МОЙ МАЙ


Уладзімір Ліпскі

Мама на Юр'я ў свет пусціла. 3 таго часу і маюся. У шалёнай майскай зеляніне купаюся. Ад блакітных нябёсаў натхняюся.

Пасля зімы Святы Юр'я каня варанога асядлаў, паехаў аж да Бога. Узяў ключы залатыя. Адамкнуў зямлю, пусціў расу. На кані сенажаці аб'ехаў. Кароў на пашу выгнаў. 3 гэтага дня зязюля пачала куваць.

Святому Юр'ю храмы будавалі. У яго гонар маліліся. Спрадвеку беларусы лічылі яго сваім апекуном.

І мяне хацелі назваць у гонар Юр'я. Але ў Шоўкавічах ужо быў адзін Юрка, крыху на розум слабаваты. Сёстры Клава і Люба хадзілі ў школу, ім ужо ўбілі ў галовы, што самы святы на той час быў Уладзімір Ленін. Мяне і назвалі Валодзькам.

Хто з мяне атрымаўся, ведаюць Бог і людзі.

А ўзброены ваяр-вершнік Юр'я ўпрыгожвае мой хатні літаратурны кабінет у Мінску. Карціну падарыў на мой папярэдні юбілей сардэчны сябар-вясёлкавец, выдатны мастак Жэня Ларчанка. І гэта сталася яго ці не апошняй мастацкай удачай.

* * *

Мае імяніны ў шосты майскі дзень. Тады я першы раз і кугікнуў, ухапіў першыя глыткі дняпроўска-бярэзінскага паветра.

Быў панядзелак. Будзённы дзень засвяціўся райскай Зоркай. 3 той нагоды люблю ў неба ўзірацца.

Паверыў: кожны чалавек на зямлі — зорка. Колькі людзей на нашай планеце — ведаем. Колькі зорак на небе — ніхто не падлічыў.

* * *

У маі — букет святаў. І ўсе знакавыя: дні Працы, Друку, Радыё, Перамогі.

І ў маім жыцці Праца — заслужаны настаўнік. Друк вывеў да мастацкага Слова. На Радыё — я свой чалавек, а Перамога — мой сімвал і сэнс жыцця.

* * *

У маі салаўі здаюць экзамен па вакале. Я пажыццёвы іх слухач, улюбёнец.

Кажуць, выдувае трэлі, свішча, шчоўкае, спявае ўхажор. Гэткім чынам заманьвае да сябе каханку. Не перастае спяваць салавей ва ўсе майскія дні, пакуль не заціўкаюць у сям'і птушаняты. Тут ужо не да канцэртаў. Трэба даглядаць і карміць малечу.

У майскіх салаўёў, як і ў людзей, найбольш дзяцей атрымліваецца ў актыўных, галасістых. Маўклівыя, лянівыя кавалеры, бывае, і жонку сабе не высвішчуць.

Я вельмі маладзенькім праспяваў сваю салаўіную песню дзяўчыне Ніне. Яна паверыла мне. На радасцях вывеліся ў нашым сямейным гняздзечку сын Ігар і дачка Марына, а ў іх свае дзеткі — Антон, Маша, Толік, нашы ўнукі.

Вось чаму мая біяграфія ў адзін радок: «Як сябе помню, увесь час — жанаты».

* * *

У маі — маладая рунь, зялёныя-зялёныя лісцікі, спевы лясных музыкаў, кваканне вадзяных гаспадынь, высокі блакіт нябёсаў. Усё абвяшчае хвалу Багародзіцы, Маці Божай.

У маі Найсвяцейшую Панну Марыю называюць Маёвай, Каралевай прыгожага маю, Каралевай нябёсаў.

І мне хочацца ў маі класці першыя вясновыя кветкі да ног маёй Мамы Марыі. Хочацца плакаць па ёй, як плакаў Хрыстос, каб ніхто не бачыў слёз. Хочацца складаць найшчырэйшую малітву пра маю Нябесную Зорку, пра маю святую зямную Марыю, якая ў свае сорак два гады рашылася завесці мой гадзіннік жыцця.

