Вы тут

Рука ў руцэ


60 гадоў гамяльчане Іван і Роза Сцепчанковы разам ідуць па жыцці

— Шчаслівы той мужчына, што жыве пад абцасам у жонкі, — шчыра ўсміхаецца 87-гадовы маёр Іван Сцепчанкоў і мацней абдымае сваю Розу. Пры гэтым жартуе камандным голасам і сыпле прымаўкамі: «Што такое мужчына? Ён жа як певень, на 20 метраў адышоў — і ўжо нічыйны». Расказвае, што жонка ў яго строгая, але ж «гэта — пажыццёвы абанемент на трохразовае харчаванне».

16-18

Іх агульная сямейная біяграфія пачалася ў 1955 годзе. Малады вайсковец паспеў зусім крыху захапіць вайну. Спачатку быў «сынам палка», а потым — у рэгулярных войсках. 9 мая 1945 года сустрэў пад Кёнігсбергам. Было яму тады 17 гадоў. Кажа, у яго часта пытаюцца, «колькі немцаў забіў».

— Нікога не забіў. Не штурмаваў. Не страляў. Потым нас тэрмінова перакінулі на Дальні Усход, бо тады ішла размова пра вайну з Японіяй. Вось менавіта там
3 верасня 1945 года мы закончылі Другую сусветную вайну.

Ваенная кар'ера юнага старшыны толькі пачыналася, калі лёс закінуў яго ў мястэчка Хутар Міхайлаўскі на Сумшчыне. Вось там ён і пабачыў сваю расквітнеўшую Розу.

— Ён мне ў 1952 годзе прапанаваў пажаніцца, тады я яму адмовіла, — расказвае Роза Мікалаеўна. — Ён паехаў вучыцца ў Ленінград. А ўжо потым, пасля заканчэння, у 55-м годзе мы ажаніліся. Ён высокі, прыгожы. Да таго ж, мне заўсёды падабаліся ваенныя.

— Нас усіх пасля заканчэння ваеннай установы накіравалі ў Манголію, — працягвае расповед Іван Аляксеевіч. — Я служыў у чыгуначных войсках, мы будавалі дарогу праз Улан-Батар на Пекін. Прыехаў у водпуск і адразу ж сказаў ёй: «Я прыехаў па цябе». Наўпрост з вяселля павёз яе ў пустыню Гобі.

У іх быў лёс звычайных савецкіх ваенных. Да 1965 года, пакуль не аселі канчаткова ў Гомелі, дзе толькі не давялося служыць: у Сызрані, пад Омскам, у Ханты-Мансійскай нацыянальнай акрузе, у горадзе Курган. «Ну, а 50 гадоў таму, — з гонарам кажа ўраджэнец Смаленшчыны Іван Аляксеевіч, — я стаў беларусам».

За час вандровак па свеце яны нарадзілі двух сыноў. Старэйшы следам за бацькам абраў шлях вайскоўца, прайшоў у тым ліку Афганістан. Толькі вось жыццё яго заўчасна абарвалася 13 гадоў таму — у Чачні. Сын служыў у Маскве, быў у званні палкоўніка. У Грозны прыехаў у службовую камандзіроўку. Планаваў, што гэта будзе апошняя яго паездка перад звальненнем у запас. Аказалася — апошняя ўвогуле. «Грузам 200» дастаўлялі яго цела да бацькоў у Гомель і тут пахавалі.

Жыццёвыя выпрабаванні толькі загартавалі гэтую сям'ю. Ім было няпроста, але яны заўсёды адно аднаго падтрымлівалі ва ўсіх справах, тым больш у крытычных сітуацыях. І пра сакрэт сямейнага шчасця ў адзін голас кажуць вельмі проста:

— Давер — перш за ўсё. Усякае бывае ў сямейным жыцці, але ў нас скандалаў не было.

У аддзеле ЗАГС Навабеліцкага раёна, дзе праводзілі цырымонію іх брыльянтавага вяселля, яны абое расчуліліся. І ад шматлікіх падарункаў, і ад шчырых слоў, і ад кветак, і ад увагі, і ад шампанскага. Дарэчы, апошняе Іван Аляксеевіч ледзь прыгубіў са словамі «я ж не п'ю ніколі».

[caption id="attachment_83815" align="alignnone" width="500"]Фо­та з ся­мей­на­га аль­бома Фо­та з ся­мей­на­га аль­бома[/caption]

— Сваю жонку кахаю гэтак жа, як у пачатку 50-х, калі мы толькі пазнаёміліся. І маё каханне толькі мацнее год ад года. Інакш гэта не сям'я, а сужыцелі. Паважаць трэба адно аднаго. Дараваць трэба адно аднаму нейкія недахопы. Не трэба злавацца, не трэба зайздросціць людзям. Зайздрасць раз'ядае душу чалавека.

Госці, што прыехалі на брыльянтавае вяселле, сабраліся з прастораў усяго былога Саюза. Так здарылася, што сёстры Розы Мікалаеўны — адна ў Сумскай вобласці ва Украіне, другая — у Цвяры. Пляменнікі — у Запарожжы і Брэсце.

Кацярына Мурашка, начальнік Навабеліцкага аддзела ЗАГС, ведае брыльянтавых «маладых» даўно — жывуць побач, у той акрузе, дзе яна з'яўляецца дэпутатам Гомельскага гарсавета. Яна кажа, што вельмі прыемна было арганізоўваць для гэтых людзей урачыстае вяселле на 60-годдзе сумеснага жыцця:

— Гэта такі прыгожы прыклад для маладых, якія бяруцца шлюбам. Такія рэгістрацыі ў нас бываюць вельмі рэдка. За апошнія 10 гадоў — толькі чацвёртая пара. Мы для Сцепчанковых праводзілі «залатое вяселле» 10 гадоў таму, а цяпер вось — «брыльянтавае». «Маладыя» Іван Аляксеевіч і Роза Мікалаеўна вельмі аптымістычныя і жыццярадасныя. Яны кахаюць адно аднаго. Яны заўсёды разам, рука ў руцэ.

Дарэчы, рука ў руцэ — гэта не метафара. Яны і ў ЗАГСе адно аднаго кранальна падтрымлівалі за руку. Усе ім жадалі, зразумела, здароўя яшчэ на шмат гадоў і абавязкова папаўнення ў сямействе. Няхай цяпер тры ўнучкі стараюцца. Праўнучка ў Сцепчанковых пакуль адна. Зусім маленькая Ліза яшчэ толькі пачала хадзіць, але прадзеда з прабабуляй віншавала шчыра.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.