Вы тут

Няма нічога даражэйшага за родных людзей...


Больш за палову дзяцей у краіне нарадзіліся летась не першымі ў сем'ях

Ні адзін чалавек не з'яўляецца востравам. Мы народжаны для жыцця ў сям'і, яна і дзеці — самае галоўнае ў нашым жыцці. Будзе здаровай і шчаслівай сям'я — будзе такім і ўсё грамадства. Таму ўмацаванне інстытута сям'і, стварэнне спрыяльных умоў для нараджэння і выхавання дзяцей з'яўляюцца для нашай краіны стратэгічнымі задачамі. Пра гэта гаварылі падчас міжнароднай канферэнцыі «Здаровая сям'я — здаровае грамадства».

Безимени-3

Мацнее сям'я — мацнее краіна

— За апошняе дзесяцігоддзе беларуская сям'я значна трансфармавалася, — расказаў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак (на фота). Змены закранулі структуру сям'і, функцыі бацькоў, рэпрадуктыўныя паводзіны — так сем'і адрэагавалі на новыя сацыяльна-эканамічныя ўмовы жыцця і змяненне традыцыйных уяўленняў аб сям'і і сямейных каштоўнасцях.

Аляксандр Румак нагадаў, што сярэдні памер дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў па стане на 1 мая складае 2 млн 584 тысячы рублёў і на 23% перавышае ўсталяваны мінімальны ўзровень аплаты працы ў краіне. І што ўсяго сістэмай дзяржаўнай дапамогі ахоплена звыш 370 тысяч дзяцей, што складае больш за 21% ад іх агульнай колькасці.

— Выхаваць і даць дарогу ў жыццё не аднаму, а некалькім дзецям у сучасным грамадстве няпроста — занадта вялікая адказнасць і вялікія фізічныя, маральныя і матэрыяльныя нагрузкі, — канстатаваў намеснік міністра. — Таму асаблівай падтрымкай у нашай краіне карыстаюцца шматдзетныя сем'і. Так, пры наяўнасці ў сям'і траіх непаўналетніх дзяцей дзяржава пагашае 75% ад сумы крэдыту, атрыманага на будаўніцтва жылля, а пры наяўнасці 4 і больш непаўналетніх дзяцей — усе 100% крэдыту. Сёння ў нас налічваецца амаль 70 тысяч шматдзетных сем'яў. З іх 53,6% ужо атрымалі ад дзяржавы фінансавую дапамогу падчас будаўніцтва жылля.

З 1 студзеня гэтага года ўведзены новы від падтрымкі шматдзетных сем'яў — сямейны капітал, і ён ужо пачаў працаваць. Толькі за два месяцы — сакавік і красавік — пералічаны грошы на дэпазітныя рахункі 116 сем'яў.

Аляксандр Румак упэўнены, што патрэбны доўгачасовыя меры падтрымкі, каб шматдзетных сем'яў стала больш.

Нацстат ведае аб сям'і амаль усё

Сярэдні памер беларускай сям'і — тры чалавекі. Па словах намесніка старшыні Белстата Алены Кухарэвіч, сем'і зараз ствараюцца ў больш сталым узросце. Так, у апошнія гады жанчыны аддаюць перавагу ўступленню ў першы шлюб ва ўзросце 25,3 года, у паўторны шлюб — у 37,6 года. Мужчыны ўступаюць у першы шлюб ва ўзросце 27,4 года, у паўторны — у 40,6 года.

Адпаведна нараджаць таксама сталі пазней. Сярэдні ўзрост маці пры нараджэнні дзіцяці ў горадзе ў мінулым годзе склаў 28,6 года, у вёсцы — 27 гадоў. Першае дзіця ў мінулым годзе нараджалі ў сярэднім у 26,1 года ў горадзе і ў 24 гады ў вёсцы.

Станоўчым момантам з'яўляецца тое, што больш за палову дзяцей у краіне нарадзіліся другімі, трэцімі і наступнымі дзецьмі. Першынцаў стала менш на 6%. Калі браць нараджэнне трэціх і чацвёртых дзяцей, то тут лідзіруе Брэсцкая вобласць. Другое дзіця ў сям'і часцей за ўсё з'яўляецца ў сталіцы. Паводле статыстыкі, у 2014 годзе 1277 жанчын нарадзілі двойню, 18 — трайнят.

Разам з тым, па словах начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Алены Богдан, у нашай краіне створаны ўсе ўмовы для нараджэння здаровых дзяцей, выходжвання, лячэння і рэабілітацыі дзяцей з паталогіямі. «У нас не стаіць пытанне цаны. Няма квот на аказанне медыцынскай дапамогі, на знаходжанне дзяцей у стацыянары. Нам у спіну не дыхаюць страхавыя кампаніі, якія ацэньваюць мэтазгоднасць аказання таго ці іншага віду медыцынскай дапамогі. У нас на першае месца ставіцца жыццё — дзіцяці і жанчыны», — заявіла на канферэнцыі Алена Богдан.

Добры бацька
жыве даўжэй

Адначасова на канферэнцыі было адзначана, што толькі 2% беларускіх мужчын сыходзяць у водпуск па доглядзе дзіцяці. Пра гэта, у прыватнасці, паведаміла намеснік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Алена Кухарэвіч.
Па словах прадстаўніка Белстата, гэта з'яўляецца пацвярджэннем стэрэатыпнага гендарнага мыслення.

З ёй згодна намеснік старшыні Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА)
у Беларусі Алена Касько
,
якая адзначыла, што мужчыны, залучаныя ў актыўнае бацькоўства, практыкуюць менш рызыкоўныя паводзіны і, адпаведна, радзей гінуць у працаздольным узросце ад знешніх прычын. Акрамя таго, па яе словах, вопыт скандынаўскіх краін, дзе значна большы працэнт мужчын бяруць дэкрэтны водпуск па доглядзе дзіцяці, паказвае, што мужчыны пры гэтым становяцца больш мяккімі і гуманнымі, а давер грамадства да іх павышаецца.

Святлана Бусько

 

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.