Мама, ведай маю майскую малітву. Яе прамаўляю перад сном, на ўзыходзе дня. Мая малітва, як споведзь, як прызнанне, як ачышчэнне:

Калі падступае навала спакусы — клічу цябе.

Калі падкатвае зайздрасць — прыгадваю цябе.

Калі гнеў адбірае мой спакой — гляджу на цябе.

Калі агортвае сум, роспач — думаю пра цябе.

Калі цяжка на душы і адчуваю небяспеку — прамаўляю імя тваё.

Калі дзень пражыў годна — дзякую табе...

Паверыў: з табой, Мама, нідзе не заблудзіш, ты ніколі не падманіш, з тваёй падмогай не ўпадзеш, з верай у тваё заступніцтва заўсёды дойдзеш да жаданай мэты.

Кожным новым маем, Мама, усё мацней адчуваю цябе сваёй іконай. Мне здаецца, акушэрка ў Горвалі забылася адшчыкнуць ад цябе маю пупавіну. Таму мы разам, мы адно цэлае. І ў гэтым моц маёй жыццёвай батарэйкі.

Мама, вартуй і далей свайго апошненькага. А я не стамлюся цябе ўслаўляць вясновым маем, і ва ўсе месяцы, і ва ўсе дні свайго зямнога раю.

* * *

У першы дзень мая валадар неба Сонца ўзыходзіць на трон у пяць гадзін трыццаць чатыры хвіліны. Працоўны дзень доўжыцца пятнаццаць гадзін і сем хвілін. Мала хто на зямлі столькі працуе!

А да канца месяца дзень павялічваецца яшчэ на паўтары гадзіны. Дык май-працаголік вызначыў і маю долю. Як сябе помню, ніколі толкам не гуляў. Самую, здавалася б, лёгкую працу я абцяжарваю сваімі цяльцовымі клопатамі, асабістай выдумкай і прыдумкай. Нават падчас законнага адпачынку не маю супакою: то трэба вудай нацягаць нарачанскіх акунёў-матросаў, то нашукаць кош баравікоў, то праплыць у басейне і рэчцы рэкордную колькасць кіламетраў, то наталіцца смакатою слоў літаратурных класікаў, засеяць белы палетак паперы сваімі думкамі.

Часам пасля адпачынку хочацца супакоіцца. Але ж дзе там, наплываюць, як летнія навальніцы, нечакана і грымотна, новыя захапленні і турботы. Дзякуй, май, што ўстурваеш раніцай, пазбаўляеш ляноты і сну на доўгі дзень.

«На спіне мы яшчэ наляжымся», — заўсёды ў маі прыгадваю мудрую падказку майго земляка, духоўнага брата — паэта Анатоля Грачанікава.

* * *

Ажыло маё святое, гаючае дрэва — ліпа. Ліпскі і ліпа — радня на вечныя вякі.

Ліпа што ўзяла ад Божай прыроды, тое і аддае чалавеку, злепленаму па Божам вобразе і падабенстве.

3 ліпавых кветак пчолкі вырабляюць лячэбны мёд. Адвар ліпавых лісцікаў — лекі. Дрэва ліпы грэх паліць у печы. 3 яго можна вырабіць посуд, мэблю, добра ашаляваць лазню. 3 маладой кары ліпак плялі лапці — абутак на святы.

Зумкаюць пчолкі на кашлатай ліпе. Пад дрэвам сядзіць шоўкаўскі пастушок Валодзька. У торбачцы — бутэлька малака, румяны акраец хлеба з мамінай печы. Карова Зорка хрумае росную мураву. А вочы хлопчыка цешацца майскай красой. Ён збірае на спод сваёй душы нектар любові да ўсяго, што вакол яго.

Божа, тая ліпа за нашым прыгуменнем была маім камп'ютарам, інтэрнэтам, сайтам, блогам. Праз тую ліпу бачылася высокае неба, а ў ім — воблакі, як казачныя гарады, замкі, храмы. Яны нагадвалі і нашых кароў, авечак, коз. Неба было вялізным экранам, праз які лёгка мроілася, хутка лёталася ў землі з райскімі птушкамі і рэкамі з кісельнымі берагамі.

