Вы тут

Вечарам усё толькі пачынаецца


Музей як цэнтр усеагульнага свята

Наша краіна з нязменным энтузіязмам далучаецца да міжнароднай акцыі «Ноч музеяў» і ўжо сёння, 16 мая, адпаведныя культурныя ўстановы прадэманструюць наведвальнікам свой патэнцыял і, дарэчы, схаваныя ў запасніках вачэй багацці. Кажуць, што ў беларускіх музеях выстаўлена толькі сем працэнтаў экспанатаў. Але сёння асаблівы выпадак і нешта з астатніх дзевяноста трох сябе пакажа. Штогадовая акцыя ператварае музеі з нечага акадэмічнага, дзе можна размаўляць толькі шэптам і ўздыхаць па «грандыёзнай прастаце адмаўлення» мазкоў на палатне, у месцы для тусоўкі, што здольны аб'яднаць усе пакаленні. Прадстаўляем кропкі канцэнтрацыі энергіі, да якіх сёння вечарам варта далучыцца асабіста.

[caption id="attachment_83807" align="alignnone" width="500"]Пра Чарль­за Чап­лі­на  мож­на да­знац­ца ў гро­дзен­скім гіс­то­ры­ка-ар­хеа­ла­гіч­ным му­зеі. Пра Чарль­за Чап­лі­на
мож­на да­знац­ца ў гро­дзен­скім гіс­то­ры­ка-ар­хеа­ла­гіч­ным му­зеі.[/caption]

Нацыянальны мастацкі музей ладзіць «Ціхую ноч», што не аднімае насычанасці праграмы. Тут можна наведаць «Пакой, які шапоча» ці «Пакой, поўны цішыні», зразумець для сябе слова «цішыня» дзякуючы інтэрактыўнай праграме, пачуць музычнае ўвасабленне цішыні, сустрэцца з Князем цішыні — цэлы маўклівы свет, які наўрад ці такім насамрэч будзе, бо цішыня — паняцце адноснае. Хто зазірне ў музей, убачыць і выстаўку «Вынаходкі да Вінчы», калекцыю «ПоСтулат» ад Беларускага саюза дызайнераў — творы дызайнераў і мастакоў на тэму звычайнай, але неабходнай рэчы нашага быту — крэсла. Будуць паказаны кароткаметражныя нямыя фільмы пачатку XX стагоддзя з фонду Музея гісторыі беларускага кіно — зноў-такі рэверанс у бок цішыні. Мы яшчэ не пералічылі і паловы мерапрыемстваў праграмы, а тым часам папярэджваем, што колькасць білетаў абмежавана.

Цэнтр сучасных мастацтваў кінуўся ў сцімпанк — навуковую фантастыку, накіраваную на тэхнічную рэвалюцыю, механізаванне жыцця і стылізаваную пад Віктарыянскую эпоху. На Някрасава, 3 адкрыецца выстава «Сцімпанк і іншыя дзеючыя асобы», у якой удзельнічаюць скульптура Валянціна Борздага, габелены Марыі Барысенкі, арт-аб'екты Таццяны Гомзы і Дзмітрыя Сурскага, фатаграфія Вадзіма Качана і Андрэя Шчукіна, жывапіс Ганны Сілівончык і іншае — усё ў тэме. Музыканты, жывыя скульптуры, механічная дзяўчына і іншыя ўдзельнікі вечара абапіраюцца на сцімпанк.

Нацыянальны гістарычны музей раздзяліў сваю праграму на дзве — унутры будынка праходзіць адразу тры каштоўныя выставы. Гэта «Сальвадор Далі & Пабла Пікаса», якая змяшчае трыццаць керамік Пікаса і кераміку, графіку, скульптуру Далі. Праз «Тайны і казкі Японіі» наведвальнік дакранецца да далёкай усходняй культуры і міфалогіі, атрымае магчымасць апрануць кімано. Выстава «70-годдзю Вялікай Перамогі прысвячаецца», зладжаная сумесна з Дзяржаўным музеем гісторыі Санкт-Пецярбурга, перадае моцны дух чалавека ў абставінах вайны. Другая частка праграмы — кірмаш майстроў «Вечаровы яблычак» — адбудзецца ў дворыку музея. Тут пройдуць майстар-класы па танцах і гульні на барабанах, канцэрты музычных гуртоў.

