Вы тут

Рэгіна Давідовіч: «На жаночым энтузіязме зрабіць можна вельмі шмат»


Галоўнае — неабыякавасць да ўсяго, што вакол нас

Беларускі саюз жанчын — арганізацыя, якая ў свой час стала ініцыятарам розных карысных праектаў па барацьбе з сіроцтвам, беспрацоўем, гвалтам у сям'і. Гэтая ж арганізацыя дапамагае жанчынам абараняць свае правы, самарэалізавацца, у тым ліку і ў бізнесе. Пра гэтыя і іншыя дасягненні «Звяздзе» расказала Рэгіна ДАВІДОВІЧ, намеснік старшыні Беларускага саюза жанчын.

Візітоўка

Рэгіна Давідовіч — жанчына, якую добра ведаюць у жаночых арганізацыях усіх рэгіёнаў Беларусі. Менавіта яна — адзін з ініцыятараў стварэння ў самым пачатку 1990-х Беларускага саюза жанчын. 10 гадоў яна ўзначальвала Мінскую абласную жаночую арганізацыю, 5 гадоў была сустаршынёй і ўжо 15 гадоў з'яўляецца намеснікам старшыні Беларускага саюза жанчын. Па яе ініцыятыве быў створаны клуб «Дзелавыя жанчыны Беларусі», 2006 год быў аб'яўлены Годам маці, распачаўся агульнарэспубліканскі рух «У Беларусі — ніводнага пакінутага дзіцяці», Беларускі саюз жанчын стаў членам Сусветнай асацыяцыі сельскіх жанчын...

19-40

— Вы стаіце ля вытокаў стварэння арганізацыі. Раскажыце, з чаго ўсё пачалося? Як і чым жыў Саюз жанчын у пачатку 1990-х?

— Арганізацыя стваралася не на пустым месцы, у свой час мы былі складнікам Камітэта савецкіх жанчын. Калі разваліўся Савецкі Саюз, задумаліся, як жыць далей, і ўсім захацелася мець уласны жаночы рух. У тыя гады я ўзначальвала Мінскую абласную жаночую арганізацыю. У снежні 1991 года мы правялі рэструктурызацыю тагачаснага жаночага аб'яднання і назвалі яго Беларускім саюзам жанчын. Дарэчы, у наступным годзе нам спаўняецца 25 гадоў.

Я вельмі рада, што наша арганізацыя з'яўляецца адной з самых актыўных, самых аўтарытэтных, самых уплывовых жаночых арганізацый у краіне. Хоць і вядома, што ў нас дзейнічае каля 30 жаночых арганізацый, але я не бачу сярод іх іншага аб'яднання, дзе б жанчыны маглі б і сябе годна паказаць, і расказаць пра свае праблемы. Мы ганарымся тым, што ў нашай арганізацыі ёсць свой гімн: аўтар слоў — паэтэса Валянціна Паліканіна, музыкі — кампазітар Леанід Захлеўны.

У аснове працы нашай арганізацыі — як 25 гадоў назад, так і цяпер — жаночы энтузіязм і неабыякавасць да ўсяго, што вакол нас. Відаць, на гэтым і заснаваны наш аўтарытэт. Мы не плануем нечага фантастычнага: само жыццё падказвае, чым трэба займацца. Саюз жанчын быў ініцыятарам вельмі многіх цікавых і карысных пачынанняў...

— Раскажыце, калі ласка, пра найбольш значныя ініцыятывы.

— Раней была вялікая колькасць дзяцей-сірот, што жылі ў прытулках і дамах-інтэрнатах. Мы аб'явілі акцыю па краіне пад назвай «У Беларусі — ніводнага пакінутага дзіцяці». Гэтая акцыя была аб'яўлена на ІІ Усебеларускім сходзе і падтрымана Прэзідэнтам. Сёння сітуацыя з сіротамі змянілася ў лепшы бок, многія людзі ахвотна забіраюць дзетак у сваю сям'ю.

Калі распаўся Савецкі Саюз, пачалося беспрацоўе, людзі не ведалі, што рабіць, як пракарміць сям'ю. Пры арганізацыі мы стварылі Цэнтр сацыяльнай падтрымкі жанчын. Трэба сказаць, што гэтую ініцыятыву падтрымалі ўлады: нам далі памяшканне, аказалі пэўную матэрыяльную дапамогу. У гэтым цэнтры на грамадскіх пачатках былі арганізаваны курсы па перападрыхтоўцы, юрыдычная кансультацыя, камп'ютарныя курсы... А цяпер гэта перарасло ў дзяржаўную структуру — у тэрытарыяльныя цэнтры.

Была праблема з гвалтам у сям'і, якая, праўда, ёсць і цяпер і да таго ж часта замоўчваецца. Нашы жанчыны не прывыклі выносіць смецце з хаты і церпяць да апошняга. Дык вось, наш саюз паспрабаваў дапамагчы жанчынам, што пакутуюць ад цяжкай рукі сваіх сужэнцаў. Мы знайшлі памяшканне, куды завезлі неабходную мэблю. Туды жанчыны, якія сутыкнуліся з сямейным гвалтам, прыходзілі разам з дзецьмі і маглі два-тры тыдні жыць. Гэта, праўда, было стратна для нас. Але сёння такія месцы, дзе жанчына можа пажыць, з'явіліся пры дзяржаўных структурах.

