Вы тут

Як ад­наў­ля­юць за­мак, або 2000 валанцёраў — гэта ўжо цэлы горад


Дабрачынны фонд «Любчанскі замак» — адзіны ў сваім родзе. Людзі, якія ўваходзяць у яго, таксама асаблівыя. Бо дзень за днём, год за годам, яны мэтанакіравана аднаўляюць замак — не паветраны, прашу заўважыць, а самы сапраўдны, мураваны, які дайшоў да нас з далёкага XVІ стагоддзя. Іх праца ахутана рамантыкай, можа, таму і ўдаецца давесці задуманае да канца?..

Добрая традыцыя фонду — штогадова збірацца дзеля справаздачы, падвядзення вынікаў таго, што паспелі зрабіць і што яшчэ трэба адолець у будучым годзе. Толькі так, з вернасцю і пастаянствам, дакладнасцю і планаваннем можна ажыццявіць задуманае.

19-30

Абышліся без верталёта

Той, хто даўно не быў у гэтым замку, можа нават здзівіцца таму, як змяніўся ён, як папрыгажэў. На Брамную вежу ўсталявалі новы медны купал, які калісьці, згодна з інвентарамі, быў пакрыты белай бляхай. «Усе пытаюцца, як вы яго туды паднялі? — кажа дырэктар фонду Іван Пячынскі. — Я жартую, што з Мінска прылятаў ваенны верталёт. Але ж насамрэч супрацоўнікі аднаго мінскага прадпрыемства на дзень амаль бясплатна далі нам аўтакран са стралой 43 метры, пад'ёмнасцю 60 тон. Мы дакладна разлічылі ўсё, і ён акурат змог праехаць праз арку вежы. Ад мура яго аддзяляла ўсяго
5 сантыметраў».

Колькі б не было спрэчак пра тое, як выглядаў калісьці купал ці быў ён увогуле, адзіна правільнага адказу тут не будзе. Бо ў розныя перыяды свайго існавання замак мяняўся. Сыходзілі не толькі эпохі, уладары, але і архітэктурныя стылі. Таму адноўлены купал — адзін з тых сапраўдных варыянтаў знешняга выгляду замка ў XVІ — XVІІ стагоддзях.

Падчас раскопак былі знойдзены падмуркі трэцяй вежы — Дазорнай. Пошук чацвёртай пакуль безвыніковы. Былі праведзены кропкавыя археалагічныя даследаванні, але ніякіх парэшткаў знайсці не ўдалося. У бліжэйшай будучыні пошукі фундамента працягнуцца. Бо пра тое, што вежа ўсё-такі была, сведчаць некаторыя дакументы і малюнкі. «Падмурак наўрад ці ўдасца знайсці, — адзначае археолаг Уладзімір Хартановіч. — Калі вежу рабілі з дрэва, то ставіць моцны мураваны фундамент насамрэч не было сэнсу». Ёсць думка, што фундамент быў драўляным і за столькі часу папросту згніў.

Кутняя, або Валанцёрская, вежа набыла свой завершаны выгляд. Праект лесвіц пераходных пляцовак, інтэр'еры ўнутраных памяшканняў распрацавала архітэктар-рэстаўратар Кацярына Лапаціна. Выканаў усё з якаснага дрэва майстар Яўген Леанькоў, які пяць гадоў таму пачаў прыязджаць на замак як валанцёр.

19-29

Пафарбавалі б некалькі гектараў...

Сцяна, што злучае Брамную і Валанцёрскую вежы, таксама з'явілася на працягу апошніх некалькіх гадоў. Яна не толькі, цаглінка за цаглінкай, была складзена на старажытным падмурку, але і патынкаваная, зверху накрытая чырвонай дахоўкай. Да таго ж сцяна зроблена па фахверкавым прынцыпе, таму бэлькі ў ёй давялося асобна фарбаваць спецыяльным растворам, каб надаць выгляд старога дрэва. Паколькі працу гэту выконвалі студэнты-валанцёры, не ўсё атрымлівалася адразу: каб і патынкаваны светлы колер мура захаваўся, і каб драўляныя бэлькі набылі цёмнае адценне. Часам даводзілася перафарбоўваць па некалькі разоў, даводзячы да ідэальнага стану. Іван Антонавіч падлічыў, што фарбы пайшло столькі, што яе хапіла б пафарбаваць плошчу ў некалькі гектараў...

