Вы тут

Справы сардэчныя


Гэтымі днямі Еўрапейскае таварыства кардыёлагаў праводзіць у рэгіёне дні ведаў пра хранічную сардэчную недастатковасць. Беларуская асацыяцыя сардэчнай недастатковасці падтрымлівае ініцыятыву, паколькі ў нашай краіне ў некалькі разоў больш у параўнанні з развітымі краінамі пацыентаў з такім цяжкім дыягназам. Чаму так? Можа быць, справа ў недасканалай медыцынскай дапамозе? Аказваецца, яна сёння валодае неверагоднымі магчымасцямі.

— Шырока развіваецца лячэнне парушэнняў сардэчнага рытму з дапамогай малаінвазіўнага, нетраўматычнага хірургічнага ўмяшання (радыёчастотнай абляцыі), — расказвае намеснік дырэктара па лячэбнай рабоце РНПЦ «Кардыялогія» Аляксандр БУЛГАК. — Лекавая тэрапія не заўсёды дае тут эфект, а таму ўжо многія абласныя і нават гарадскія бальніцы маюць адпаведнае абсталяванне. Сёння мы асвоілі магчымасці пастаноўкі артальнага клапана з дапамогай сасудзістага трансвянознага доступу — калі без вялікага разрэзу можна замяніць пашкоджаны клапан штучным, што будзе функцыянаваць даволі паспяхова. Спачатку гэта ўмяшанне выконвалася толькі тым пацыентам, якія не маглі перанесці сур'ёзнае хірургічнае ўмяшанне, а цяпер такая методыка становіцца больш шырокай альтэрнатывай. У цэнтры аперыруюцца і пацыенты з цяжкай сардэчнай недастатковасцю, у складаных выпадках размова ідзе пра трансплантацыю. Аднак самае важнае — папярэдзіць прагрэсаванне сардэчнай недастатковасці.

19-38

Падоўжыць жыццё і абавязкова палепшыць яго якасць — сучасная задача кардыяхірургіі. «Мы спрабуем аднавіць страчаную ў выніку хранічнай недастатковасці функцыю сэрца, у тым ліку з дапамогай імплантацыі клапанных пратэзаў, аортакаранарнага шунціравання, — тлумачыць урач-кардыяхірург 2-га кардыяхірургічнага аддзялення РНПЦ «Кардыялогія» Уладзімір АНДРУШУК. — Выкарыстоўваюцца методыкі дапаможнага кровазвароту з ужываннем штучных сістэм механічнай падтрымкі кровазвароту. Яны дарагія, аднак імплантацыі ўсё ж такі выконваюцца, і з кожным годам яны ўдасканальваюцца. Некалі такая сістэма знаходзілася па-за целам пацыента, так што немагчыма было і казаць пра якасць жыцця, а сёння ўсё імплантуецца ў арганізм чалавека... Калі ёсць паказанні для немеханічнай падтрымкі кровазвароту, праводзіцца трансплантацыя органа. Акрамя таго, пацыентам з выражанай хранічнай недастатковасцю, пасля інфарктаў з вялікай зонай пашкоджання сэрца імплантуем ствалавыя клеткі, частка якіх бярэ на сябе функцыю міякарда.

Дарэчы, і ў галіне дыягностыкі РНПЦ «Кардыялогія» аснашчаны «па апошнім слове». Найсучаснейшы камп'ютарны і магнітна-рэзанансны тамограф мае спецыяльныя кардыялагічныя праграмы, што замяняюць некаторыя віды даследаванняў і пашыраюць спектр магчымасцей вывучэння паталогіі. З дапамогай гэтых праграм можна не толькі планаваць аб'ём аперацыйнага ўмяшання, але і прагназаваць тыя цяжкасці, якія могуць у выніку развіцца.

