Вы тут

Здай «шэрага» кватэраздатчыка... па акцыі


Сёлета ў гаспадароў чатырох кватэр правераць крыніцы даходаў

Цяпер у сталіцы законна здаюць кватэры ў арэнду 46,5 тысячы чалавек. Колькасць гэтых грамадзян пастаянна расце. Толькі з мая 2014 года — на 4 тысячы чалавек (на 10%), пра што паведаміла намеснік начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Мінску Галіна Гурыновіч.

Зрабіце гэта легальна

Пэўную ролю тут адыгрывае інфармацыйна-тлумачальная работа. Так, у кожным разлікова-даведачным цэнтры горада знаходзіцца куток кватэраздатчыка або маецца інфармацыйная папка, дзе ёсць магчымасць азнаёміцца з заканадаўчымі актамі па пытанні здачы жылля ў арэнду. Са свайго боку спецыялісты міністэрства заклікаюць жыхароў Мінска больш актыўна змагацца з нелегальнымі кватэраздатчыкамі. У прыватнасці ў чэрвені сталічная падатковая служба правядзе акцыю «Здаеш кватэру — заплаці легальна падаткі». На працягу тыдня мінчане змогуць тэлефанаваць на спецыяльную лінію і паведамляць пра грамадзян, якія, на іх думку, здаюць кватэру нелегальна. Канкрэтныя тэрміны акцыі яшчэ не вызначаны, але мяркуецца, што гэта будзе другая дэкада месяца. Аналагічная акцыя праводзілася ў 2013 годзе і мела добрыя вынікі.

Што тычыцца праверак кватэраздатчыкаў, то яны праводзяцца рэгулярна. Толькі сёлета іх было арганізавана ўжо 318. І ўсе са стапрацэнтным вынікам.

19-41

Пракантралююць рэпетытараў і фатографаў

У сталіцы за год у 2,3 раза павялічылася колькасць рэпетытараў, якія плацяць адзіны падатак. Такім чынам, павялічваецца колькасць грамадзян, што займаюцца аказаннем рознага кшталту паслуг, але не рэгіструюцца ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. Такое права замацавана Падатковым кодэксам у тым ліку за рэпетытарамі. Зараз у Мінску 818 чалавек займаюцца рэпетытарствам і рэгулярна аплачваюць адзіны падатак.
А летась іх было толькі 350.

Як патлумачыла Галіна Гурыновіч, падатковыя органы асабліва старанна падыходзяць да кожнага кліента пры праверцы аплаты падаткаў рэпетытарамі. «У гэтым пытанні ўпор зроблены на тлумачальную працу. Калі да нас паступае інфармацыя пра фізічных асоб, якія займаюцца рэпетытарствам і не плацяць падатак, то мы тэлефануем ім і прапануем заплаціць адзіны падатак. Сёлета ён невялікі — 260 тысяч рублёў у месяц. Акрамя таго, пастаянна праводзяцца сустрэчы з выкладчыкамі і студэнтамі, дзе мы тлумачым, куды звяртацца і як заплаціць падатак», — адзначыла спадарыня Гурыновіч.

У найбліжэйшы час эксперты міністэрства плануюць правесці тлумачальнае мерапрыемства для фатографаў. «У сітуацыях, якія тычацца фізічных асоб, што могуць не рэгістравацца ў якасці ІП, мы стараемся, каб людзі на добраахвотнай аснове заплацілі падатак», — дадала спецыяліст. Акрамя таго, у Мінску расце колькасць рамеснікаў — у сталіцы гэтай дзейнасцю займаюцца 2132 чалавекі. За год іх колькасць павялічылася амаль на 600 чалавек.

Падаткі «знойдуць» вас і ў сеціве

Падатковыя структуры часцей за ўсё фіксуюць у інтэрнэце спробы незаконнага продажу бытавой тэхнікі, тэлефонаў і алкаголю. Намеснік начальніка інспекцыі МПЗ па Мінску Алена
Казырская расказвае, што нядаўна быў выпадак, калі жыхар сталіцы спрабаваў прадаваць тэлефоны. Потым высветлілася, што ён захоўваў тавар на суму больш за 3 млрд рублёў. Парушальнік неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці ў 2013 і 2014 гадах, таму суд аштрафаваў яго на 50 базавых велічынь з канфіскацыяй тавару.

