Вы тут

Ці ёсць карысць ад... ляноты?


«Лянота — рухавік прагрэсу!» — ці то жартам, ці то ўсур'ёз сцвярджаюць некаторыя. Маўляў, заленаваўся чалавек пехам хадзіць — вынайшаў кола.

Слова «лянота», здаецца, адно з самых старажытных у нашай мове, бо і па латыні «lenus» азначае «вялы, павольны». Напэўна, ужо тады нашы далёкія продкі да ляноты адносіліся, мякка кажучы, не вельмі...

Калі верыць псіхолагам, лянота — гэта проста адсутнасць матывацыі. З пункту гледжання біялогіі, лянота — празмерная рэалізацыя прынцыпу эканоміі энергіі. Усе жывыя арганізмы імкнуцца расходаваць энергію як мага больш аптымальна: атрымаць як мага больш, а затраціць самы мінімум. Каб упэўніцца ў правільнасці гэтай думкі, можна паназіраць, напрыклад, за львамі ў час іх адпачынку. Здаецца, большых лайдакоў і ўявіць сабе цяжка. І як жа змяняюцца гэтыя «лайдакі», калі выходзяць на паляванне!

Хоць людзі даўно ўжо не з'яўляюцца часткай жывёльнага свету, але агульныя біялагічныя законы для іх ніхто не адмяняў. Гэта значыць, што і для чалавека эканоміць сілы (дакладней энергію) біялагічна апраўдана, гэтак жа, як біялагічна неабходна чалавеку рэгулярна атрымліваць дадатковую энергію (разам з ежай). Энергію эканоміць трэба, але ж у разумных межах. Бо калі такая эканомія становіцца дамінуючай матывацыяй, то гэта ніякая ўжо не эканомія, а самая элементарная лянота! Іншымі словамі, імкненне чалавека тым ці іншым чынам адмовіцца ад пераадолення нейкіх цяжкасцей, нежаданне прыкласці для гэтага хоць нейкія валявыя намаганні. Маўляў, не хачу — і не буду!

Але ж прычыны ляноты заўсёды існуюць. Хоць нейкія...

Самая частая з іх — элементарная стомленасць, выматанасць арганізма, вялікі перарасход яго фізічных, энергетычных і эмацыянальных рэсурсаў... Або справа, якой займаецца дадзены канкрэтны чалавек, яго не цікавіць. Альбо ён інтуітыўна адчувае поўную непатрэбнасць выканання гэтай справы для сябе асабіста і для ўсяго грамадства ўвогуле...

А можа быць, спраў навалілася столькі, што чалавек адчувае: да нейкага вызначанага тэрміну ён проста не паспее ўсе іх перарабіць. І тады ў яго «апускаюцца рукі», ён наогул перастае рабіць хоць штосьці...

Такое можа здарыцца з кожным. Але ж у любым грамадстве існавалі, існуюць і, на жаль, доўга яшчэ будуць існаваць тыя, для якіх стан ляноты — не прыкмета нейкай экстрэмальнай сітуацыі, а самы звычайны, штодзённы лад жыцця.

Менавіта яны ў сваё апраўданне і прыдумалі прыказку: «Лянота — рухавік прагрэсу!»

Ды ніколі яна не была такім рухавіком!

Ніколі лайдак не змог бы прыдумаць кола, тым больш паравы рухавік альбо рэактыўную турбіну! Бо для гэтага ж столькі работы трэба перарабіць!

Томас Эдысан, калі шукаў матэрыял для ніці напальвання ў электрычнай лямпачцы, перабраў іх безліч. «Я не цярпеў паражэнняў, — пісаў ён потым. — Я проста знайшоў 10 тысяч спосабаў, якія не спрацавалі». Так што з такімі «рухавікамі прагрэсу», як лайдакі, мы б да гэтага часу ў пячорах жылі і каменнымі прыладамі працы карысталіся!

І ўсё ж лянота як індыкатар абараняе арганізм ад празмерных нагрузак альбо падае нам сігнал, што займаемся мы не сваёй працай і, магчыма, трэба нам паспрабаваць заняцца чымсьці іншым. Тым, што прыносіла б і маральнае, і нават фізічнае задавальненне...

Генадзь Аўласенка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».