Вы тут

Чароўныя музыкі


або Пра што звіняць цымбалы?

У Шумілінскім раёне цымбалы — адзін з самых папулярных музычных інструментаў. А ўсё таму, што яго актыўна прапагандуюць выкладчыкі мясцовай школы мастацтваў.
А яшчэ ў Шуміліне ёсць сямейны ансамбль «Чароўныя музыкі», у якім «галоўную скрыпку граюць» менавіта цымбалы. Дарэчы, дзіўна, але факт: у Беларусі не вырабляюць народны інструмент, які можна назваць адным з сімвалаў краіны.

19-43

«Было б жаданне, а кіламетры не перашкода»

Алена Скарынава запрасіла мяне ў Шуміліна, каб падзяліцца напрацаваным вопытам. Калі дамаўляліся пра сустрэчу па тэлефоне, з гонарам расказвала пра вучняў, а пра сябе — амаль нічога. А яна ж — аўтар метадычных распрацовак, выкладчык вышэйшай катэгорыі... Настаўніца ўзнагароджана граматамі за высокі прафесіяналізм, за тое, што яе вучні перамагаюць у розных конкурсах... Яе імя — у кнізе «Хто ёсць хто ў Беларусі?».

Цікава, што яна не толькі мама траіх дзяцей, але і «духоўны гуру», кіраўнік сямейнага ансамбля «Чароўныя музыкі». Сям'я Скарынавых стала пераможцам у дзвюх намінацыях паўфіналу абласнога конкурсу «Найлепшая шматдзетная сям'я Віцебшчыны»...

— Ды што я, пра вучняў маіх лепш напішыце! Сёння іх 11. У кожнага ёсць дасягненні, дыпломы. Многае магу расказаць пра Лізу Дземянёву, Ксенію Храмцову, Дзіяну Пушнякову, Лену Дзмітрыенка, Стэлу Шылаву... А мой былы вучань Сяргей Цімашэнка скончыў віцебскае музычнае вучылішча і мінскую кансерваторыю. Малады мужчына цяпер кіруе аркестрам цымбалістаў. Не, вы не маеце рацыю, калі лічыце, што шанцуе толькі маленькім жыхарам райцэнтра. Па-першае, да Шуміліна лёгка дабрацца на аўтобусе, па-другое, у многіх бацькоў ёсць асабістыя аўто, каб прывезці дзятву на заняткі. Але, я лічу, самае галоўнае, што ў нашай школы мастацтваў ёсць філіялы — у васьмі аграгарадках. Дарэчы, асабіста я, калі ў дзяцінстве жыла ў Чашніцкім раёне, амаль штодня кіламетра паўтара пешшу да аўтобуса ішла, а потым
25 кіламетраў ехала ў Новалукомль, — расказвае Алена Скарынава.

Яна паказала мне дыпломы, якія сведчаць пра перамогі на розных конкурсах і фестывалях. Геаграфія іх правядзення — ад Еўропы да Урала. Праўда, не ўсюды музыканты з беларускай глыбінкі пабывалі асабіста. У нашы дні традыцыяй сталі завочныя конкурсы, калі выступленні ўдзельнікаў, знятыя на камеру, адпраўляюць на суд журы.

— Вядома, ад гэтага ўзровень конкурсаў не становіцца «меншым». Ды і ўявіце сабе, як складана прыехаць, напрыклад, на фэст «Музычны вернісаж» у Магнітагорск. Акрамя таго, што білеты каштуюць дорага, дык трэба некалькі дзён толькі патраціць на дарогу, а маленькім музыкантам яе не проста вытрымаць, тым больш везці з сабой інструменты... А цымбалы — нялёгкія па вазе, ды і вельмі адчувальныя да перамены надвор'я: баяцца перападаў тэмпературы, вільготнасці.

Дарагое задавальненне

Мая суразмоўніца здзівіла расказам пра тое, што, аказваецца, у Беларусі больш не вырабляюць цымбалы.