Мы першымі ў краіне аб'явілі конкурс на найлепшую шматдзетную сям'ю года. І кожны год мы праводзілі яго ў раёнах, абласцях, выйшлі на рэспубліканскі ўзровень. Ужо два гады запар на ўзроўні Савета Міністраў праводзіцца конкурс на найлепшую сям'ю года. Вельмі прыемна, што нашы ідэі ажыццяўляюцца на ўзроўні краіны.

Цяпер мы ўсе «жывём» конкурсам «Жанчына года». Звычайна да 8 Сакавіка падводзяцца вынікі на месцах, у рэгіёнах, а ўжо ў сярэдзіне месяца мы праводзім рэспубліканскі выніковы конкурс. У гэтым годзе 14 сакавіка адбыўся фінал і з'явілася новая намінацыя «За вернасць Беларускаму саюзу жанчын». Ганаруся, што сёлета менавіта я атрымала гэтую ўзнагароду.

— Саюз жанчын актыўна працуе і на міжнароднай арэне, супрацоўнічае з жаночымі арганізацыямі іншых краін... Ці ёсць нейкія сумесныя праекты, праграмы?

— Я сама курырую гэты напрамак. Праўда, ёсць праблема: фінансавая. Тым не менш пэўныя напрацоўкі ёсць.

Пачатак быў пакладзены супрацоўніцтвам з Федэрацыяй кітайскіх жанчын. Мы разам стварылі Цэнтр кітайскіх і беларускіх жанчын. Вельмі цесна супрацоўнічаем з Пасольствам Кітайскай Народнай Рэспублікі, стараемся праводзіць сумесныя мерапрыемствы. Дарэчы, адно з апошніх было вельмі цікавым. Мы папрасілі жонку пасла, каб нам расказалі, як сустракаюць Новы год па кітайскім календары. Яна запрасіла нас напярэдадні свята ў пасольства. Сам пасол апрануў фартух і гатаваў пельмені — абавязковую страву ў Кітаі на Новы год.

Сябруем мы і з Саюзам жанчын В'етнама, у нас падпісана адпаведнае пагадненне. Дэлегацыя гэтай арганізацыі наведвала Беларусь. Калі яны пабывалі ў офісе нашай арганізацыі, то прапанавалі стварыць куток в'етнамскай культуры ў Зале міжнароднага супрацоўніцтва. Натуральна, мы пагадзіліся.

Падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве з Саюзам жанчын Сірыі, з Лігай польскіх жанчын, з Таварыствам жанчын Літвы, з Саюзам жанчын-прадпрымальніц Азербайджана, з Саюзам жанчын Казахстана, з Расійскім саюзам жанчын.

Акрамя гэтага, супрацоўнічаем мы і з міжнароднымі арганізацыямі. Напрыклад, з «Дыялогам Еўразія», які каардынуюць туркі. Там ёсць жаночае крыло, і ўдзельніцы вельмі актыўна адгукаюцца на ўсе нашы мерапрыемствы.

— У чым заключаецца гэта супрацоўніцтва?

— Мы праводзілі конкурс для старшакласнікаў сельскіх школ на тэму «За што я люблю сваю вёску». Такі конкурс мы арганізуем ужо трэці раз, раней — да Дня маці і да Сусветнага дня сельскіх жанчын. Вы б бачылі, якія прыязджаюць дзеткі, якія сачыненні яны чытаюць: усім плакаць хочацца! Мы запрашалі іх з мамамі.

Дык вось, атрымалася так, што спонсар, які павінен быў уручыць падарункі ўдзельнікам — мінулы раз гэта былі электронныя кнігі, дзеці вярнуліся дамоў вельмі задаволеныя — адмовіўся ад супрацоўніцтва. Трэба было шукаць выйсце з сітуацыі. Я звярнулася да кіраўніка арганізацыі «Дыялог Еўразія» Сэзара Чакмака. Ён не толькі згадзіўся дапамагчы, але і зрабіў падарункі больш прывабнымі для дзяцей — ім падарылі планшэты.

Разам з «Дыялогам Еўразія» мы праводзілі ў сельскай мясцовасці дні культуры розных краін. Дзень в'етнамскай культуры адбыўся ў Шчучынскім раёне. Гэта было свята на ўсю вёску. В'етнамскія калегі прывезлі з сабой стравы нацыянальнай кухні, у сваю чаргу сельскія жанчыны прынеслі свае прысмакі.

— А мужчыны ёсць у вашай арганізацыі?

— Мы сябруем з мужчынамі. Неяк праводзілі Дні культуры Кубы ў Мінскім раёне, дык прыехаў і пасол гэтай краіны, тады гэта быў сеньёр Альфрэда Ньевес Партуонда. Ён сам гатаваў нацыянальную страву з кукурузы.

— Вы ўзначальваеце аддзяленне Беларускага саюза жанчын «Сяльчанка». Раскажыце пра гэты кірунак працы аб'яднання.

