Вы тут

Рэальны Шамякін


Упершыню яго спадчына сабраная ў 23-х тамах

«Гэта ўсё можна чытаць», — сказала я сабе, узгадаўшы свае падлеткавыя гады, калі галоўным клопатам было знайсці цікавую кнігу. Кнігі ў асноўным знаходзіліся дома: дзякуй бацькам, яны не праходзілі міма адзінай у райцэнтры кнігарні, калі туды прывозілі новыя кнігі. Куплялі тое, што было на слыху. А на слыху тады былі новыя творы беларускіх пісьменнікаў, якія выдаваліся, траплялі ў крамы і там вельмі хутка раскупляліся, між іншым, з чэргамі, як усё тады. А паколькі раманы Шамякіна былі, як бы цяпер сказалі, «у трэндзе», я іх чытала па меры з'яўлення ў нас дома. Нават тады, калі выходзіў фільм паводле кнігі і можна было ім абмежавацца, наадварот, хацелася чытаць арыгінал — для параўнання. Для 14-15 гадоў гэта было так захапляльна: заўсёды закручаны сюжэт (нават калі і пра вайну, то як яна ламае ці злучае лёсы людзей), прабірала ажно
да слёз дзявочую душу. А яшчэ абавязкова былі такія добрыя, правільныя галоўныя героі, з гонарам і сумленнем. І галоўнае: справядлівасць, якая ўсё адно сцвярджаецца для ўсіх — ці то для асобных людзей, ці то для народаў і краін.

З'яўленне 23-томнага выдання аднаго з самых папулярных беларускіх пісьменнікаў савецкага часу таксама можна лічыць праявай справядлівасці, асабліва калі ўлічыць, колькі напісана: 13 раманаў, 26 аповесцей, 84 апавяданні. Але ж ёсць яшчэ дзённікі, успаміны, лісты — словы, напісаныя народным пісьменнікам Беларусі. Вось тады, калі я зачытвалася Шамякіным, мяне вельмі хвалявала, што піша гэты чалавек для сябе, а не для іншых, які ён у тых словах, што не прызначаныя шырокаму чытачу. Можа, наіўныя пытанні, таму што пісьменнік, што б ён ні пісаў, піша не толькі для сябе. І вось цяпер гэта можна чытаць, таму што ў збор твораў у 23 тамах увайшлі не толькі мастацкія творы. Гэтым новы збор твораў Івана Шамякіна адрозніваецца ад папярэдніх трох, якія выходзілі (ці пачыналіся) пры яго жыцці. Напрыклад, апошні выдаваўся ў 8 тамах — з 2003 па 2007 год.

У новы збор, які з'явіўся ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», увайшлі творы, што не друкаваліся нідзе, ці толькі ў перыядычных выданнях. Тут і драматургія і публіцыстыка, мемуары і эпісталярная спадчына. Што асабліва істотна: з каментарыямі даследчыкаў, якія тлумачаць сэнс, гістарычны кантэкст (а Шамякіна немагчыма аддзяліць ад часу, які ён адлюстроўваў), мастацкую асаблівасць творчасці пісьменніка. І так у кожным томе. Інфармуецца, калі тэкст быў напісаны, дзе быў упершыню надрукаваны і шмат іншых нюансаў для асабліва зацікаўленых асоб. А такімі могуць быць як звычайныя чытачы, якія жадаюць лепш зразумець пісьменніка, так і асобы, засяроджаныя на вывучэнні беларускай літаратуры. Напрыканцы кожнага тома ёсць пасляслоўі, створаныя літаратуразнаўцамі, даследчыкамі гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. Пра гэта паклапаціліся ў філіяле «Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Адзін з самых аўтарытэтных даследчыкаў член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук Міхась Мушынскі папрацаваў над «Летапісам жыцця і творчасці», які змешчаны ў 23-м томе збору. Але далучаліся і навукоўцы з БДУ і Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова.

Прэзентацыя выдання адбылася ў гэтыя майскія дні — у гонар 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Іван Шамякін з тых пісьменнікаў, якія яе прайшлі. А яна прайшла праз іх свядомасць, памяць прымушала пісаць, расказваць, узнаўляць, праз ваенную праўду вымяраць мірны час. Ваенная праўда таксама была рознай: франтавая, партызанская, праўда жыцця ў акупацыі... Таму і розныя ў нас пісьменнікі, якія пісалі пра вайну. Пісалі па-рознаму. Шамякіна заўважылі з першага ж рамана «Глыбокая плынь» і адзначылі Дзяржаўнай прэміяй СССР у 1951 годзе. Былі літаратурныя прэміі беларускія — за раманы «Сэрца на далоні», серыю з пяці раманаў «Трывожнае шчасце». Дзяржаўнай прэміяй БССР быў адзначаны фільм «Вазьму твой боль» паводле рамана Івана Шамякіна.

Багацце кніг пісьменніка прадстаўлена ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя
Я. Коласа на выставе «Я — не фантаст, я рэаліст». Сам аўтар сказаў так пра сябе.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.