Вы тут

Банкам давалі час падумаць


Нацыянальны банк прыняў рашэнне аб прыпыненні да 17 верасня 2015 года дзеяння спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) закрытага акцыянернага таварыства «Норд Еўрапеан Банк» («Н.Е.Б. Банк») на ажыццяўленне асобных банкаўскіх аперацый. Дадзенае рашэнне прынята з той жа прычыны, што і ў выпадку з Еўрабанкам, — у сувязі з невыкананнем ліцэнзійных патрабаванняў да велічыні нарматыўнага капіталу, нявызначанасцю перспектыў па яго нарошчванні, невыкананнем іншых ліцэнзійных патрабаванняў, устаноўленых Банкаўскім кодэксам.

Нагадаем, што на мінулым тыдні яшчэ ў двух банкаў (ІнтэрПэйБанк і БІТ-Банк) былі адкліканы ліцэнзіі. Яшчэ раней была адклікана ліцэнзія ЗАТ «Дэльта Банк». Відаць, што цярпенне рэгулятара скончылася. Як тлумачаць ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў Нацбанка, «з мэтамі паляпшэння канкурэнтаздольнасці беларускіх банкаў, пашырэння іх магчымасцей па аказанні крэдытнай падтрымкі беларускай эканоміцы, павышэння надзейнасці і ўстойлівасці функцыянавання банкаўскага сектара ў маі
2012 года было прынята рашэнне аб павелічэнні значэння мінімальнага памеру нарматыўнага капіталу банкаў да сумы, эквівалентнай 25 млн еўра». Для банкаў, узровень нарматыўнага капіталу якіх на момант унясення змяненняў не адпавядаў новым патрабаванням, быў прадугледжаны пераходны перыяд: павелічэнне нарматыўнага капіталу з 1 студзеня 2014 года да 15 млн еўра, з 1 студзеня
2015-га — да 25 млн еўра. Устаноўленыя патрабаванні па мінімальным памеры капіталу былі выкананы большасцю банкаў.

Тым, хто падаў у Нацыянальны банк рэалістычныя планы па ліквідацыі ў найбліжэйшы час дапушчанага парушэння (Трастбанк, БТА Банк і Банк ББМБ), быў дадзены дадатковы час для рэалізацыі запланаваных мерапрыемстваў. У дачыненні да банкаў, якія не падалі пераканаўчых планаў па нарошчванні нарматыўнага капіталу (ІнтэрПэйБанк, БІТ-Банк, Н.Е.Б. Банк і Еўрабанк), у студзені 2015 года былі прыняты рашэнні аб прыпыненні дзеяння ліцэнзій на ажыццяўленне асобных аперацый.

«Адначасова ўласнікам гэтых банкаў прапанавалі разгледзець пытанне аб пераўтварэнні банка ў нябанкаўскую крэдытна-фінансавую арганізацыю. Патрабаванні да мінімальнага памеру нарматыўнага капіталу нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый дыферэнцыраваны ў залежнасці ад рызыкоўнасці банкаўскіх аперацый, якія ажыццяўляюцца імі, і ўстаноўлены на ўзроўні 1 і 5 млн еўра, што значна ніжэй за аналагічныя патрабаванні, устаноўленыя для банкаў».

У маі, з улікам аналізу рашэнняў, прынятых уласнікамі названых банкаў, і зыходзячы з ацэнкі рэальнасці далейшых перспектыў выканання імі ўстаноўленых патрабаванняў да мінімальнага памеру нарматыўнага капіталу, Праўленне Нацбанка прыняло рашэнні аб дадатковым абмежаванні ліцэнзійных паўнамоцтваў Еўрабанка і Н .Е.Б. Банка і адкліканні ліцэнзій у ІнтэрПэйБанка і БІТ-Банка. Такія захады накіраваны на ўмацаванне банкаўскай сістэмы і яе бяспечнае функцыянаванне. «Увогуле, стабільнасць банкаў і іх здольнасць належным чынам праводзіць плацяжы і выконваць свае абавязацельствы перад крэдыторамі і фундатарамі не выклікае боязі», — гавораць у Нацбанку.

Дарэчы, прыпыненне дзеяння ліцэнзіі Н.Е.Б. Банка не прывядзе да датэрміновага выканання абавязацельстваў па заключаных дагаворах. Усе абавязацельствы будуць выконвацца ў адпаведнасці з раней заключанымі дагаворамі. Пры гэтым банку забараняецца заключаць новыя дагаворы і перазаключаць на новы тэрмін раней заключаныя дагаворы, выкананне абавязацельстваў па якіх звязана з ажыццяўленнем банкаўскай аперацыі, у частцы ажыццяўлення якой дзеянне ліцэнзіі прыпынена.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.