Вы тут

«На чэмпіянаце свету гублялі нават дзяцей»


Супрацоўніца міліцыі ўзгадала, як забяспечваўся парадак на «Мінск-Арэне» падчас леташняга першынства свету па хакеі

Год таму вялікі хакей у Мінску толькі набіраў абароты, а ў Чэхіі сёлетняе першынство ўжо падыходзіць да свайго фіналу. Увага на матчах скіравана не толькі на лядовыя баталіі, але і на бяспеку. І гэта цалкам зразумела. Перад пачаткам спаборніцтваў на радзіме Гашака чакалі наплыву 650 000 балельшчыкаў. Як прызналася Маркета Стэрбава, кіраўнік арганізацыйнага камітэта, «мы не хочам вырашаць праблемы, мы хочам папярэджваць іх». Менавіта таму агляд гледачоў праводзяць даволі пільна, вярнуліся на сваё месца так званыя рамкі бяспекі, якія прыбралі раней. У сваю чаргу «Звязда» з дапамогай Таццяны АБОЗНАЙ, прэс-афіцэра Цэнтральнага РУУС сталіцы, вырашыла ўзгадаць, як забяспечвалася бяспека падчас чэмпіянату-2014 на галоўнай арэне беларускай сталіцы.

16-21

— Нягледзячы на тое, што баталіі завяршыліся год таму, у мяне і да гэтага часу захаваліся ад чэмпіянату яркія ўражанні і эмоцыі. Ён стаў адной з самых цікавых падзей у маім жыцці, — кажа суразмоўца. — Падрыхтоўка да яго вялася, зразумела, на самым высокім узроўні. Нас трэніравалі, як дзейнічаць у выпадку надзвычайнай сітуацыі, правільна праводзіць агляд, аказваць медыцынскую дапамогу. А добра кантактаваць з балельшчыкамі дазваляла тое, што міліцыянеры нашага ўпраўлення прайшлі трохмесячныя курсы англійскай мовы на базе гімназіі №29 у Надзеі Курулёвай. Моўных бар'ераў мы не адчувалі. Ахову правапарадку на лядовай арэне забяспечвалі не толькі супрацоўнікі нашага ўпраўлення ўнутраных спраў, але і калегі з розных рэгіёнаў краіны. Міліцыянераў было шмат, аднак гэта асабліва ў вочы не кідалася.

— А з якімі пытаннямі звярталіся да вас замежнікі?

— Пыталіся, як прайсці на трыбуну, у кавярню, у сувенірную краму, шукалі дарогу да зоны гасціннасці. Большасць пытанняў тычылася арыенціроўкі на мясцовасці. Людзей на «Мінск-Арэне» заўжды было шмат. А таму балельшчыкі пастаянна нешта гублялі. Са сваімі праблемамі яны таксама спяшаліся да праваахоўнікаў. Для страчаных рэчаў у нас было адведзена асобнае памяшканне. І ўсё, што знаходзілі, вярталі гаспадарам.

— Што найчасцей пакідалі заўзятары?

— Гублялі ўсё, што заўгодна: мабільныя тэлефоны, фотакамеры, дакументы, сувеніры, кашалькі... Неяк каля Палаца спорту адпачывала кампанія фанатаў з Латвіі. Пасля адзін з хлопцаў заўважыў, што ў яго зніклі кашалёк, дакументы, білеты. Ён звярнуўся ў міліцыю. Праваахоўнікі прыйшлі на месца, дзе адпачывала кампанія, і знайшлі яго ў... траве. І такіх выпадкаў хапала. Грамадзянка Расіі пакінула тэлефон у прыбіральні на «Мінск-Арэне». Разблакаваць яго мы не здолелі, але ўбачылі паведамленні, якія прыходзілі на мабільны. Пазванілі па тым нумары. Аказалася, пасля матча гаспадыня мабільніка з'ехала ў Маскву, палічыла, што тэлефон не знойдзе. Вярнулі тэлефон праз яе знаёмых, якія на той момант яшчэ былі ў Мінску. Жанчына была вельмі ўражана. А былі і недарэчныя сітуацыі. Расійскі балельшчык нам актыўна даказваў, што ў яго скралі асабістыя рэчы. Давялося выклікаць следча-аператыўную групу. Кашалёк тым часам чакаў свайго гаспадара пад крэслам на трыбуне...

