Вы тут

У сэрца ворагаў хапае


Памерам прыкладна з кулак, гэты полы мышачны орган упарта і магутна перапампоўвае кроў ва ўсе ўчасткі цела, дастаўляе кісларод да кожнай клеткі, мышцы, косці і органа. Цягам сутак сэрца пераганяе каля 8 тыс. л крыві па сістэме кровазвароту. Калі помпавая функцыя сэрца і цыркуляцыя крыві па сасудах спыніцца на некалькі хвілін, спыніцца і жыццё. Сапраўды, нярэдка першай прыкметай хвароб сэрца і сасудаў з'яўляецца раптоўная смерць. Вось чаму такая ўвага надаецца прафілактыцы сардэчна-сасудзістых захворванняў.

20-10

Да фактараў рызыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў адносяць такія прыкметы, якія немагчыма кантраляваць — пол, узрост, спадчыннасць — і тыя, што паддаюцца свядомаму кантролю — курэнне, вага, фізічная актыўнасць, халестэрын крыві, павышаны артэрыяльны ціск і высокі ўзровень цукру крыві. Загадчыца кардыялагічнага аддзялення №2, урач-кардыёлаг вышэйшай катэгорыі Наталля ПАЛЯЎКОВА нагадвае некалькі важных рэчаў.

— У першы год жыцця ўрач-педыятр адсочвае наяўнасць шумоў у сэрцы, частату сардэчных скарачэнняў, праводнасць. Важна паказваць дзіця ўрачу так часта, як ён гэта рэкамендуе. Другі важны момант — лад жыцця: нельга дапускаць значнага набору вагі ў дзіцяці. Атлусценне — спадарожнік павышанага артэрыяльнага ціску. Ціск расце, бо сэрца працуе з павышанымі намаганнямі. І вось мы ўжо ў дзіцячым узросце выяўляем гіпертонікаў. Калі сардэчная паталогія выяўляецца ў юнакоў прызыўнога ўзросту, іх накіроўваюць на абследаванне ў кардыялагічнае аддзяленне, аднак часта пасля выпіскі маладыя людзі ігнаруюць усе рэкамендацыі, каб не пайсці ў армію. Акрамя таго, ёсць катэгорыя юнакоў, якія празмерна захапляюцца спортам, а фізічныя перагрузкі пашыраюць камеры сэрца, што павышае рызыку раптоўнай арытміі і гібелі. Трэба мець на ўвазе, што некаторыя прыроджаныя адхіленні ў сэрцы выявіць вельмі цяжка, а таму заўсёды трэба быць уважлівымі да дзіцячых скаргаў, давяраць дзіцяці і не прымушаць яго перагружацца.

У свеце сёння назіраецца рост вірусных пашкоджанняў сэрца. Не толькі халестэрынавыя бляшкі, але самыя розныя вірусы (грыпу, вострых рэспіраторных вірусных інфекцый, герпесу і інш.) шкодзяць каранарным сасудам і самому сэрцу. Вось чаму кардыёлагі настойваюць на пасцельным рэжыме ў першыя дні развіцця такіх захворванняў, на прымяненні прызначаных урачом супрацьвірусных лекаў.

Вялікі ўплыў на работу сэрца аказвае і гарманальны фон. Недахоп эстрагенаў, напрыклад, павышае ціск, выклікае сэрцабіццё. А высокі ціск, у сваю чаргу, псуе сасуды, унутраны слой якіх пачынае лягчэй прыцягваць халестэрын. Па такіх сасудах сэрцу цяжка дастаўляць кроў, і яно працуе ў напружаным рэжыме. Пакутуе сэрца і ад таксічнага ўздзеяння тытуню і алкаголю. Гэта выклікае арытмію, парушае праводнасць, пашырае камеры сэрца.

На заметку

Залежнасць... ад клафеліну?

Той, хто лечыць сардэчна-сасудзістыя захворванні і рэгулярна ўжывае лекі, падаўжае сваё жыццё. Аднак часам хворыя хоць і прымаюць лекі, ды не тыя. Так, многія перамагаюць скачкі ціску клафелінам. Прэпарат уздзейнічае на цэнтральную нервовую сістэму, галаўны мозг, валодае агульным заспакаяльным уздзеяннем, хутка зніжае ціск, але хутка і губляе гэты эфект, выклікаючы новы «скачок». Спрыяе ярка выяўленай залежнасці: чым больш ужываеш, тым больш арганізм патрабуе (таму ўрачы рэкамендуюць замяняць клафелін моксанідзінам, які не дае такога эфекту). Клафелін наогул неабходны для купіравання гіпертанічнага крызу (ён праяўляецца парушэннем каардынацыі, моцным галаўным болем, млосцю, ванітамі, але не заўсёды высокімі верхнімі лічбамі ціску — у гіпатонікаў гэта можа быць 140 мм рт. сл.). Нярэдка ў хуткім часе пасля гіпертанічнага крызу здараецца інсульт. Таму неабходна ісці да ўрача, які прызначыць індывідуальную схему лячэння артэрыяльнай гіпертэнзіі — у розных людзей захворванне мае свае асаблівасці. А для агульнага заспакаення гіпертонікам добра піць гарбату з сардэчніку і глогу. У ідэале трэба яшчэ наведаць урача-псіхатэрапеўта, які дасць свае карысныя парады.

Як распазнаць інфаркт?

З артэрыяльнай гіпертэнзіяй звязана і другое ўскладненне — інфаркт міякарда. Яго можна распазнаць па болю ў грудзях — працяглым, больш за 10 хвілін, прыступе, або кароткіх прыступах, якія часта паўтараюцца. Пры такім болі трэба разжаваць таблетку аспірыну,  праз некалькі хвілін пакласці пад язык нітрагліцэрын (можна да трох таблетак з інтэрвалам 5 хвілін), выклікаць «хуткую!». Бывае, інфаркт працякае ў атыповай форме — хворы адчувае млосць, слабасць, галаўны боль, губляе прытомнасць, што звязвае з пачаткам прастуды і вырашае вылежацца ў найбліжэйшыя выхадныя. Гэта вельмі небяспечна, паколькі пагражае смерцю або ўскладненнямі з парушэннем сардэчнага рытму, фарміраваннем анеўрызмы. Чым раней ад пачатку болевага прыступу пацыент сустрэнецца з урачом, тым хутчэй будзе праведзена тромбалітычная тэрапія, і пацыент будзе дастаўлены ў стацыянар для правядзення каранараграфіі. Падчас яе правядзення выдаляецца тромб, адкрываецца артэрыя, якую ён перакрыў. Гэта магчыма толькі пры раннім звароце. Тады скарачаецца зона пашкоджання, ёсць магчымасць нават папярэдзіць інфаркт міякарда.

Якое даследаванне можа паказаць набліжэнне інфаркту міякарда?

Стапрацэнтнага метаду, на жаль, не існуе. Пры характэрных скаргах і падазрэннях урач спачатку прызначае электракардыяграму (яна спраўляецца з такой задачай толькі ў 30 працэнтах выпадкаў). Далей можа выконвацца ўльтрагукавое даследаванне сэрца (яно паказвае, якія змены выклікала артэрыяльная гіпертэнзія). Прымяняюцца нагрузачныя тэсты. Існуюць і дадатковыя метады абследавання — сцынтыграфія (для даследавання міякарда) з назапашваннем ізатопаў у сардэчнай мышцы і каранараграфія (для даследавання сасудаў сэрца).

Для прадухілення праблем з сэрцам неабходна весці здаровы лад жыцця і атрымліваць станоўчыя эмоцыі.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».