Вы тут

Каштоўны камень на шаўковым шляху


На гэтым тыдні завяршыўся гістарычны візіт Старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў Беларусь, па выніках якога партфель беларуска-кітайскіх дамоўленасцей склаў суму ў 18 млрд долараў. Трохдзённы візіт пацвердзіў сапраўдны характар усебаковага стратэгічнага партнёрства паміж Кітаем і Беларуссю, якое фармальна было дасягнута яшчэ ў 2013 годзе. Як падкрэсліў беларускі Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, той факт, што сюды прыехалі сотні бізнесменаў разам са Старшынёй КНР, — «вялікі знак для нашай краіны, і мы павінны ім скарыстацца».

Па выніках афіцыйных перамоў Аляксандра Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна ў Мінску лідарамі дзвюх дзяржаў быў падпісаны Дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і КНР. У дакуменце, у прыватнасці, адзначаецца, што паглыбленне дружалюбных сувязяў і ўмацаванне прававой асновы адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства паміж Беларуссю і Кітаем суадносяцца з інтарэсамі дзвюх дзяржаў і народаў, адпавядаюць рэальным патрэбам сучаснага развіцця двухбаковых адносін і спрыяюць падтрыманню міру, бяспекі, стабільнасці ў рэгіёне Еўразіі. Аспект бяспекі і стабільнасці асабліва важны ў кантэксце ўкраінскага крызісу, які ўнёс істотныя карэктывы ў кітайскія планы рэалізацыі эканамічнага пояса Вялікага шаўковага шляху ва Усходняй Еўропе, дзе Украіна, мяркуючы па колькасці і маштабе сумесных праектаў, разглядалася як адно з яго цэнтральных звёнаў.

Таксама Беларусь і Кітай на аснове ўзаемнай выгады і агульнай карысці дамовіліся сумесна прасоўваць стварэнне эканамічнага пояса Вялікага шаўковага шляху і пашыраць супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, фінансавай, інвестыцыйнай, навукова-тэхнічнай, энергетычнай, касмічнай, транспартнай, інфармацыйна-тэхналагічнай, сельскагаспадарчай, гуманітарнай і іншых сферах.

Уласна кажучы, удзел Беларусі ў эканамічным поясе і быў галоўным пунктам парадку дня беларуска-кітайскіх перамоў. Паводле слоў Старшыні КНР, Беларусь, знаходзячыся ў цэнтры Еўропы, валодае ўнікальнымі перавагамі для развіцця эканамічнага пояса. Кітай гатовы далучыць Беларусь да разнастайных праграм крэдытна-фінансавага супрацоўніцтва, у тым ліку да Фонду Шаўковага шляху з мэтай фінансавання сумесных праектаў.

Шматмільярдныя крэдытныя лініі, якія Кітай паабяцаў вылучыць Беларусі, будуць накіраваны на мадэрнізацыю беларускіх прамысловых прадпрыемстваў, стварэнне сумесных высокатэхналагічных вытворчасцей, рэалізацыю інфраструктурных праектаў, развіццё беларускага малога і сярэдняга бізнесу, што ў канчатковым выніку павінна рэфармаваць беларускую эканоміку і дазволіць стварыць больш спрыяльны бізнес-клімат не толькі для кітайскіх кампаній.

У гэтым кантэксце перспектыўнай ідэяй з'яўляецца далучэнне Беларусі да нядаўна створанага Кітаем Азіяцкага банка інфраструктурных інвестыцый, мэтай якога таксама з'яўляецца фінансаванне праектаў эканамічнага пояса і марскога шляху. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь падтрымлівае вылучаныя Сі Цзіньпінам канцэпцыі «Эканамічны пояс Шаўковага шляху» і «Марскі шаўковы шлях ХХІ стагоддзя» і спадзяецца ператварыцца ў вузлавую платформу рэалізацыі гэтых праектаў. Нездарма ў рамках дзяржаўнага візіту Старшыні КНР было абвешчана, што кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» з'яўляецца жамчужынай кітайскай канцэпцыі «Пояс і шлях». Таму варта чакаць, што менавіта «Вялікі камень» у сярэднетэрміновай перспектыве будзе асноўным праектам кітайска-беларускага супрацоўніцтваа.

Беларусь са сваёй развітай чыгуначнай, аўтамабільнай інфраструктурай, а таксама невялікай аддаленасцю ад прыбалтыйскіх і чарнаморскіх партоў гатова забяспечваць транзіт. Сёння для гэтага існуюць усе неабходныя геапалітычныя падставы, засталося толькі правільна і эфектыўна імі скарыстацца.

Арсен Сівіцкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ва ўсім вінаваты... заяц. Як не падхапіць інфекцыю на прыродзе і падчас сельгасработ

Ва ўсім вінаваты... заяц. Як не падхапіць інфекцыю на прыродзе і падчас сельгасработ

Выпадак захворвання тулярэміяй зарэгістраваны ў чэрвені.