Вы тут

Працоўныя калектывы захаваюць


Але разгільдзяям і дармаедам у іх не месца

Пра гэта заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву Мінскага трактарнага завода.

16-39

У час наведвання ААТ «МТЗ» Прэзідэнту было даложана аб фінансава-гаспадарчай дзейнасці і перспектывах развіцця. У прыватнасці ў кіраўніцтва завода ёсць дакладны план па далейшым развіцці ўваходзячых у «МТЗ-Холдынг» прадпрыемстваў, планы па мадэрнізацыі выпускаемай тэхнікі і асваенні новых перспектыўных лінеек прадукцыі, бачанне перспектыў па яе папулярызацыі на знешніх рынках, тактыка па скарачэнні існуючых аб'ёмаў складскіх запасаў. Прэзідэнт азнаёміўся з узорамі выпускаемай на прадпрыемстве тэхнікі, у тым ліку перспектыўнымі распрацоўкамі, сучаснымі тэхналагічнымі працэсамі, наведаў вытворчыя памяшканні трактарнага завода, паведамляе БЕЛТА. Падчас наведвання прадпрыемства Аляксандр Лукашэнка агучыў пазіцыю кіраўніцтва краіны па надзённых пытаннях.

Аб зарплатах і цэнаўтварэнні

«Мы пастараемся пры адсутнасці росту заработнай платы збалансавацца так, каб цана не захліствала яе», — сказаў беларускі лідар.

«Галоўная задача па краіне да выбараў: мы ні ў якім разе не павінны займацца папулізмам і наганяць зарплату, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Нам трэба захаваць той узровень, які застаўся з мінулага года».

«Па цэнаўтварэнні мы пракантралюем. Практычна ўсе цэны залежаць ад нас. Мы бачым, дзе яны падаюць, дзе паднімаюцца. Калі растуць цэны на імпарт, то і Бог з ім. Галоўнае, каб на тавары беларускай вытворчасці цэны не раслі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў шэрагу выпадкаў стрымліванне цэн недапушчальна, паколькі гэта прывядзе да вымывання тавараў з розніцы. «Але па многіх відах мы цэны бачым і кантралюем», — заявіў ён.

Размаўляючы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву прадпрыемства, Прэзідэнт, у прыватнасці, заявіў, што «па камуналцы (кошце паслуг ЖКГ. — Заўвага БЕЛТА) мы не будзем рухацца так, як раней».

Аб неабгрунтаваным імпарце

«Барані Бог, калі нашы прадпрыемствы ў гэтым годзе купяць (за мяжой. — Заўвага БЕЛТА) трактары і іншую тэхніку, якую мы вырабляем», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка не выключыў, што ў новых сучасных узорах тэхнікі могуць быць пэўныя недахопы. «Але трэба разумець, што мы гэта ўсё стварылі на маршы. У нас гэтага не было. Мы за апошнія гады ўсё гэта стварылі. Зразумела, патрэбны час для таго, каб давесці тэхніку, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Таму, калі і ёсць недзе мінусы... Мінчане, я ведаю, закупілі імпартныя трактары для камунальных службаў. Навошта? Завод (дзе вырабляюцца айчынныя трактары. — Заўвага БЕЛТА) побач. Ну, выйшаў са строю які-небудзь вузел, дык яго імгненна адрамантуюць».

Звяртаючыся да кіраўніцтва ўрада, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Мы не члены СГА, мы нікому нічога не абавязаны. Давайце абаронім свой унутраны рынак, не аддадзім нікому ад праса да трактара і аўтамабіля».

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у найбліжэйшы час па гэтай тэме запланавана спецыяльная нарада, дзе ўрад даложыць аб прымаемых мерах і дасць справаздачу наконт абгрунтаванасці таго ці іншага імпарту.

Аб кітайскіх крэдытах

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што выдзеленыя льготныя і камерцыйныя крэдытныя рэсурсы ад Кітая будуць накіроўвацца не толькі на буйныя праекты ў маштабах краіны, але таксама доступ да часткі з іх плануецца прадаставіць малому бізнесу. «Я хачу гэтыя крэдыты і малому бізнесу аддаць, прыватнікам. Няхай бяруць, але каб былі жалезныя гарантыі вяртання. Трэба сёння хутчэй ствараць альтэрнатыўную эканоміку, каб прыватнік прыходзіў і працаваў. Няхай развіваюцца», — заявіў беларускі лідар.