— Ведаеце, упэўнена, што мяне падтрымаюць калегі і з іншых рэгіёнаў краіны, бо купіць новы інструмент — праблема. Барысаўская фабрыка, дзе ў ліку іншага выраблялі і цымбалы, закрылася. А калі купляць у майстроў, якія іх вырабляюць, то трэба за інструмент заплаціць 10-15 мільёнаў рублёў. Для сем'яў з сярэднім дастаткам, пагадзіцеся, гэта многа... У выніку бацькі вучняў купляюць старыя інструменты з рук або дзеці граюць толькі ў нашай школе. Я нядаўна мужу сказала, а ён чалавек з «залатымі рукамі», пад маім кіраўніцтвам дом пабудаваў, што хутка цымбалы будзе рабіць (смяецца). А калі задумацца, дык прамысловы выраб гэтага інструмента — справа прыбытковая. З улікам таго, што ў краіне на цымбалах вучацца граць і граюць некалькі тысяч чалавек, ёсць каму прадаваць. Але ж цана павінна быць, мякка кажучы, не завоблачнай, — разважае Алена Ігараўна.

Паводле яе слоў, укладваць грошы ў «цымбальны бізнес» прыбыткова яшчэ і таму, што пры правільным падыходзе ў арганізацыі гастролей беларускія музыкі маглі б зарабляць валюту краіне.

— Вось, бачылі б вы рэакцыю тых жа кітайцаў, калі яны слухалі маіх вучняў... Многія здзіўляюцца, калі чуюць, што на цымбалах можна выконваць і музыку «Бітлз», Моцарта... Мы калі сямейным ансамблем выступаем: малодшая дачка Маша грае на ўдарных, старэйшая Вольга і я — на цымбалах, сын Васіль — на баяне-басе, а муж Віктар — на баяне — публіка ў захапленні. Потым падыходзяць да нас і прызнаюцца, што ў іх непаўторныя ўражанні.

Алена Скарынава расказала, што ў дарэвалюцыйны час на цымбалах гралі пераважна тыя, хто іх вырабляў. І такія музыкі вучылі сваіх дзяцей, сваякоў. А самы знакаміты беларускі цымбаліст Іосіф Іосіфавіч Жыновіч стаў народным артыстам БССР і СССР, прафесарам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР. Вясковы юнак так добра граў на цымбалах, што яго запрасілі ў сталічны тэатр салістам... Ён шмат зрабіў для таго, каб у нашай краіне адкрываліся класы, каб таленты змаглі паказаць сваё майстэрства за мяжой. Дзякуючы гэтаму чалавеку, энтузіясту з вялікай літары, увесь свет ведае, што такое беларускія цымбалы і музыкі.

«З душой да справы трэба ставіцца»

Напэўна, складана пераканаць бацькоў аддаць дзятву вучыцца на цымбалістаў?

— Мне лёгка. І я ахвотна падзялюся з калегамі сваім вопытам. Зразумела, з гітарай усё інакш: і купіць не праблема, і ў паходзе, як вы сказалі, можа спатрэбіцца... Агітуем па-рознаму. І канцэрты праводзім у школах і садах, запрашаем паслухаць музыкантаў іх аднакласнікаў. Мы вучым дзятву з 6-гадовага ўзросту, дык бывае чарга з ліку ахвотных вучыцца... А потым у ансамблі дзеці займацца жадаюць. Трэба правільна праводзіць рэкламную працу, зацікаўліваць. Ды і дрэннай ігрой не прывабіш. З душой да справы трэба ставіцца, — дзеліцца сакрэтамі музыкант.

Паводле слоў дырэктара Шумілінскай школы мастацтваў Галіны Мацвяйчук, праблем з кадрамі яна не мае.

— Вось мы знаходзімся ў новым будынку, які нам летась перадалі пасля капітальнага рамонту. Пагадзіцеся, сапраўдны палац, не горшы, чым у буйным горадзе. Таму і працаваць тут прыемна. 5 мільёнаў рублёў у месяц настаўнік атрымлівае — нядрэнна ж! А ўсё таму, што добрыя нагрузкі — максімум настаўніцкіх гадзін, прэміі добрыя, — расказвае дырэктар і дырыжор хору па сумяшчальніцтве.

У школе пяць узорных калектываў, у тым ліку два народныя. Гонар — дзіцячыя хор і духавы аркестр, аркестр барабаншчыц і іншыя калектывы... І цымбалы — на асаблівым месцы, бо тутэйшыя цымбалісты сталі своеасаблівай візітнай карткай раёна. Дзякуючы ім традыцыі беларусаў ёсць каму працягваць!

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Фота з архіва Алены Скарынавай.

Шумілінскі раён

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.