Вы тут

На вежы ратушы... пачынаеш разумець Шагала


У Віцебску адсвяткавалі юбілей ратушы. Гэты будынак па праве лічыцца сімвалам горада. Падчас святкавання можна было ўбачыць пасяджэнне суда мінулага, тэатр ценяў, баль, вогненнае прадстаўленне і многае іншае.

— Да нашых дзён захаваўся будынак цаглянай ратушы, пабудаваны ў 1775 годзе. Такім чынам, святкуем 240-ю гадавіну. А першая драўляная ратуша ўпрыгожыла горад яшчэ напрыканцы XVІ стагоддзя. Адбылося гэта пасля таго, як у 1597 годзе Жыгімонт ІІІ Ваза, кароль Польшчы і Швецыі, вялікі князь літоўскі, дараваў Віцебску магдэбургскае права. Адпаведна стварылі магістрат — выбарны орган самакіравання. Пасяджэнні апошняга праводзіліся ў драўлянай ратушы на Рынкавай плошчы. У гонар ратушы потым плошчу перайменавалі... З 1924 года ў гэтым будынку — музей, — распавёў «Звяздзе» Валерый Шышанаў, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Віцебскага абласнога краязнаўчага музея.

Святкаванне распачалося з уручэння «войту» (кіраўніку магістрата.— Аўт.) дакумента прывілея на магдэбургскае права. Вельмі спадабаўся наведвальнікам тэатралізаваны разгляд рэальнай судовай справы мінулага...

Паколькі ў пачатку пазамінулага стагоддзя на вежы ратушы стаялі пажарныя дазорныя, сучасныя выратавальнікі таксама бралі ўдзел у мерапрыемстве. Яны дазволілі ахвотным апрануць спецыяльныя касцюм і шлем. Афіцэры вучылі, як правільна трэба паводзіць сябе ў выпадку небяспекі для жыцця.

Пад'ём на 40-метровую вежу ратушы запомніцца надоўга. На вышыні палёту птушак адразу ўзнікае адчуванне, што літаральна ўзлятаеш над Віцебскам. І міжвольна пачынаеш разумець, чаму ён так натхняў Шагала і што магло стаць падставай для малявання закаханых, гараджан, якія лятаюць над горадам. Падчас невялічкай экскурсіі на вежу смельчакі хадзілі вышэй за цыферблат галоўнага гадзінніка горада. Цікава, што той цыферблат дыяметрам каля 3 метраў. Гадзіннікавая стрэлка важыць каля 12 кілаграмаў, а хвілінная — аж 18. Дарэчы, у вежы знаходзіцца частка механізма дарэвалюцыйнага гадзінніка.

Падчас выступлення тэатра ценяў не абышлося без «карцінак» на шагалаўскія тэмы. Акцёры ў якасці памочнікаў выкарыстоўвалі гледачоў...

Арганізавалі і майстар-класы для ахвотных навучыцца ляпіць, маляваць гербы. Цікава, што ў 1990-я гады на галоўным фасадзе будынка ратушы быў усталяваны бронзавы двухметровы герб Віцебска.

Фаер-шоу ў дворыку ратушы стала вельмі відовішчнай канцоўкай свята.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».