Як далажылі кіраўніку дзяржавы, праведзены нядаўна дзяржаўны візіт Старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў Беларусь, апрача іншага, дазволіў вырашыць шэраг пытанняў у супрацоўніцтве МТЗ з кітайскімі партнёрамі. «Ужо калі пасля гэтага вы не зможаце выйсці на кітайскі рынак і працаваць там, то грош нам цана», — заўважыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Сі Цзіньпін з'яўляецца сябрам Беларусі і падчас візіту праяўляў шчырую зацікаўленасць у пошуку новых напрамкаў для развіцця супрацоўніцтва. «Ён збіраў сваіх людзей, даваў канкрэтныя заданні. Мэта была адна — беларусам трэба падставіць плячо, таму што яны ніколі не падводзілі. Гэта быў этапны візіт, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Ён ад'язджаў адсюль і гаварыў: «Я ніколі не думаў, што Беларусь такая і што візіт будзе настолькі выніковым». Кітайцы ніколі проста так нічога не кажуць».

Аб сітуацыі ў эканоміцы і на МТЗ

«Мы будзем захоўваць працоўныя калектывы, але падтрымліваць будзем толькі тых, хто хоча працаваць, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Наперадзе яшчэ больш моцная канкурэнцыя. Таму разгільдзяям, дармаедам, алкаголікам і прайдохам у працоўных калектывах рабіць няма чаго».

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што сітуацыя ў свеце няпростая, а сусветная эканоміка марудна і цяжка аднаўляецца. Паводле яго слоў, галоўная прычына таго, што адбываецца ў беларускай эканоміцы, тоіцца ў знешніх фактарах, у тым ліку сітуацыі на расійскім рынку, куды пастаўляецца амаль палавіна прадукцыі, якая вырабляецца ў Беларусі.

Разам з тым Прэзідэнт падкрэсліў, што «з рахунку нельга скідаць і яшчэ адну прычыну існуючых праблем — гэта наша бесталковасць, безгаспадарчасць і неарганізаванасць». У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы ўказаў на неабходнасць скарачэння сабекошту выпускаемай прадукцыі. Гэтую задачу ён назваў пытаннем нумар адзін. Гаворачы пра стан спраў на Мінскім трактарным заводзе па выніках наведвання прадпрыемства, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што чакаў горшага. Аднак рэальнасць аказалася крыху іншай. Нягледзячы на наяўнасць шэрагу сур'ёзных цяжкасцей, завод мае перспектыву. Прэзідэнт таксама нагадаў, што як МТЗ, так і іншыя прадпрыемствы атрымліваюць прыродны газ па цане практычна ў два разы меншай, чым на Захадзе, і гэта таксама з'яўляецца немалаважнай канкурэнтнай перавагай. «Гэта, напэўна, не вечна. Хоць мы будзем старацца рабіць так, каб названы складнік сабекошту быў як мага ніжэйшы. А ў астатнім, калі вы хочаце больш зарабляць, глядзіце на сабекошт ад уключанай або выключанай электрычнай лямпачкі да сучасных станкоў. Без мадэрнізацыі не абысціся», — сказаў беларускі лідар.

«Ніякага папулізму не будзе. Але завод ваш у Беларусі быў, ёсць і будзе заўсёды. Гэта брэнд, твар краіны», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аб падтрымцы дзяржавы

Аляксандр Лукашэнка таксама пацвердзіў свае ранейшыя заявы пра тое, што разлічваць на атрыманне бюджэтнай падтрымкі можна толькі пад канкрэтныя бізнес-планы, кантракты і праекты. «Проста так грошы нікому даваць не будуць. Патрэбны вынік, рэальны план», — дадаў ён. У гэтым жа ключы ставіцца задача па дыверсіфікацыі знешніх рынкаў збыту, зніжэнні залежнасці ад паставак на рынкі традыцыйных партнёраў.

«Вы павінны разумець сітуацыю, якая складваецца сёння. Трымайцеся за свае рабочыя месцы. Менш слухайце балбатуноў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, сёння ў свеце разгарнулася вельмі жорсткая канкурэнцыя, адпаведна, беларускім прадпрыемствам неабходна выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю, у першую чаргу па дызайне і якасці. «Па цане мы выйграём амаль у два разы па некаторых узорах. Гэта ўжо добра. Але не думайце, што так будзе заўсёды», — адзначыў беларускі лідар.

«У большасці сваёй канфлікты і войны, што адбываюцца ў свеце, маюць пад сабой эканамічную аснову», — лічыць Прэзідэнт Беларусі. «Нафта, прыродны газ, металы, канчатковая рэалізацыя тавараў — там інтарэсы і асноўныя грошы. Ідзе барацьба аж да гарачай вайны. Нам, сярэдняй па памеры дзяржаве, у гэты складаны час трэба выстаяць, вытрымаць, захаваць краіну, вытворчасці і працоўныя калектывы», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што маючыя адбыцца ў бягучым годзе прэзідэнцкія выбары — гэта экзамен для ўлады ўвогуле. «І да гэтага экзамену мы павінны дастойна падрыхтавацца без усялякага папулізму, каб вы нас потым пасля выбараў не папракалі, што нешта паабяцалі, але пасля забыліся», — заявіў беларускі лідар.

 Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.