Вы тут

Высокія тэхналогіі гарадской бальніцы


Велізарныя сродкі выдаткоўваюцца сёння на тое, што кожны з лёгкасцю называе «бясплатным». Сур'ёзныя бюджэтныя сумы расходуюцца не толькі на рэканструкцыю і рамонт, але і на замену абсталявання (прыкладна кожныя пяць гадоў), на практычна няспынную падрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў (развіццё медыцынскіх тэхналогій патрабуе) і г.д. Урэшце, хто здольны аплаціць з уласнай кішэні аперацыю коштам у некалькі тысяч долараў?

Трыццаць гадоў таму ў Мінску на Убарэвіча, 73 была ўзведзена новая бальніца. Першымі адкрыліся два наркалагічныя аддзяленні. Іх пацыенты не толькі атрымлівалі лячэнне, але і прыцягваліся да працатэрапіі — дапамагалі ўзводзіць буйны шматпрофільны стацыянар, 10-ю гарадскую клінічную бальніцу, якая сёння аказвае кваліфікаваную спецыялізаваную меддапамогу жыхарам сталіцы, краіны і замежным грамадзянам. Цягам года тут выконваецца каля 20 тысяч хірургічных аперацый, каля 100 тысяч чалавек атрымліваюць меддапамогу амбулаторна і звыш 37 тысяч — ва ўмовах стацыянара.

20-9

За апошнія гады 10-я бальніца перажыла шэраг змяненняў, і цяпер да паслуг пацыентаў — шырокія і даступныя магчымасці па дыягностыцы, лячэнні і рэабілітацыі.

— На базе бальніцы функцыянуе пяць спецыялізаваных рэспубліканскіх цэнтраў — афтальмалагічны, хірургічнай панкрэаталогіі, алергалогіі і прафпаталогіі, таракальнай хірургіі, гастраэнтэралогіі, — адзначае галоўны ўрач 10-й гарадской клінічнай бальніцы г. Мінска Віктар ІСАЧКІН. Размяшчаюцца, акрамя таго, і чатыры гарадскія цэнтры — «Дыябетычная ступня», гастрадуадэнальных крывацёкаў, таракальнай хірургіі, традыцыйнай усходняй медыцыны. Працуюць дзевяць навуковых кафедраў Белдзяржмедуніверсітэта і Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, што спрыяе пастаяннаму павышэнню кваліфікацыі ўрачэбнага персаналу, эфектыўнаму ўкараненню новых медыцынскіх тэхналогій. Ужо асвоена звыш 20 відаў высокатэхналагічных методык дыягностыкі і лячэння. Адзінае ў краіне гнойнае таракальнае аддзяленне ратуе жыццё пацыентам з ускладненнямі, напрыклад, пасля аперацыі на сэрцы. Каб выконваць падобнага кшталту ўмяшанні, неабходна мець адпаведныя кадры і самае сучаснае абсталяванне. У нас усё гэта ёсць.

Развіццё сучаснай хірургіі дазваляе выконваць аперацыі, якія яшчэ не так даўно здаваліся фантастыкай. Калі раней, каб вылечыць пацыента ад цяжкага захворвання, выдаляўся ўвесь орган, то сёння можна дапамагчы так, каб максімальна захаваць і орган, і якасць жыцця. Сёння, калі ў сасудах сэрца выяўляецца паталогія, то ў межах аднаго ўмяшання можна паставіць і два, і тры стэнты.

Задача такой бальніцы, як наша, — узяць на сябе асноўную велізарную нагрузку, звязаную з лячэннем самых распаўсюджаных, у тым ліку вельмі цяжкіх, паталогій, а больш рэдкія і самыя складаныя выпадкі застаюцца для профільных рэспубліканскіх цэнтраў кшталту РНПЦ «Кардыялогія». Толькі там ёсць, напрыклад, апараты штучнага кровазвароту для аперацый з прыпыненнем работы сэрца, толькі там можна правесці аперацыі па замене клапана або аортакаранарнае шунтаванне. А ў выпадку інфаркту пацыента павінны даставіць у звычайную бальніцу, дзе яму зробяць каранараграфію (для гэтага ў нас ёсць ангіёграф), падчас якой можна аднавіць парушаны крываток. Праз некалькі тыдняў пацыент можа вярнуцца да працы.

Разам з тым выконваецца ў клініцы і каля 5 тысяч умяшанняў з выкарыстаннем высокіх тэхналогій. Галоўным чынам, у галіне афтальмалогіі — перасадка рагавіцы, лазерная карэкцыя зроку... Для мікрахірургіі вока набываецца такая дарагая тэхніка, што не па сілах ніводнаму камерцыйнаму медцэнтру.

У нас вельмі шырокія магчымасці і ў правядзенні дыягностыкі. На платнай аснове можна абследавацца «ад і да». Наша эндаскапічнае абсталяванне — адно з самых лепшых у краіне. Да таго ж у нас працуюць галоўныя пазаштатныя гастраэнтэролаг і эндаскапіст Міністэрства аховы здароўя. Ёсць і самае неабходнае для рэабілітацыі. Гэта сёння самая актуальная тэма ў сучаснай медыцыне: не толькі правесці аперацыю, але і аднавіць страчаныя функцыі, вярнуць пацыента да працы і звыклага жыцця.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.