Вы тут

Баку прыме ўсю Еўропу!


Да І Еўрапейскіх гульняў засталося менш за месяц

Больш за 6 тысяч атлетаў з 50 краін кантынента на працягу 17 дзён будуць змагацца ў 20 відах спорту, сярод якіх 16 — алімпійскіх. У праграму ўключаны таксама баскетбол 3х3, пляжны футбол, самба і каратэ. Акрамя таго, будуць разыграны і ліцэнзіі на Алімпіяду-2016.

Пасол Азербайджана ў Беларусі Ісфандзіяр Бахціяр заявіў, што Еўрапейскія гульні ў Баку пройдуць на ўзроўні летняй Алімпіяды:

— Ужо сёння, менш чым за месяц да адкрыцця, магу сказаць, што Баку гатовы прыняць усіх гасцей з Еўропы. Нягледзячы на тое, што ў нас было ўсяго два з паловай гады на падрыхтоўку, праведзена сур'ёзная работа і спаборніцтвы ў Баку ў чэрвені пройдуць на ўзроўні летніх Алімпійскіх гульняў, — адзначыў пасол.

Турнір адбудзецца з 12 па 28 чэрвеня. Беларусь на Еўрапейскіх гульнях прадставяць 152 спартсмены, нашы суайчыннікі будуць змагацца за медалі ў такіх відах, як бокс, барацьба, гімнастыка (мастацкая і спартыўная), плаванне, стральба, настольны тэніс і іншых.

У складзе каманды як вопытныя, заслужаныя спартсмены: браты Багдановічы (каноэ), Меліціна Станюта і Кацярына Галкіна (мастацкая гімнастыка), Вадзім Махнёў і Раман Петрушэнка (байдарка), Сяргей Мартынаў і Канстанцін Лукашык (стральба кулявая), так і моладзь, якая выступіць у спаборніцтвах па плаванні і скачках у ваду.

— Еўрапейскія гульні ў Баку — найважнейшы этап падрыхтоўкі да летніх Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра для зборнай Беларусі. Упэўнены, выступленне нашай каманды атрымаецца годным, без медалёў мы не застанемся, — заявіў першы намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Аляксандр Гагіеў.

Нагадаем, Еўрапейскія гульні сёлета пройдуць упершыню, але турнір стане традыцыйным і будзе арганізоўвацца кожныя 4 гады.

Напярэдадні Гульняў стартаваў конкурс «Будзь разам з камандай!», што ладзіць Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі. Заўзятары павінны даслаць у НАК на электронны адрас (kоnkurs@nос.bу) пажаданні беларускай камандзе да Еўрагульняў у Баку і фотаздымак (на якім трэба трымаць у руках дзве шыльды — «TеаmBеlаrus» і «Баку-2015»).

Найлепшыя фотаздымкі з пажаданнямі будуць адабраны журы, раздрукаваны і дастаўлены ў штаб беларускай дэлегацыі ў алімпійскай вёсцы ў Баку. Менавіта там члены нашай каманды змогуць прагаласаваць за ўпадабаныя пасланні. Пераможцы атрымаюць прызы з рук знакамітых спартсменаў.

Заяўкі прымаюцца да 1 чэрвеня 2015 года.

Дар'я Лабажэвіч

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.