Цяпер разумею, чаму так узнёсла марылася пад нашай ліпай. Побач жа стаялі таямніча-маўклівыя дубы-волаты, вечна шапатлівыя бярозы, асіны. Непадалёк — сенажаць з духмянымі зёлкамі і сажалкай з вёрткімі ўюнамі. У гэтай маляўнічай прасторы клекаталі буслы, шчабяталі сарокі, ціўкалі сініцы, чырыкалі вераб'і, заліваліся спевамі салаўі, кувалі зязюлі, дралі ноты дзеркачы, вухкалі дзікія галубы. Яны будзілі ў душы музыку, фантазію і шчымлівую прагу пазнаць свет за нашымі Шоўкавічамі, што спраўна і збылося за мае семдзесят пяць жыццёвых маяў.

* * *

Усё жыццё мару аб адным: сабраць бы на адну паляну ўсіх маёвых людзей. Разбілі б палаткі. А можа, збудавалі б горад Май і пачалі б па-вясноваму маяваць, дзяцей набываць, шчасце спажываць, на зайздрасць усім — раяваць.

Нашу ў сэрцы маёвага паэта, майго літаратурнага настаўніка, чарадзея Слова, заснавальніка «Вясёлкі» Васіля Вітку. Мудры, лагодны позірк. Усмешлівы, мілы твар. Ціхі, упэўнены голас. Асцярожная, як у маёй мамы, хада па зямлі. Каб не прымяць травінку, не патрывожыць птушку, не парушыць прыроднага суладдзя. Непрыкметна ішоў, а вышыню адолеў такую, з якой убачыла яго ўся Беларусь.

У маёй душы — маёвая сястра Люба. Пражыла ў азёрна-лясной Дабужы, як у лужы, каля ружы. У працы маялася, у горы качалася, потам мылася, мухаморам пякучым лячылася. Мужа, сына пахавала і сама тут звекавала.

У горад Май я запрасіў бы маёвага спевака Віктара Чарнабаева, жывапісца Пятра Янушкевіча, эстрадную зорку Тамару Раеўскую. Паэтаў Раю Баравікову, Уладзіміра Карызну, Сяргея Панізніка...

Каб можна было дагукацца да Неба, вярнуў бы адтуль у зямны райскі горад Май паэтаў Уладзіміра Жылку, Юрку Гаўрука, Алега Лойку, Алеся Петрашкевіча, Юрася Свірку, народную артыстку Стэфанію Станюту, майго земляка, празаіка Леаніда Гаўрылкіна, заслужанага педагога, незабыўную Вольгу Казлову, кампазітара Ігара Паліводу...

Уяўляеце, у горадзе Май жывуць усе, хто нарадзіўся ў маі. Кожны дзень імяніны, госці, падарункі. Як і задумваў Бог — штодзень свята!

* * *

У маі заўсёды задумваюся: што ёсць маё на гэтым свеце?

Галоўнае маё, дык гэта той міг жыцця, які падарыла мне Найвышэйшая Воля. Уключылі гадзіннік таго мігу мае залатыя бацькі — мама Марыя і бацька Сцяпан.

Яшчэ маё ўсё тое, што паспеў набыць за гэты міг: жонку, дзяцей і ўнукаў, сівізну і маршчыны, сяброў і зайздроснікаў, спаленыя і жывыя нервовыя клеткі, акуляры на носе і паліцу аўтарскіх кніжак, кватэру ў Мінску і домік на Лысай Гары, вясёлкавыя клопаты ў «Вясёлцы»...

За гэты міг быцця меў і страціў сто дваццаць сем родзічаў, землякоў, сяброў, аднадумцаў, спачувальнікаў.

Дзякуй Богу, не страціў надзею, веру і аптымізм. 3 хаценнем сустракаю кожны свежы дзянёчак. Ён, як секундная стрэлка, мосціць, вычэквае мне сцяжынку ў абяцаную Бібліяй вечнасць.

