Па Літве разам з вясной крочыць прыгожае свята — Дні культуры Беларусі.
Яны традыцыйна праходзяць кожны год, заўсёды маштабна і з вялікім поспехам. У гэтым годзе пачаліся ўнікальнай падзеяй — у Вільнюсе, у Палацы вялікіх князёў літоўскіх адбылося адкрыццё выставы «Сярэдневяковае ўпрыгажэнне. Таямнічы пояс эпохі Вітаўта Вялікага» са збору Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Гэты артэфакт уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі і ўпершыню дэманструецца за мяжой. Праект рэалізуецца пад патранатам міністра культуры Беларусі Барыса Святлова і міністра культуры Літвы Шарунаса Бірутыса.
[caption id="attachment_83844" align="alignnone" width="600"] Таямнічы пояс
эпохі Вітаўта Вялікага.[/caption]
«Гэты ўнікальны музейны экспанат з'яўляецца помнікам агульнай гісторыі дзяржаў, тэрыторыі якіх уваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага. І тое, што ён экспануецца ў Вільнюсе, — знак вялікага даверу з боку беларускіх калег. Гэта сведчыць пра наступнае: у галіне культуры і навукі мы дасягнулі ўзаемаразумення. Мы можам сумесна аналізаваць наша агульнае мінулае і прызнаць яго гарантам гарманічнага супрацоўніцтва ў будучыні», — сказаў на адкрыцці выставы міністр культуры Літвы Шарунас Бірутыс.
Дні культуры Беларусі ў Літве працягнуцца да верасня 2015 года.
«Кожны год іх праграму мы стараемся напоўніць асаблівымі, запамінальнымі мерапрыемствамі, якія знаёмілі б жыхароў і гасцей Літвы з культурнай спадчынай нашай краіны. Цяперашнія шмат у чым прысвечаны агульнаму гістарычнаму мінуламу — на працягу многіх стагоддзяў мы жылі ў адной дзяржаве», — падкрэсліў пасол Беларусі ў Літве Аляксандр Кароль.
У рамках Дзён культуры запланаваны шмат цікавых мерапрыемстваў. Беларускі акадэмічны музычны тэатр пакажа першы нацыянальны мюзікл «Соф'я Гальшанская». Пастаноўка пройдзе на сцэне Рускага драматычнага тэатра і Клайпедскага дзяржаўнага музычнага тэатра. Канцэртныя праграмы салістаў будуць прадстаўлены ў гарадах Вільнюс, Друскінінкай і Клайпеда, адбудзецца выступленне балетнай трупы тэатра ў Шаўляі.
У Клайпедзе пройдзе традыцыйнае свята беларускай песні, на якім выступяць музычныя калектывы беларускай дыяспары з розных рэгіёнаў Літвы.
Праграмай прадугледжана правядзенне серыі выстаў. Творы беларускага жывапісца-пейзажыста Вітольда Бялыніцкага-Бірулі будуць экспанавацца ў Нацыянальным мастацкім музеі Літвы. У Літаратурным музеі Аляксандра Пушкіна пройдзе выстава «Дзядзька ў Вільні» па матывах паэмы Якуба Коласа «Новая зямля». У вільнюскім Музеі тэатра, музыкі і кіно можна будзе пазнаёміцца з працамі сусветна вядомага мастака з Беларусі Марка Шагала.
Адбудзецца дэманстрацыя фільма беларускага рэжысёра Сяргея Лазніцы «У тумане» ў гарадах Клайпеда і Вільнюс. У бібліятэцы Акадэміі навук Літвы пройдзе прэзентацыя факсімільнага выдання Тураўскага Евангелля — помніка старажытнаславянскага пісьменства ХІ стагоддзя.
У праграму Дзён культуры ўключаны мерапрыемствы, прысвечаныя святкаванню 250-годдзя з дня нараджэння вядомага кампазітара, дыпламата, палітычнага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага, лёс якога быў цесна звязаны з Беларуссю. Запланавана выступленне Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава на Міжнародным фестывалі класічнай музыкі імя Міхала Агінскага ў Плунге. Акрамя таго, у Вільнюсе пройдзе выстава Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі, на якой будуць прадстаўлены архіўныя дакументы Міхала Агінскага.
Вітаўтас ЖЭЙМАНТАС,
уласны карэспандэнт
«Звязды» ў Літве.
Фота аўтара.
Вільнюс.
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.