Гарбуз


Гарбуз з'яўляецца своеасаблівай скарбніцай карысных рэчываў і вітамінаў. Прычым каштоўна ў ім усё: карысныя і смачныя гарбузікі, алей з якіх нізкаалергенны і з'яўляецца супрацьзапаленчым і аднаўляльным сродкам; прыемная мякаць, якая ўтрымлівае шэраг важных вітамінаў, у тым ліку рэдкі вітамін Т (нармалізуе абмен рэчываў).

20-4

Пры слове «гарбуз» многія з нас адразу ўяўляюць сабе немаленькі круглявы плод ярка-жоўтага або аранжавага колеру. Але на самой справе гарбузы адрозніваюцца і па форме, і па колеры, і па смаку. Ёсць мноства неядомых, дэкаратыўных сартоў. Аднак самыя распаўсюджаныя — гарбуз звычайны (цвёрдакоры), гарбуз мускатны і гарбуз буйнаплодны.

Не ўсе ведаюць, што шырока вядомыя кабачок і патысоны — гэта, аказваецца, таксама гарбузы.

Пасадка

Саджаючы гарбуз, важна разумець, што гэта бахчавая паўднёвая культура, якая мае асноўны доўгі корань і шмат разгалінаваных маленькіх карэньчыкаў, якія размяшчаюцца бліжэй да паверхні глебы, чым асноўны корань, дзесьці на 40-50 см, таму ўрадлівы верхні слой важны для яе. Гарбуз можа галінавацца, можа расці кустом — словам, неабходна забяспечыць яму прастор. Гэта значыць, саджаць расліны рэкамендуецца не бліжэй за
50 см адна ад адной.

Гарбуз трэба саджаць на сонечным месцы. 25°С — аптымальная тэмпература для росту гарбузоў, пры 14°С рост спыняецца.

Гарбуз можна саджаць на любых глебах, але толькі ўрадлівая здольная даць вам плод вялікага памеру. Увосень пад перакопку ўносяць арганічныя і мінеральныя ўгнаенні. У глебу пажадана ўносіць фосфарна-калійныя ўгнаенні. У кіслую глебу, гэтак жа як і для большасці садовых культур, неабходна ўносіць попел або вапну. Можна таксама ўносіць перагной, попел і суперфасфат адразу ў лунку непасрэдна перад пасадкай.

Свежы гной падыходзіць гэтай культуры вельмі добра. Можна саджаць гарбуз на кампосных кучах, дабавіўшы пяску і трохі дзярновай зямлі.

Пры наяўнасці лёгкай урадлівай зямлі гарбузікі саджаюць проста ў зямлю, без стварэння градак. Калі глеба цяжкая і нясе ў сабе шмат вільгаці, то лепш зрабіць высокія градкі і ўжо ў іх сеяць насенне. Градкі таксама робяць для мускатных гарбузоў, каб максімальна забяспечыць ім прагрэтую глебу.

Гарбузы можна высаджваць адразу ў грунт, а можна выкарыстоўваць расадны метад. Выключэннем з'яўляецца гарбуз мускатны — каб гэты від мог выспяваць у сярэдніх шыротах, яго высаджваюць толькі расадай.

Папярэднікамі гарбуза могуць быць: баклажаны, буракі, морква, бабовыя культуры, перац, памідоры, бульба, капуста, цыбуля.

Не падыходзяць роднасныя культуры: агуркі, патысоны, кабачкі.

Догляд

Асноўны догляд складаецца ў праполцы, рыхленні і паліве глебы, асабліва падчас росту плода. Аднак не варта паліваць, пакуль завязь меншая за кулак, інакш расці будзе ў асноўным лісце, а плод набярэ мала карысных рэчываў. Спыніць паліў трэба і тады, калі гарбуз саспеў, каб ён паляжаў і набраў цукроў у мякаці.

Угнойваць расліну можна і трэба, але важна не перастарацца. Першая падкормка да цвіцення — арганічнымі ўгнаеннямі (настой каравяку) і фосфарна-калійнымі ўгнаеннямі, другую можна правесці падчас цвіцення, выкарыстоўваючы драўняны попел.

Збор ураджаю

Мускатныя гарбузы лепш збіраць у верасні, захоўваючы пладаножку. Пры правільнай уборцы ў сухое сонечнае надвор'е гарбуз можа ляжаць каля года. Вельмі папулярны метад даспявання гарбузоў, калі плод ляжыць у цяпле, чым-небудзь накрыты (як зялёныя памідоры). Ён павінен знаходзіцца ў светлым памяшканні, але каб прамыя сонечныя прамяні на яго не траплялі.

Цвердакорыя і буйнаплодныя гарбузы таксама ўбіраюць восенню, калі пачынае ўсыхаць пладаножка і цвярдзець кара. Часта бывае, што сарты буйнаплоднага гарбуза не паспяваюць выспець, гэта адбываецца ўжо пры захоўванні. Пасля ўборкі гарбузы трэба тыдзень-другі патрымаць у цяпле, каб лішняя вільгаць выпарылася, а ў мякаці назапасілася больш цукроў.

Цікавыя сарты

Гарбуз «Спагеці». Хуткаспелы сталовы сорт, ад з'яўлення ўсходаў да поўнай спеласці пройдзе каля 2 месяцаў. Мякаць гэтага гарбуза пасля адварвання распадаецца на доўгія валокны, дзякуючы якім ён і атрымаў сваю назву. Іх можна есці халоднымі ў салаце або гарачымі, як спагеці.

Мускатны гарбуз — адзін з самых смачных, але вельмі цеплалюбівы. Форма пладоў розная, афарбоўка — жоўтага або карычнева-ружовага колеру. На лупіне падоўжныя светлыя плямы. Аранжавая ці ярка-аранжавая мякаць гэтага віду мае свой асаблівы смак і пах, па кансістэнцыі шчыльная, але далікатная.

Ірына Тамковіч

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.