— Дзяцей не гублялі?

— Рэгулярна! На арэне хапала забаў, на якія дзеці пастаянна звярталі сваю ўвагу. Быў выпадак, калі жанчына адышла набыць сыну сок, азірнулася, а таго ўжо няма. За гэты час ён паспеў дайсці да другога канца арэны. На хлопчыка звярнулі ўвагу міліцыянеры і, дзякуючы радыёстанцыі, аператыўна знайшлі маці. Іншы хлопчык «схаваўся» ад бацькоў у выстаўленай каля «Мінск-Арэны» машыне. Пакуль яго шукалі, ён сядзеў на месцы кіроўцы аўто і круціў «баранку». Але часам самі дзеці шукалі бацькоў. Заплаканы пяцігадовы хлопчык, якога знайшлі нашы супрацоўнікі, прызнаўся, што прыйшоў на хакей разам з бацькам, а той знік. Пры гэтым ён назваў прозвішча, імя. У выніку тату знайшлі ў бары, дзе той піў піва разам з сябрамі. Давялося правесці сур'ёзную прафілактычную размову.

[caption id="attachment_83842" align="alignnone" width="600"]Заўзятары ў Мінску весяліліся ад душы. Заўзятары ў Мінску весяліліся ад душы.[/caption]

— Людзей нападпітку ў зонах гасціннасці хапала, але ставіліся да іх праваахоўнікі даволі лаяльна.

— Усё ж такі нам хацелася падтрымліваць імідж лагодных гаспадароў. Мы паводзілі сябе з усімі ветліва і культурна. Усе канфлікты вырашаліся на месцы. Выпадкі, калі ў аддзяленне прывозілі буйных фанатаў, былі адзінкавыя. Вы, напэўна, чулі, як міліцыянеры падобных балельшчыкаў нават адвозілі ў гасцініцу ці ў студэнцкую вёску, дзе пражывала шмат гасцей чэмпіянату. Гэта, дарэчы, часам спараджала цікавыя сітуацыі. Некаторыя замежнікі забываліся, дзе яны жывуць. У такім разе шукаць месца пражывання прыходзілася з дапамогай дакументаў. А адзін з заўзятараў наогул пераблытаў у студэнцкай вёсцы свой пакой і заснуў у чужым ложку.

— Агляд, дарэчы, быў даволі пільным. Праваахоўнікі зазіралі нават у мой фотаапарат, аддзялялі батарэю ад ноўтбука...

— Так, аглядалі старанна, але ўсё было ў рамках разумнага. Балельшчыкі паводзілі сябе вельмі дружалюбна. Мы знаходзілі з імі паразуменне. Іншаземцы ніколі не скардзіліся на агляд. Калі мы і чулі заўвагі, дык толькі ад беларусаў, якія раней не хадзілі на хакей, не сутыкаліся з падобным.

— Якія экзатычныя рэчы для спартыўнага мерапрыемства знаходзілі ў балельшчыкаў?

— Сям'я з Расіі спрабавала пранесці набор кухонных нажоў. Тлумачылі тым, што пайшлі на стадыён адразу пасля наведвання гандлёвага цэнтра. Безумоўна, з нажамі мы іх не прапусцілі, прапанавалі аднесці іх у камеру захоўвання, якія працавалі каля «Мінск-Арэны». А ў аднаго з мужчын наогул знайшлі качалку.

— Вы некалькі тыдняў працавалі на хакейных матчах. Паспелі заўважыць розніцу паміж хакейнымі і футбольнымі заўзятарамі?

— Я пэўны час працавала падчас футбольных матчаў на стадыёне «Дынама», і мне падаецца, што хакейныя балельшчыкі больш спакойныя. На хакей прыходзяць цэлымі сем'ямі, з дзецьмі. Так-так, спорт з шайбай сапраўды стаў нейкім сямейным святам. Але, у любым выпадку, неўраўнаважаных заўзятараў можна сустрэць паўсюль.

Тарас ШЧЫРЫ.

 

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.