— Беларусы, на вялікі жаль, не ўсведамляюць, што здароўе — часовы дар, — адзначае загадчыца лабараторыі хранічнай сардэчнай недастатковасці РНПЦ «Кардыялогія» Алена КУРЛЯНСКАЯ. — Гэта мы, урачы, ведаем, што кожны чацвёрты суайчыннік жыве з артэрыяльнай гіпертэнзіяй, а многія з гэтых людзей і не здагадваюцца пра захворванне, бо арыентуюцца на адносна добрае самаадчуванне. Аднак нават калі і ведаюць пра свой дыягназ, то ўсё роўна дазваляюць сабе самавольна адмаўляцца ад прызначанага лячэння. Прымаюць яго толькі пакуль знаходзяцца ў стацыянары, а дома спыняюць прыём і праз два-тры тыдні адбываецца значнае пагаршэнне стану. Сардэчная недастатковасць прагрэсіруе без лячэння, тым больш калі яго прыпыняць. І яшчэ больш — калі не трымацца здаровага ладу жыцця. Многія з нашых пацыентаў кураць, а курэнне неверагодна шкодзіць усім органам і сістэмам. Дастаткова сказаць, што эпітэлій, які высцілае ўсе сасуды і выконвае бар'ерную функцыю, перастае працаваць цягам цэлай гадзіны пасля адной толькі выкуранай цыгарэты.

Сардэчная недастатковасць

Што гэта?

Вынік развіцця большасці хвароб сэрца (ішэмічнай хваробы сэрца, артэрыяльнай гіпертэнзіі, прыроджаных і набытых парокаў сэрца, міякардыту, кардыяміяпатыі, міякардыядыстрафіі, парушэнняў сардэчнага рытму і інш).

Стан, пры якім сэрца не можа перакачваць кроў у дастатковым аб'ёме, у выніку чаго органы і тканкі не атрымліваюць належную колькасць кіслароду і пажыўных рэчываў.

Як праяўляецца?

Пачашчаным сэрцабіццём (тахікардыяй), задышкай, ацёкамі, павышанай стамляльнасцю, хуткай прыбаўкай у вазе.

Што рабіць?

1. Рэгулярна прымаць лекі. Важна трымацца ўрачэбных рэкамендацый: патрэбная колькасць таблетак у дзень, з прызначанай частатой, у патрэбны момант (падчас ежы, да яе або пасля). Нельга прапускаць прыём прэпаратаў, а калі раптоўна прапусцілі, ні ў якім разе нельга ў наступны раз прымаць двайную дозу без рэкамендацыі ўрача. Лячэнне патрабуе пажыццёвага прыёму.

2. Вытрымліваць рэжым нагрузак і адпачынку. Для большасці людзей з сардэчнай недастатковасцю карысны ўсе віды ўмеранай фізічнай актыўнасці, якая паляпшае «вытворчасць» сэрца, зніжае нагрузку і дазваляе яму скарачацца эфектыўней. Фізічныя нагрузкі не пажаданыя, хіба, адразу пасля ежы, пры вельмі высокай/нізкай тэмпературы паветра.

3. Адмовіцца ад курэння.

4. Адмовіцца ад алкаголю. Лішак алкаголю пагаршае дзейнасць сэрца і абвастрае сімптомы захворвання.

5. Змены ў харчаванні. Трэба абмежаваць соль. Арганізм пры хранічнай недастатковасці дрэнна выводзіць ваду, адсюль — ацёчнасць, застой у лёгкіх, задышка, перагрузка сэрца.

6. Кантраляваць ціск, пульс, вагу. Надта часты або рэдкі пульс трэба карэкціраваць прэпаратамі. Рост вагі можа быць звязаны з затрымкай вадкасці ў арганізме.

Святлана БАРЫСЕНКА

Айчынная кардыялагічная служба — гэта 89 кардыялагічных аддзяленняў і 7 аддзяленняў кардыяхірургіі (у абласных цэнтрах і сталіцы). У мінскіх паліклініках працуюць 182 кардыялагічныя кабінеты для дарослых і 29 — для дзяцей. У краіне 666 кардыёлагаў і 109 кардыяхірургаў. Штогод лячэнне атрымліваюць каля 200 тысяч кардыяпацыентаў, праводзіцца каля 15 тысяч кардыялагічных аперацый, у тым ліку на адкрытым сэрцы. 70 працэнтаў кардыяхірургічных умяшанняў ажыццяўляецца ў абласных цэнтрах, а ў РНПЦ «Кардыялогія» выконваюцца самыя складаныя з іх і разам з тым асвойваюцца новыя віды ўмяшанняў, якія пасля пачынаюць укараняцца ў рэгіёнах. У рэспубліканскім цэнтры ставяцца, напрыклад, дапаможныя механічныя прыстасаванні, што паляпшаюць работу сэрца, а з 2009 года зроблена ўжо звыш 165 трансплантацый (цяпер размова ідзе аб прыкладна сарака такіх аперацый у год, і гэта 9-е месца ў Еўропе па колькасці такіх перасадак).

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.