* * *

У маі — трыццаць адзін дзень. Месяц напоўнены вясновымі родамі, абнаўленнем зямлі, лесу, неба, вады. Шалеюць думкі ад досвітку да змяркання.

Май спраўляе спавядальны баль Вясне, падсумоўвае здабыткі адраджаемай прыроды.

Кожны дзень мая — памятны.

У першы дзень месяца — народзіны Святога Кузьмы. Сей буракі, моркву. Ёсць гарантыя, што іх не падточаць чарвякі. А ў нас, людзей, — чырвоная дата календара. Дзень Першамая гуляем, святкуем, дэманструемся.

Другога мая трэба маліцца за абаронцу ад зладзейства, прападобнага Іаана Ветхапяшчэрніка. А мы што робім? Ці не зладзеі мы ўсе, калі забываемся пра важную малітву?

У трэці дзень мая ўслаўляецца мучанік Гаўрыіл Беластоцкі. Жыў у 17-м стагоддзі. Трагічна загінуў дзіцем. Закатаваны суседзямі-зайздроснікамі. Прызнаны Гаўрыіл святым і лічыцца ахоўнікам дзяцей. 3 гродзенскага храма, дзе захоўваюцца мошчы мучаніка-дзіцяці я прывёз сваім унукам крыжыкі і іконкі з выяваю Святога Гаўрыіла. Гадуйцеся са святой душой!

Чацвёртага мая варта памаліцца Святому Проклу, ахоўніку ад нячыстай сілы: «Уратавальнік Нябесны, будзь наперадзі, а пашлі анёла-ахоўніка ззаду».

Кажа старое пісанне, што пятага мая трэба хадзіць басанож па зямлі, каб цэлы год не сустрэць змяі. А мы святкуем Дзень друку, таго самага друку, які джаліць нашу душу, свядомасць, розум самымі рознымі інтрыжкамі.

Шостага мая — мой Дзень і дзень Святога Юр'я.

Пасля народзінаў зязюля пачынае адлічваць дні і гады. А ці справядліва, што давяраемся гэтай бяздомніцы, бессаромніцы? Божухна пусціў нас у зямны рай, Яму і лічыць нашы дні і гады. Не забывайма, мы пад Божым наглядам у кожны міг жыцця і трэба ведаць яго пасланнікаў да нас.

Сёмага мая мусім маліцца за прападобную Елісавету, абаронцу ад розных хвароб.

Восьмага давайце ўспомнім Святога Марка, у якога ключы ад дажджу і спёкі.

Дзявятага мая — дзень Перамогі над цмокам дваццатага стагоддзя Гітлерам. У гонар свята цвітуць сады, распускаюцца цюльпаны. І продкі нашы ў гэты дзень прасілі Неба, каб бяда мінала іх.

Божа! Усе майскія дні і святочныя, і прыкметныя, і знакавыя. Умей толькі імі карыстацца і наталяцца. Тады пойдзе на здароўе цёплы майскі вецер, жывільны бярозавы сок. Тады будуць прыходзіць ноччу добрыя, прадказальныя сны.

Прамый вочы майскай расой.

Прымірыся з кім варагуеш.

Напіся майскага гаючага малака.

Абнаві кроў шчаўем і маладой крапівой.

Згатуй варэнне з дзьмухаўцоў, замацуй свае інтымныя пачуцці.

Майскія малітвы — абярэг ад п'яні: «Хмель і віно, адступіцеся ад раба Божага ў цёмны лес, дзе людзі не ходзяць, дзе змеі не поўзаюць».

У маі добра маліцца за дзяцей, сям'ю, каханне: «Каб былі адзін аднаму мілей за краснае сонца, святлей месяца, саладзей мёду, весялей салаўя, мацней лебядзінай вернасці».

Май просіць, каб усе маліліся за Зямлю: «Маці Божая, захавай зямельку, на якой родзіць хлебушка, па якой ходзім мы, падобныя на Сына Твайго. Амін».

* * *

На памяць прыходзяць словы, у якіх ёсць «май»: май-стар, май-стэрня. Дык, можа, гэта знак таго, што ўсе майскія абавязаны быць майстрамі сваёй справы, павінны мець сваю майстэрню?

