Вы тут

Гісторыя з маторам


Люксавыя Chevrolet Monte Carlo і Jaguar XJ-S, прэстыжны Mercedes-Benz W114, зусім алдскульны BMW 340 і звыклыя для вока людзей старэйшага веку ГАЗ 21 і Масквіч 407... Гэта не аўтасалон другой паловы мінулага стагоддзя, а міжнародны злёт класічных аўтамабіляў у сталіцы. Днямі грамадскае аб'яднанне «АўтаАмерыка» і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі правялі мерапрыемства, пры дапамозе якога мінчане маглі акунуцца ў рамантычную атмасферу 1960-х і 1970-х, пасядзеўшы за рулём аднаго з больш як сямідзесяці рэтрааўто.

19-46

Злёт «Рэтра-Мінск» сёлета быў прымеркаваны да Года моладзі і 70-годдзя Вялікай Перамогі. Доўгі шлях да беларускай сталіцы прайшлі экспанаты з розных куткоў былога СССР: Расіі, Літвы, Латвіі.

— У Мінску вельмі шмат робіцца для падтрымкі маладзёжных ініцыятыў, — зазначыў на ўрачыстым адкрыцці, якое адбылося на плошчы Свабоды, першы сакратар Мінскага гаркама БРСМ Юрый ЧАЧУКЕВІЧ. — Сёння тут, у гістарычным цэнтры нашай сталіцы, прадстаўлена адна з іх.

Пад апладысменты публікі на пляцоўку каля гарадской ратушы ўехалі бліскучыя машыны, за кожнай з якіх — цэлая гісторыя. Асаблівую ўвагу атрымаў Mercedes 1903 года выпуску, па адным выглядзе якога зразумела, чаму першыя аўто называлі самаходнымі павозкамі — вось дзе сапраўдная карэта на колах! «Зорка» амерыканскіх гонак серыйных аўтамабіляў NASCAR Dodge Charger, што стаў сапраўдным сімвалам тэрміну «мускулісты аўтамабіль», сімвал даўно неіснуючай ГДР Trabant P601 і «чэхаславацкі Porsche» Skoda S100, славуты «хіпімабіль» Volskwagen T2 — побач з гледачамі праязджала жывая гісторыя. Атмасфернасці мерапрыемству дадавалі песні Элвіса Прэслі і Фрэнка Сінатры, што разносіліся над плошчай.

19-48

Пасля таго, як даўжэзная чарада нарэшце прыпаркавалася па месцах, у кожнага з'явілася магчымасць дакрануцца да экспанатаў, пасядзець за рулём, сфатаграфавацца і, вядома ж, пагутарыць з іх уладальнікамі. Дзяўчаты ў сукенках «у гарохі» з нафарбаванымі ярка-чырвонай памадай вуснамі стваралі эфект поўнай прысутнасці ў мінулым стагоддзі.

Дзмітрый КНЯЗЕЎ прыехаў на злёт з Масквы, мужчына прадстаўляе расійскі клуб рэтрааўтамабіляў Trump Cars. Dodge Charger V8 383 1969 года выпуску прабег амаль тысячу кіламетраў сваім ходам, хоць яшчэ зусім нядаўна ён наўрад ці мог крануцца з месца.

19-47

— Гісторыя гэтай машыны ўнікальная, — распавядае Дзмітрый, — бо яна была завезена ў СССР яшчэ ў 1980 годзе, з таго часу і захоўвалася ў свайго гаспадара. Я пачуў пра яе на маскоўскай выставе «Аўтаэкзотыка». Сябра сказаў, што ў яго знаёмага ёсць «нейкая амерыканская машына». Калі я пачуў пра Dodge Charger, то падумаў, што ён жартуе! Не паверыў, але тэлефон узяў. У выніку, калі паехалі праверыць інфармацыю, убачылі, што гэта праўда — аўтамабіль быў у гаражы, хоць і ў разабраным стане. Мы набылі яго за 20 тысяч долараў, адрэстаўравалі, пафарбавалі — і вось прыехалі на злёт. Наогул, мы ў Мінску ўжо другі раз, летась таксама ўдзельнічалі ў аналагічным мерапрыемстве. Нам усё падабаецца, хацелася б толькі лепшага надвор'я, а ўражанні гледачам мы забяспечым!

Савецкая класіка была прадстаўлена не менш шырока, чым замежная. Цэлы шэраг 21-х ГАЗаў, пэўна, стаў бы добрым падарункам для Юрыя Дзетачкіна, з адной машыны якраз гучала мелодыя з культавага фільма «Сцеражыся аўтамабіля». Былі тут і «Масквічы», і пасляваенны ЗІМ...

— Я набыў гэтую машыну два гады таму ў сталіцы, — расказвае мінчанін Уладзімір ЖУК пра свой ГАЗ-21Р у экспартным выкананні 1966 года. — Стан, безумоўна, быў не з найлепшых. Давялося цалкам разбіраць машыну, наймаць зваршчыка. Шмат часу прайшло, але ў выніку я маю поўнасцю арыгінальны кузаў і салон, усё адпавядае таму варыянту, які сыходзіў з канвеера паўстагоддзя таму. Гэта ўжо другі аўтамабіль, які я адрэстаўраваў, таму магу лічыць сябе калекцыянерам (смяецца). Справа ў тым, што я ў маладосці сам кіраваў такой машынай, вось, магчыма, і спрабую вярнуць тое пачуццё. Езджу на ёй нячаста, калі ёсць настрой і добрае надвор'е, каб парадаваць сябе і мінакоў.

Калона рушыла далей — спачатку на Кастрычніцкую плошчу, потым на плошчу Перамогі, дзе кіроўцы зрабілі круг вакол манумента і ўсклалі кветкі ў памяць пра загінулых. Найбольш працяглая стаянка адбылася непадалёк ад Палаца спорту — там аматары неўміручай класікі маглі разглядаць гэтыя без перабольшвання творы мастацтва да самага вечара.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.