Як правіла, прапанаваныя ў інтэрнэце тавары ўвезены мінчанамі з-за мяжы нібыта для асабістага карыстання. Сёлета ў студзені—красавіку сталічная падатковая служба выявіла 144 чалавекі, якія займаліся незаконным гандлем у інтэрнэце. У іх былі канфіскаваны таварна-матэрыяльныя каштоўнасці агульным коштам каля 15 млрд рублёў.

Заробкі ў канвертах робяцца выключэннем

«Звычайна такія выпадкі выяўляюцца, калі паступаюць скаргі ад грамадзян, якія выканалі працу, але потым так і не атрымалі абяцанае ўзнагароджанне», — адзначыла Алена Казырская. У некаторых выпадках факты выдачы зарплаты ў канвертах былі выяўленыя падчас комплекснай праверкі дзейнасці прадпрыемства. Так, сёлета ў падатковую інспекцыю звярнуўся мінчанін, які сцвярджаў, што на адным з прадпрыемстваў не выплачваюць заробак. Падчас праверкі супрацоўнікі інспекцыі выявілі і іншыя парушэнні, у тым ліку факты выплаты зарплаты ў канвертах.

Сёлета за чатыры месяцы сталічная падатковая служба зафіксавала каля 15 выпадкаў выдачы зарплаты ў канвертах, а арганізацыям, якія парушылі заканадаўства, даналічана 2,5 млрд рублёў падаткаў. Алена Казырская падкрэсліла, што маштаб гэтай праблемы для Беларусі перабольшваць не варта, бо такія парушэнні носяць адзінкавы характар. «Сёння людзі ўсё часцей пачынаюць думаць пра заўтрашні дзень, у тым ліку пра памер пенсіі», — адзначылі ў міністэрстве.

Набываеш элітнае жыллё — запоўні дэкларацыю

Зразумела, што пад увагу падатковай інспекцыі традыцыйна трапляюць грамадзяне, якія здзяйсняюць буйныя расходы і набываюць кватэры і жылыя дамы павышанай камфортнасці, зямельныя ўчасткі ці транспартныя сродкі. Сёлета, паводле слоў спецыяліста, гарадская інспекцыя будзе цікавіцца інфармацыяй аб жыхарах, якія ажыццявілі 100-працэнтную аплату за памяшканні ў жылых комплексах павышанай камфортнасці «Аквамарын», «Парк-Сіці», «Вівальдзі», «Вівальдзі-2», «Ізумрудны», «Чайкоўскі», «Ветразь». Па-
датковая інспекцыя будзе цікавіцца даходамі мінчан, якія набылі ва ўласнасць нерухомасць коштам больш за
1 млрд рублёў і транспартныя сродкі коштам больш за
500 млн рублёў.

Акрамя таго, цяпер сталічныя інспектары правераць крыніцы даходаў уладальнікаў чатырох і больш кватэр. Паводле слоў Галіны Гурыновіч, у студзені—красавіку падатковыя органы зацікавіла 1,5 тысячы мінчан, у якіх былі запатрабаваны дэкларацыі аб даходах і маёмасці. Ужо традыцыйна падатковыя структуры надаюць увагу грамадзянам, што сістэматычна перасякаюць мяжу Беларусі і ўвозяць на тэрыторыю краіны тавар і іншую маёмасць, непрацуючым, грамадзянам, якія атрымлівалі нязначныя даходы, але здзейснілі дарагія пакупкі. Дэкларацыі запатрабуюць і ў тых, хто атрымліваў даходы ў выглядзе пазык і крэдытаў. Правераць даходы людзей, інфармацыя пра якіх паступіць ад праваахоўных, мытных і пагранічных органаў.

Дармаедаў падлічаць налета ў ліпені

Спісы тых асоб, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржвыдаткаў, падатковая атрымае да 1 ліпеня 2016 года. Галіна Гурыновіч паведаміла, што пакуль вызначаецца парадак узаемадзеяння розных дзяржаўных органаў. Дэкрэтам №3 агаворана: гэта неабходна зрабіць на працягу трох месяцаў. Непасрэдна перад падатковай службай не стаіць задача фарміравання падобных спісаў.

Разам з тым, Галіна Гурыновіч агучыла магчымасці іх апарату: «У нас працуе аўтаматызаваная сістэма, па якой, у прынцыпе, мы можам паглядзець асноўныя легальныя даходы і выдаткі кожнага чалавека. На падставе гэтай інфармацыі магчыма даведацца, працуе ён ці не, а таксама — якія дарагія набыткі ў яго ёсць».

Сяргей КУРКАЧ.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.