Шмат людзей у сваім прозвішчы носяць «май». Хочацца верыць, што і біблейскі павадыр яўрэяў пісаўся праз «й» — Май-сей. У маі сей, у маі працаваць умей.

У беларусаў быў свой мудры яўрэй — Май-ман Сапамон. Жыў у васямнаццатым стагоддзі, паходзіў з Міра. Вывучаў побыт простых людзей Беларусі і Літвы. Сцвярджаў і верыў, што людзей злучае толькі адзін свет — свет свядомасці. Схіляў шапку перад матэматычнай логікай.

У беларускую энцыклапедыю ўвайшлі два лесаводы Май-сеенкі з Дубровенскага і Добрушскага раёнаў.

Героем Савецкага Саюза закончыў жыццё асіповіцкі хлопец, камандзір танка Барыс Май-стрэнка.

Насіў у прозвішчы майскі корань беларускі крытык і літаратуразнавец Сцяпан Май-хровіч. Яго слова пра Скарыну, Шамякіна, Брыля важкае і аб'ектыўнае па сённяшні дзень.

А што майскага меў Ма-май?

А чаму далёкі востраў Я-май-ка замаены?

Сяджу ў задуменні. І раптам у фортку майго летняга доміка ўляцеў майскі жук. Пакружыў, пагудзеў па пакоі і прызямліўся на маім пісьмовым стале. Здарова, браце!

Прывітанне, майскі госць! Давай паразважаем разам, што ёсць на Зямлі майскага. І чым яно адметнае?..

* * *

Семдзесят пяць маяў адмаяваў на гаротнай і трывожнай зямлі.

За другім маем мяне дагнала вайна. Відаць, добра памаяліся мае бацькі са мною. Толькі гаварыць навучыўся, а тут — гаварыць рызыкоўна. Казалі, у Шоўкавічы папераменна прыходзілі то партызаны, то паліцаі, то немцы. 3 кім можна праўдзіва пагаварыць, як гэта ўмеюць Дзеці?

На трэцім маі згарэла наша хата. Усю вёску спалілі карнікі. Згарэлі мае цацкі. Аднялі ворагі цёплую печ і каровіна малако. Аднаму Богу вядома, як ратавалі ваенным ліхалецем нас, малых.

Пасля сёмага мая адправілі мяне ў лапціках у школу. Аляксандра Лявонаўна Радкевіч навучыла засвоіць азбуку і табліцу памнажэння.

На трынаццатым маі плакаў, калі памёр Сталін. Сказалі, зайшло наша сонца. І я паверыў, што будзе вечнае зацменне. Аж, дзякуй Богу, свет не перакуліўся над нашымі Шоўкавічамі.

За сямнаццатым маем я пакінуў бацькоўскі парог. Аказалася, назаўжды. Наведваў яго рэдка: быў на залатым вяселлі маіх святых бацькоў, прывозіў паказаць жонку Ніну і сына Ігара, румзаў на пахаванні мамы, таты, сясцёр Ліды, Клавы, братоў Пятра, Колі. Душа мая часта-часта залятае ў балотна-камарыныя, арэхава-грыбныя, ягадна-лясістыя, кветкава-лугавыя Шоўкавічы. Аб'ехаўшы свет, сведчу: лепшай мясціны, чым мае Шоўкавічы, няма на ўсёй планеце.

На дваццаць першым маі мог бы ўтапіцца ў рэчцы Уша, каб не сусед Косця, з якім лавілі рыбу. Выцягнуў мяне з кручы, адвёз у бальніцу. Праз дзень Ніна нарадзіла нашага першынца Ігара. У той жа гарадзейскай бальніцы, у якой ратавалі мяне...

Шмат памятных маяў у маім зямным жыцці. У кожнага чалавека, паверыў, яны свае, адметныя і непаўторныя. Яны ўсе зараней вызначаны лёсам. Іх рызыкоўна будаваць па загадзя намаляваных чарцяжах. Давайце слухацца Бога, спадзявацца, верыць і ў добрым кірунку раскручваць свае розум, мускулы, душу.

