Вы тут

Лебядзінае возера...


Больш за 40 грацыёзных птушак раптам пасяліліся на штучным вадаёме недалёка ад Віцебска.

Пра вялікую колькасць лебедзяў у віцебскі карпункт паведаміў пастаянны чытач «Звязды».

«Добры вечар! Быў толькі што ў вёсцы Сакольнікі, гэта недалёка ад Віцебска. Там на пракат можна лодку ўзяць, адпачыць. Але не гэта галоўнае. Я там налічыў шмат лебедзяў. Як вы думаеце колькі?» — заінтрыгаваў Валерый Сяргеевіч Каваленка.

[caption id="attachment_84136" align="alignnone" width="600"]20-8 Сяр­гей Ар­цё­ма­віч Пруд­ні­каў.[/caption]

— Ну, мо птушак 10, 30, 40? У адказ я пачуў, што аж 43 лебедзі.

«Мо і не ўсіх падлічыў, бо вадаём вялікі. Ды і птушкі на месцы, вядома, доўга не затрымліваюцца. Уявіце сабе: некаторыя лебедзі самі падыходзяць да людзей і не пужаюцца браць хлеб з рукі. Бачылі б вы, з якім задавальненнем дзеці іх кормяць, ды і дарослыя таксама», — працягвае суразмоўца.

Паколькі а дзясятай гадзіне вечара фатаграфаваць прыгажуноў не вельмі зручна, мы паехалі на вадаём раніцай. І здзіўленню не было краю, калі насамрэч убачылі дзясяткі лебедзяў.

Вадзіцелі, якія праязджалі міма, спынялі аўто і з задавальненнем некалькі хвілін назіралі за грацыёзнымі птушкамі...

Цікава было даведацца, ці насамрэч гэта сенсацыя? Мо і летась на вадаёме было нямала лебедзяў?

Міма нас праходзіў мужчына. Высветлілася, што ён — старажыл гэтых месцаў. І прозвішча «сімвалічнае» аказалася ў суразмоўцы: Пруднікаў!

— Тутэйшы я. У суседняй вёсцы жыву. Вадаём гэты штучны. У свой час сюды рыбу запускалі для гадавання і адлову. Летась тут бачыў толькі пару лебедзяў. Сёлета таксама спачатку дзвюх птушак, але адна памерла: з'ела нешта не тое, або забілі — не ведаю. А нядаўна назіраў, як лебедзі злятаюцца: адзін за адным, бы на аэрадроме самалёты, — распавядае Сяргей Арцёмавіч, які вельмі перажывае, што людзі на берагах вадаёма часта пакідаюць смецце...

20-7

Па каментарый звярнуўся да біёлага.

— Лебедзі лічацца царамі птушак, якія жывуць на вадзе. Мяркуючы па апісанні, вы маеце на ўвазе лебедзя-шыпуна. Ён насамрэч, як вы заўважылі, шыпіць, калі баіцца чагосьці, «сумняваецца», ці яму нешта не падабаецца. Даўжынёй такія птушкі бываюць каля 1,8 метра, а вага самых буйных (самцоў. — Аўт.) можа дасягаць 13-14 кг. Размах крылаў у шыпуна можа быць прыблізна 2,4-2,5 метра... Вы будзеце здзіўлены, калі скажу, што як від лебедзь ледзь не знік у Беларусі. Было гэта напрыканцы XІX — у пачатку мінулага стагоддзя. Тады іх бескантрольна забівалі, бо лебедзяў елі, а пух і пёры для розных вырабаў выкарыстоўвалі... У наш час птушка вельмі ахвотна жыве і паблізу людзей. Асабліва калі іх пастаянна кормяць. Паколькі я не быў на вадаёме, цяжка растлумачыць, чаму адначасова там з'явілася шмат лебедзяў. Але гэта ў ліку іншага — паказчык таго, што вада чыстая і корму дастаткова для ўсіх. Інакш бы «лішнія» птушкі паляцелі. Памерці лебедзь, пра якога вы сказалі, мог з-за таго, што, напрыклад, праглынуў рыбалоўнае грузіла, — распавядае Сяргей Пятроўскі.

Вядома, што лебедзь манагамная птушка. Нездарма яе ўзгадваюць, калі гавораць пра вернасць, каханне з вялікай літары. Шануюць лебедзяў тыя, хто ўступіў у шлюб, таму, безумоўна, «лебядзінае возера» можа пераўтварыцца ў мекку для маладых. Галоўнае, каб шумныя вясельныя картэжы не пакідалі пасля сабе смецце, не кідалі бутэлек з-пад шампанскага ў ваду...

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Віцебскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.