Вы тут

У духу «апошняй прыгожай вайны»


«Залатая шпора — 1812» упершыню адбудзецца ў нашай краіне.

Здаецца, цяпер самы час, каб запланаваць добрую вандроўку на пачатак лета. Раю пачаць з фестывалю-рэканструкцыі «Залатая шпора», які адбудзецца 6 чэрвеня на базе аграсядзібы ў вёсцы Міжрэчча Валожынскага раёна. Там вы зможаце на цэлы дзень перанесціся ў атмасферу 1812 года, у «эпоху апошняй прыгожай вайны». Заўзятыя кавалерыйскія сутычкі і грозныя атакі пяхоты, гранд-паланэз і «пікніковы баль» шляхты, гучны, стракаты кірмаш і народныя гулянні на Сёмуху («зялёныя святкі») — усё гэта вы зможаце ўбачыць на свае вочы, а таксама паўдзельнічаць у розных забавах і конкурсах.

19-26

Тэрыторыя «Залатой шпоры» будзе падзелена на некалькі зон. Прыхільнікі народнай культуры змогуць далучыцца да «зялёных святак». Побач разгорнуцца традыцыйныя гульні і танцы пад дуду і скрыпку, прагучаць лірычныя спевы ў выкананні фальклорных гуртоў.

На фестывалі зладзяць сапраўдны траецкі кірмаш, дзе гандляваць будуць проста з вазоў. Ахвотныя змогуць набыць традыцыйныя рамесныя вырабы, а таксама паназіраць за іх стварэннем — народныя майстры навучаць карыстацца ганчарным кругам, ткаць, вышываць, прасці, каваць і плесці з лазы.

Тыя, каму больш блізкая шляхетная культура, змогуць пабываць на «пікніковым балі», дзе пад ручку будуць шпацыраваць дамы ў лёгкіх ампірных сукенках і кавалеры ў фраках. Проста на палянцы будзе гучаць класічнае трыа (віяланчэль, флейта, фартэпіяна). Можна будзе прыняць удзел у забавах вышэйшага саслоўя — навучыцца танцаваць мазурку, вальс або паланэз, пафехтаваць на шпагах або пакатацца на лодцы па старой сажалцы.

На іншай пляцоўцы адбудзецца рэканструкцыя ваеннага лагера, дзе раскватаруюцца кавалерысты 17-га ўланскага палка Вялікага Княства Літоўскага. Зазірнуўшы сюды, можна будзе ўбачыць побыт беларускага салдата, які служыў у 1812 годзе: шэрагам стаяць намёты, на піках лунаюць сцяжкі, а ў катлах гатуецца салдацкая каша... Бравыя кавалерысты пакажуць гледачам, як сядлаць уланскага каня і як сячы старадаўняй шабляй.

Цэнтральнай падзеяй фестывалю стануць кавалерыйскія спаборніцтвы на піках і шаблях, а таксама спаборніцтвы па джыгітоўцы.

19-28

Госці змогуць убачыць грандыёзную бітву, у якой прыме ўдзел як кавалерыя, так і пяхота. Завершыць фестываль вялікі парад.

Кожны ахвотны зможа ўзяць напракат гістарычны касцюм у стылі ампір, каб яшчэ больш паглыбіцца ў эпоху пачатку XІX стагоддзя. У карчме будуць падаваць стравы, прыгатаваныя па старадаўніх беларускіх рэцэптах.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.