* * *

Калі паверыць, што кожны чалавек — асобная кніга, то якога жанру мая маёвая кніга жыцця?

Раман?

Можа быць! Сюжэт рамантычны і пакутны, як з шоўкаўскіх балот шукаў шляхі ў вялікі свет, да верных сяброў, да адукацыі кніжнай і народнай, да любові трапяткой і ўзвышанай.

Драма?

А што, відавочна ўжо цяпер, што мой зямны лёс мог абарвацца ў вайну, калі партызанскі лекар у лесе рабіў мне аперацыю. У пятым класе мог бы застацца без правай нагі. Гулялі ў лесе, і я, мядзведзь, скочыў з дуба на павуцінне каранёў. Выратавалі мазырскія дактары ў абласной бальніцы. Драмай магла б закончыцца рыбалка на рацэ Уша і на Нарачы. Драматычным быў бы мой лёс, каб бацьку засудзілі пасля вайны. Гэта ж добра, што ён не растраціў сумленне ў гады ліхалецця, захаваў яго чыстым. І добра, што знайшліся смелыя людзі, якія заступіліся, абаранілі яго чалавечы гонар. А значыць, і мой. Праношу па жыцці светлы вобраз аднаго з тых заступнікаў, камандзіра партызанскага атрада імя Катоўскага Мікалая Аляксандравіча Труснова.

Камедыя?

Камічнага ў маім жыцці шмат. А хаця б тое, што мне ўдалося адкрыць для фестываляў гумару вёскі Малыя і Вялікія Аўцюкі. Мне падфарціла запусціць у народную камедыю Каласка і Калінку і вывесці іх на арбіту ўсенароднага прызнання.

А можа, маё жыццё — салідная дзіцячая кніга? Сюжэт просты: хлопчык, у якога вайна адабрала дзяцінства, шукае і знаходзіць казачнае дзіцячае царства пад назвай «Вясёлка» і ўзнёсла творыць там больш за трыццаць сем гадоў свядомага жыцця.

Не, маё жыццё на Зямлі — гістарычная аповесць. Я ў мінулым жыцці быў у Новай Зеландыі. Цяпер каторы год разгадваю загадку: чаму я апынуўся ў такой далечы і як аказаўся на Палессі, у балотнай, непрыкметнай вёсачцы Шоўкавічы?

Ды не, маё жыццё — паэма. Хай назва ў яе будзе — «Цялец». 3 цяльцовай упартасцю шукаю лірыкі ў віры зямных трывог, падману, нявернасці.

Божа, дай сілы і часу прыстойна дапісаць сваю кнігу жыцця ў зямным, непаўторным раі.

* * *

Стаю пад зорным парасонам ночы, і, здаецца, увесь сусвет азірае мяне, прасвечвае з усіх бакоў. І апаноўвае шалёная думка, што мяне раглядваюць на касмічным камп'ютары. На ім відаць не толькі ўсе мае часткі цела, а нехта чытае мае думкі, адчувае рытм сэрца, праслухвае нервы. От, называецца, выйшаў падыхаць свежым паветрам, пацешыцца ноччу. Адчуваю сябе аголеным электрычным дротам. Не чапайце мяне. Не трывожце. Не ўздумайце гнуць, браць, красці, бо пачну кусацца.

Такім аголеным, чуллівым, ранімым нарадзіла Мама Марыя. Строгасць, прынцыповасць — ад бацькі Сцяпана. Ад шоўкаўцаў — дабрыня і цярплівасць. Ад нашых дубоў — моц і нетаропкасць. Ад квятастых сенажацяў — вясёлкавы позірк на свет.

Божа, пад зорным небам я выйшоў на сайт свайго жыцця. Націскаю кнопкі Дзяцінства, Юнацтва, Сталасці, і мне зусім не сорамна. Дык гэта ж і ёсць Божая ўзнагарода!

Вяртаюся ў аранжавую хатку. Грэюся цяплом новага адкрыцця. Прашу аднаго: «Божа, дай заўтрашні дзянёк, дазволь напоўніць яго новымі пачуццямі!»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.