Вы тут

Тэорыя выпраўлення


Парламентарыі наведалі месцы пазбаўлення волі

Падчас 7-й вясновай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу дэпутаты прынялі ў першым чытанні закон «Аб парадку і ўмовах утрымання асоб пад вартай».

Перш, чым разгледзець яго ў другі  раз, дэпутацкі корпус завітаў у «Турму №8» у горадзе Жодзіне. У ёй знаходзяцца каля 1620 чалавек усіх узростаў, у тым ліку і пажыццёва асуджаныя. Зразумела, уражанне ад наведвання ўстановы застаецца моцнае. Так, дэпутаты, ходзячы па калідорах турмы, мелі магчымасць зазірнуць праз вочка ўнутр камер. Там — нары, стол, санвузел, падстаўка пад тэлевізар і часам сам тэлевізар (яго могуць перадаць родныя). У пакоі ад 2 і болей чалавек. Яны ходзяць з аднаго канца камеры ў другі ці сядзяць і ціха гутараць. Па вялікім рахунку, адзінае, што яны могуць рабіць, — гэта глядзець тэлевізар, пісаць ці чытаць. Першаму аддаецца безумоўная перавага.

Дэпутаты на працягу ўсяго наведвання закідваюць пытаннямі «экскурсавода», намесніка кіраўніка папраўчай установы «Турма №8» па арганізацыі рэжымных мерапрыемстваў з асуджанымі да пажыццёвага зняволення МУС Беларусі Дзмітрыя Савацімава: «Як зняволеныя харчуюцца? Колькі на іх выдаткуецца грошай? Як фінансуецца турма?» На што ён адказвае, што тут заўжды прытрымліваюцца штодзённага каларажу (колькасці калорый, якую павінен ужыць чалавек). У месяц выдаткуецца каля 550 тысяч рублёў на ежу, а ў сярэднім на кожнага — каля 4 мільёнаў з улікам зарплаты супрацоўнікаў турмы. Усе грошы бюджэтныя. Хаця на тэрыторыі турмы ёсць 3 камеры, у якіх асуджаныя вырабляюць прадукцыю шляхам ручной зборкі. Але гэтая праца нізкааплатная і значнага прыбытку не прыносіць. Хутчэй выступае як спосаб заняць зняволеных работай.

У «Папраўчай калоніі №14» умовы менш жорсткія, і абсалютная большасць са зняволеных (98%) працуе. Тут знаходзіцца каля 1800 чалавек, якія здзейснілі злачынства не ў першы раз. Месца зняволення нагадвае магутны завод. Толькі ўмовы пражывання ў інтэрнатах тут зусім іншыя. У калоніі робяць глушыцелі для мінскіх трактароў, радыятары для іх жа і для БелАЗаў. А таксама каваныя лаўкі, арэлі, крэслы, драўляную мэблю ды шмат чаго іншага. Лічыцца, што праца дапамагае выпраўляцца злачынцам і паступова сацыялізавацца.

Наведванне месцаў зняволення скіравана перш за ўсё на тое, каб парламентарыі пазнаёміліся з умовамі пражывання асуджаных:

— Заканатворчая дзейнасць дэпутатаў звязана з усімі сферамі жыцця, у тым ліку і з той, якая знаходзіцца за калючым дротам, — кажа Зінаіда Мандроўская, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях. — Зразумела, кожны злачынец павінен быць пакараны. Але, калі ён становіцца асуджаным, ён усё адно застаецца чалавекам.
У яго ёсць права знаходзіцца ў прыстойных умовах і права выправіцца. І гэта павінна выконвацца.

Зінаіда Міхайлаўна нагадвае, што законапраект «Аб парадку і ўмовах утрымання асоб пад вартай» знаходзіцца на разглядзе ў Палаце прадстаўнікоў і ў найбліжэйшы час будзе прымацца ў другім чытанні. «Для таго, каб дакладна адлюстраваць усе тонкасці гэтай сферы ў законе і прыняць правільнае рашэнне, дэпутатам трэба ведаць і прычыны, чаму сюды людзі трапляюць і чаму вяртаюцца, якія ў іх умовы жыцця».

Папраўкі, пра якія ідзе размова, з аднаго боку прадугледжваюць максімальна бяспечныя ўмовы працы для супрацоўнікаў месцаў пазбаўлення волі, а з іншага — паляпшэнне матэрыяльна-побытавага забеспячэння грамадзян, якія ўтрымліваюцца пад вартай. Напрыклад ёсць прапанова дазволіць у камерах выкарыстоўваць халадзільнікі. Але змяненні яшчэ абмяркоўваюцца і ўдакладняюцца.

— Законапраект у першую чаргу накіраваны на тое, каб законы былі больш гуманныя ў адносінах да тых людзей, якія знаходзяцца тут. Гуманнасць паказвае ўзровень цывілізаванасці грамадства, — падкрэслівае
Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Вераніка ПУСТАВІТ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.