыя бацькі ў вёсцы жывыя, але хто ўжо сёння хваліцца знаёмым: маўляў, у мяне ж хата ў прыгарадзе, як пахаваю старых, буду там паўнапраўны гаспадар), варта гэтую казку ўспомніць. І прыгледзецца, што іх дзеткі робяць на камп'ютары ці планшэце. Не выключана, што малююць, як яны абставяць гарадское жытло ці адбудаваную дачу, калі «продкі» пакінуць гэты свет і не будуць замінаць парадамі, дапамогай і ўвогуле самім сваім існаваннем.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.