Музей Петруся Броўкі бярэ кірунак на фатаграфію, этнічныя імправізацыі і экспанаты з фонду музея, якіх няма ў пастаяннай экспазіцыі. У канцэпцыі свята — жаданне зрабіць своеасаблівы зрэз сучаснай гарадской культуры сталіцы і адлюстраваць чалавека як частку гарадской прасторы. Беларускую паэтычную класіку прачытаюць арганізатары, намінанты, лаўрэаты літаратурнай прэміі Ежы Гедройца, а кароткаметражныя фільмы пакажа фестываль Cіnema Perpetuum Mobіle.

Праграма Музея Заіра Азгура скіравана на кіно і сапраўды разлічана на ўсю ноч. Свята «Код «Параджанаў» робіць знакамітага рэжысёра цэнтральнай фігурай ночы і раздзяляе праграму на некалькі пляцовак і паняццяў — асамбляж, безразважнасць, элітарнасць, містыфікацыя, стыль. Тут будуць паказаны ўласна фільмы Сяргея Параджанава — «Цені забытых продкаў», «Колер граната», «Легенда аб Сурамской крэпасці» і іншыя, біяграфічны фільм «Параджанаў», зняты ў 2013 годзе Сержам Аведзікянам і Аленай Фяцісавай, і карціны, якія, на думку арганізатараў, падпадаюць пад стылістыку класіка. Гэта «Апошняя казка Рыты» Рэнаты Ліцвінавай, «Фантан» Дарэна Аранофскі, «Выжывуць толькі палюбоўнікі» Джыма Джармуша.

Музей гісторыі беларускага кіно, у якім працягваецца выстава самагону, прапануе спевы, гульні і танцы пад дэгустацыю таго самага лятучага, гаручага, празрыстага — так, маўляў, можна трапіць у сапраўдную старасвецкую карчму.

Шыкоўная праграма ладзіцца ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі — гэта ноч у стылі чорна-белага кіно. Гасцей просяць апранацца па дрэс-кодзе — панчохі ў сетачку, футра і доўгія вячэрнія сукенкі, мудрагелістыя галаўныя ўборы і ўпрыгажэнні. Гэты бліскучы час — 1920-30-я гады — гламур, бурлеск, галівудскае кіно, шумныя вечарыны можна спазнаць праз самую атмасферу (калі трымацца дрэс-коду). Да таго ж, тут можна дазнацца пра зорак тагачаснага кіно, убачыць урыўкі з нямых чорна-белых фільмаў, пагуляць у Мафію і Манаполію, пабачыць дэфіле мадэляў апранутых у стылі таго часу, і іншае.

Рамантычны ўхіл робіць Арт-цэнтр Марка Шагала ў Віцебску і арганізуе праграму «Паралельныя сусветы». Падчас вечара будуць гучаць вершы «сярэбранага веку», жывая музыка і танцы часу, калі Марк Шагал і Бэла Розэнфельд кахалі адно аднаго. Абласны краязнаўчы музей у Віцебску ладзіць прэзентацыю Ратушы, якой у гэтым годзе спаўняецца 240 гадоў. Гульні, тэатралізаваныя прадстаўленні, віктарыны, майстар-класы і іншае пройдзе на гістарычным месцы. Дарэчы, у Ратушы знаходзіцца адзін з найстарэйшых у краіне музеяў, багацце якога налічвае каля 205 тысяч экспанатаў.

У Брэсце «Ноч музеяў» адзначыць абласны краязнаўчы музей, дзе адбудзецца «Музейная бяссонніца на Мядовай», і ўсе яго філіялы. Тут можна будзе навучыцца танцаваць вальс і танга, пісаць кірыліцай, маляваць хной. Асобная праграма прадугледжана для дзяцей.

Джаз, блюз і этнамузыка будзе гучаць на святкаванні ў гомельскай карціннай галерэі Вашчанкі. Арганізатары абяцаюць таксама сустрэчу з гістарычнымі персанажамі — Моцартам і Сальеры, Аляксандрам Пушкіным, Наталляй Ганчаровай, Дантэсам і іншымі.

Сёння ж абласны краязнаўчы музей імя Раманава прываблівае аматараў гісторыі тэматычнымі гульнямі і віктарынамі, майстар-класамі, падарожжам на некалькі метраў углыб, дзе ў падвале адбудзецца стылізаванае старадаўняе курганнае пахаванне. Музей этнаграфіі адкрые дваранскую гасцёўню з фартэпіяннай музыкай, выступленнем яўрэйскага тэатра і канцэртам бардаўскай музыкі.

Можна выбраць адно месца для суботняга адпачынку, а можна наведаць некалькі музеяў і ўбачыць іх у новым святле.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.