Вы тут

Сюррэалізм запанаваў на гарадской плошчы


Хто стаў цэнтрам штогадовага праекта пасля Марка Шагала і Казіміра Малевіча?

Творчасць беларускага мастака-сюррэаліста, графіка, ілюстратара Мікалая Селешчука ў мінулую сераду была прадстаўлена ўсім ахвотным на сталічнай плошчы Якуба Коласа. Увасобілася гэта ў экспазіцыі рэпрадукцый трыццаці яго карцін, адкрыццё якой суправаджалася выступленнем музычных і шоу-калектываў. Выстава абсалютна адкрыта для наведвання і ў пэўным сэнсе з'яўляецца высокамастацкім упрыгажэннем горада.

16-27

Сёлета тут прадстаўлена трыццаць работ Мікалая Селешчука розных гадоў, ад першых яго крокаў да 1995 года, якім датуюцца апошнія з прадстаўленых карцін. Творчасць «беларускага Сальвадора Далі» абсалютна самабытная, унікальная, для свайго часу наватарская. Яго называлі першапраходцам, ён і быў адным з першых беларускіх сюррэалістаў. Кажуць, яго метафарычныя, фантасмагарычныя, сімвалічныя творы ў свой час выклікалі шок і адбіваліся ў памяці, яго асоба прыцягвала ўвагу, прымушала глядзець у яго бок.

Ён заўсёды сачыў за сваім адзеннем і выглядаў у доўгіх паліто, яркіх пінжаках і капелюшах не проста стыльна — шыкоўна, а яго аўтамабіль быў распісаны пад божую кароўку. Ён запрашаў да сябе на прагляд кінафільмаў, і да яго прыходзілі дзясяткі гасцей. Сваю майстэрню ён дзяліў з Уладзімірам Савічам і Уладзімірам Тоўсцікам.

16-28

Апошні, сёння ўжо народны мастак Беларусі, на прэс-канферэнцыі, прысвечанай выстаўцы, сказаў: «Часы мяняюцца і не паўтараюцца. Мастацтва — дзіўная рэч. Тое, што ствараецца чалавекам, чамусьці становіцца цікавым многім. Час асацыюецца з тэмай, але не ўсе трапляюць у патрэбнае русла. Мікалай быў якраз той фігурай, што трапіла. Наша пакаленне было часам моцных людзей, якія прайшлі вайну, перажылі выпрабаванні і прыйшлі да суровага стылю, праз які адлюстроўвалі грамадзянскую пазіцыю. Раптам з'явіліся тыя, хто ўбачыў свет па-іншаму. І ён стаў больш разнастайным, фантастычным, менш пафасным, канфліктным. Вядома, і да Мікалая быў андэграўнд, але, як правіла, гэтае мастацтва не было запатрабаваным, не папулярызавалася. А ён вывеў новае разуменне свету на грамадскае абмеркаванне».

Па словах дырэктара Цэнтра сучаснага мастацтва Наталлі Шаранговіч, Мікалай Селяшчук моцна паўплываў на развіццё беларускага мастацтва, быў заўжды цікавым і моладзі, і старэйшаму пакаленню: «Своеасаблівы арэол яму надала трагічная смерць у 1996 годзе, калі ён патануў у хвалях Тырэнскага мора ў Італіі. Гэта быў, магчыма, першы беларускі мастак, чые работы добра купляліся нават не столькі музеямі, колькі прыватнымі калекцыянерамі. І сёння творы Селешчука раскіданы не толькі па Беларусі, але і за яе межамі — і ў музеях, і ў прыватных калекцыях. Яго творчасць застаецца актуальнай і сёння, таму што сапраўднае мастацтва ніколі не старэе».

Сапраўды, для таго, каб стварыць сёлетнюю экспазіцыю, арганізатары звярталіся не толькі ў музеі — Нацыянальны мастацкі музей, Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, Магілёўскі абласны мастацкі музей імя Паўла Масленікава, але і ў Беларускі саюз мастакоў. А большасць рэпрадукцый рабілася з твораў, якія знаходзяцца ў прыватных калекцыях.

Праект «Мастак і горад» стаў штогадовай неад'емнай часткай гарадской культуры, жыхары і госці краіны ўжо маглі бачыць рэпрадукцыі работ Марка Шагала, Казіміра Малевіча, а ў мінулым годзе былі выстаўлены найвыбітнейшыя беларускія авангардысты, легендарныя і сучасныя, у межах маштабнага праекта «Avant-gARTe. Ад квадрата да аб'екта».

Галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама Марына Ясюк кажа, што «такія праекты могуць упрыгожыць горад, прыцягнуць увагу турыстаў і гасцей, а «Мастак і горад» цікавы не толькі прафесіяналам і людзям адпаведных прафесій, таму і праходзіць ужо чацвёрты раз».

16-29

Трыццаць рэпрадукцый карцін Мікалая Селешчука, сярод якіх «Хроніка аднаго вечара», «Партрэт дзяўчынкі», «Дарога дадому», можна пабачыць на плошчы Якуба Коласа да 10 верасня.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.