Вы тут

Букмекеры ставяць на шведа


А Беларусі прадракаюць паўтарэнне леташняга выніку.

За два дні да афіцыйнага адкрыцця юбілейнага песеннага шоу «Еўрабачанне-2015» найбольш верагодным яго пераможцам еўрапейскія букмекерскія канторы лічаць прадстаўніка Швецыі Монса Зелмерлёў.

15-7

 

У спіну яму, паводле звестак агрэгатара ставак OddsChecker, дыхаюць італьянскае мужчынскае трыа «Іl Volo» — трыумфатары Сан-Рэма, а таксама спявак і кампазітар Гай Себасціян з краіны — дэбютанткі конкурсу Аўстраліі. Папярэдне вельмі няблага ацэньваюцца шанцы Расіі — Паліне Гагарынай прадракаюць упэўненую перамогу ў паўфінале і 3—5 месца ў фінале. Беларускі дуэт заўзятары музычнага шоу, якія і галасуюць кроўнымі еўра, бачаць у сярэдзіне выніковай табліцы — на 16-м месцы. Улічваючы, што яшчэ пару месяцаў таму наша краіна знаходзілася толькі на 37-й пазіцыі, прагрэс відавочны, хоць, безумоўна, хацелася б трапіць як мага вышэй.

Самі выканаўцы, зрэшты, усе гэтыя жарсці стараюцца не ўспрымаць блізка да сэрца, аддаючы перавагу музычнаму складніку конкурсу. Пасля прыбыцця ў Вену наша каманда паспела адзначыць дзень нараджэння вакаліста (Юзары споўнілася 24 гады) і правяла першую «прыстрэлку» — рэпетыцыю на сцэне Wіener Stadthalle, дэманстрацыю сцэнічных убораў і прэс-канферэнцыю для еўрапейскіх СМІ. Беларусы расказалі, чаму ўнеслі некаторыя змяненні ў конкурсны нумар і якое пасланне хочуць данесці да ўдзельнікаў і гледачоў шоу праз сваю песню «Tіme». Маймуна распавяла гісторыю знаёмства артыстаў з прыхільнікам «Еўрабачання», беларускім хлопцам Андрэем Таранікам, які цягам 4 гадоў пераадольвае рак і дэманструе выключную сілу волі і жыццялюбства. Таму беларускі дуэт, як патлумачыла скрыпачка, вырашыў прысвяціць сваё выступленне ўсім людзям, якія змагаюцца з анкалагічнымі хваробамі. Гэты расповед замежная прэса сустрэла авацыямі...

15-1

Як расказалі «Звяздзе» ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, сёння ў прадстаўнікоў нашай краіны адбудзецца другая індывідуальная рэпетыцыя, пасля якой будзе выбраны канчатковы варыянт пастаноўкі нумара, а ў нядзелю 17 мая яны возьмуць удзел у афіцыйнай цырымоніі адкрыцця 60-га «Еўрабачання» ў Венскай ратушы. Далей адлік пойдзе ўжо літаральна на гадзіны, і 19 мая дуэт Uzarі & Maіmuna пад нумарам 11 выступіць у першым паўфінале конкурсу. Нагадаем, за сваіх удзельнікаў беларусы прагаласаваць не змогуць, а вось трымаць кулакі на ўдачу — колькі заўгодна!

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.