— «Сяльчанка» — гэта аддзяленне Беларускага саюза жанчын. Яно было створана ў 2008 годзе. Тады мы даведаліся пра адзін цікавы праект для вясковых жанчын — «Сельскія жанчыны і развіццё вёскі», які курыраваўся Міністэрствам замежных спраў Нідэрландаў. Куратары праекта былі гатовы супрацоўнічаць з намі, але пры ўмове, што будзе створана арганізацыя спецыяльна для вясковых жанчын. Так мы стварылі «Сяльчанку». Праект рэалізоўваўся на працягу трох гадоў, і хачу сказаць, што ён надаў упэўненасці ў сваіх сілах сельскім жанчынам: яны сапраўды могуць многае зрабіць самі, але ім патрэбны нейкі стартавы капітал. У рамках праекта гэта прадугледжвалася. У нялёгкай барацьбе выйгралі ўдзел у гэтым праекце 6 беларускіх раёнаў.

Галандцы наведвалі тыя рэгіёны і арганізоўвалі майстар-класы, кансультацыі. У выніку ў вёсцы Залессе жанчыны стварылі ў нейкім сэнсе цэлы кластар: адна вырошчвае куранят, другая — гусянят, трэцяя — расаду кветак, чацвёртая — кветкі для продажу. А адна жанчына, дарэчы, мнагадзетная маці, пачала рабіць сыры па галандскай тэхналогіі, якія ідуць нарасхват.

У Слаўгарадзе таксама добры кластар атрымаўся. Там сям'я Чабатар — маці і дачка — вывучылі мясцовы рынак кулінарных вырабаў і высветлілі, што не хапае смачнай выпечкі. Вырашылі ліквідаваць гэты недахоп. Зараз ні адно свята не абыходзіцца без іх прадукцыі.

— Што ўвогуле вы можаце сказаць пра сучасных сельскіх жанчын? Ці змяніліся яны за апошнія дзесяцігоддзі?

— Змяніліся, і ў лепшы бок. Асабліва калі казаць пра жанчын з аграгарадкоў — іх не адрозніш ад гараджанак. Там і быт уладкаваны, і інфраструктура неабходная ёсць. Таму жанчыны пачынаюць надаваць больш увагі сабе, павышаюць сваю кваліфікацыю, імкнуцца самарэалізавацца. Увогуле, сельская жанчына стала больш упэўненай у сабе, больш разняволенай у параўнанні з тым, якой яна была ў савецкі час.

Адзінае, за што ў мяне баліць душа: у вёсцы складана знайсці працу для моладзі. І нават сельская жанчына, якая гатова і далей жыць у вёсцы і працаваць там, не заўсёды можа знайсці сабе працу.

— Якая роля жанчыны ў нашай краіне сёння? Усё ж такі, што б мы ні казалі, калі паглядзець, то ў нас не так ужо і шмат жанчын на высокіх дзяржаўных пасадах...

— Зараз ужо віцэ-прэм'ер — жанчына, два міністры — жанчыны, старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў — жанчына... Гэтыя жанчыны ў нас, дарэчы, у актыве, акрамя віцэ-прэм'ера. Але, спадзяюся, яна таксама да нас далучыцца. Што да Ліліі Ананіч, Марыяны Шчоткінай, Лідзіі Ярмошынай, то яны — члены Прэзідыума Беларускага саюза жанчын...

Зыходзячы са свайго вопыту працы ў гэтай арганізацыі магу сказаць, што жанчыны самі трошкі вінаваты: яны асабліва і не імкнуцца заняць нейкія высокія пасады. Калі жанчына займае сур'ёзную дзяржаўную пасаду, то яна працуе ўдвая больш, чым мужчына на аналагічнай пасадзе. Да яе трошкі прадузятае стаўленне, таму ёй трэба быць прафесіянальна вышэйшай за ўсіх сваіх падначаленых ва ўсіх адносінах. А яшчэ жанчыне трэба клапаціцца пра ўласную сям'ю...

— Ці можна казаць пра гендэрную роўнасць у нашай краіне? Можа, ёсць нейкія скаргі з боку жанчын?

— Са скаргамі да нас не звярталіся. Што датычыцца дапамогі, то мы гатовы падтрымаць любую жанчыну.

— То бок, у нас няма асаблівых праблем з дыскрымінацыяй па палавой прыкмеце?

— Не, калі нашы жанчыны нечага жадаюць, яны, перш за ўсё, павінны самі дамагацца гэтага. Ніхто ім перашкаджаць толькі праз тое, што яны жанчыны, не будзе.

— Ці шмат у нашай краіне феміністак? Можа, з нейкімі праектамі, прапановамі яны звярталіся ў вашу арганізацыю?

— Заўзятых феміністак у нас я не сустракала. Мне здаецца, гэта нейкае адхіленне. Разумная жанчына павінна ведаць: у прыродзе, як і ў жыцці, павінна быць гармонія. Праўда, тут у кожнага народа па-свойму: кітаянкі, напрыклад, упэўнены, што жанчына на сваіх плячах трымае паўнеба...

Надзея ЮШКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.