За ўсё плаціць... апантанасць

Калі паслухаць справаздачу Пячынскага пра тое, колькі летась было патрачана грошай, то проста дзіву даешся... Здаецца, тыя, хто аднаўляюць замкі — сапраўдныя чараўнікі, якія, робячы добрую справу, магнітам прыцягваюць рэсурсы, неабходныя для яе ажыццяўлення:

— У мінулым годзе 800 мільёнаў пералічыў наш пастаянны спонсар — Пріорбанк. Тры мільёны паступілі на рахунак ад некага па прозвішчы Курыловіч. Я спрабаваў высветліць, хто гэта, — удалося даведацца, што ён з Расіі. Увогуле ж, улічваючы ўсё тое, што для нас рабілі добраахвотна, летась было выканана работ амаль на 1,5 мільярда рублёў (1,2 мільярда — гэта праца валанцёраў, згодна з каштарысам, астатняе — кошт археалагічных раскопак, таксама зробленых добраахвотнікамі). Цэмент, вапну, фарбу бясплатна прадаставіла фірма Caparol. Свежым мясам для харчавання валанцёраў таксама бясплатна забяспечваў мясцовы калгас.

Прыязджалі і прыедуць зноў

На працы ў замак толькі ў мінулым годзе прыехала 270 валанцёраў (праўда, як новую адзінку кіраўніцтва фонду вырашала лічыць і тых, хто прыязджае паўторна — другі, трэці і больш разоў. За год адпрацавана 1710 чалавека-дзён. Усяго, з 2003 года (часу заснавання фонду) пабыць валанцёрамі прыязджаў 1961 чалавек. «Атрымліваецца, за ўсе гады на Любчанскім замку крыху менш за 2000 чалавек — гэта цэлы горад, і імі адпрацавана амаль 15000 чалавека-дзён», — рэзюмуе дырэктар фонду.

Да кагорты самых адданых валанцёраў Любчанскага замка Іван Пячынскі адносіць Аляксея Скока, Глеба Хатомцава, Рамана Забэлу, Дзіяну Рафальскую, Пётру Пятроўскага, Яну Марчук, Ніну Шчарбачэвіч, Канстанціна Цара, якія не адзін год удзельнічаюць у аднаўленні.

Прытоку новай моладзі ў Любчы, відаць, не спыніць. Увесь час арганізуюцца летнікі, прыязджаюць групы добраахвотнікаў. Сёлета кіраўніком валанцёрскай групы абраны магістрант Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Зміцер Літвінаў. На працягу трох гадоў ён арганізоўваў летнікі і ўжо падрыхтаваў спісы ўдзельнікаў будучага, гарачага для валанцёрскай працы сезона.

Фондам створана адно працоўнае месца — для Міколы Рудакоўскага, які вартуе старажытны мур і шчыруе на ім круглы год.

Пад шэпт велічных ліп

Адметнае ўпрыгажэнне замка — ліпавы парк, што расце абапал. Летась яго нарэшце давялі да ладу, амаладзіўшы, але не змяніўшы старажытна-таемнае аблічча. Для гэтага ва ўласным гадавальніку вырошчвалі маладыя ліпы, якія даглядалі школьнікі мясцовай сярэдняй школы. Дрэвы паступова падсаджвалі на пустыя месцы або туды, дзе старыя па важкіх прычынах былі зрэзаны. Летась яшчэ 110 маладых 10-12-гадовых ліп высадзілі ў парку ля замка, стварыўшы прыгожую алею. Добраахвотна дапамагчы ў гэтым прыязджалі супрацоўнікі камп'ютарнай фірмы ІHS. Дарэчы, за 10 гадоў працы ў парку агулам было высаджана 500 маладых ліп.

Кіраўнік турыстычнага агенцтва «Краіна замкаў» Аляксандр Варыкіш адзначае, што Любча ўжо смела заяўляе пра сябе як цікавы турыстычны аб'ект. Тураператары прызвычаіліся ладзіць экскурсіі па маршруце Нясвіж — Мір, аднак Нясвіжскі замак з'яўляецца вельмі самадастатковым (акрамя палаца, там яшчэ і музей, парк, возера, шмат іншага) — пасля прагляду двух такіх культавых для Беларусі аб'ектаў людзі стамляюцца. Таму арганізатары задумаліся пра тое, каб экскурсію ў Мір ладзіць асобна, з прывязкай да яго наведвання Любчанскага замка. Цалкам верагодна, што апошні ў хуткім часе ўвойдзе ў больш шырокія турыстычныя маршруты...

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.