Вы тут

Ратуючы браканьера, сябры... ірвалі на ім адзенне


На якія толькі хітрыкі часам не ідуць браканьеры, каб абысці закон і «выйсці сухімі з вады». Пра некалькі такіх выпадкаў распавяла прэс-сакратар Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Вольга Грамовіч.

— У Чавусах маці і сын займаліся браканьерствам, выкарыстоўваючы ў якасці плаўсродку звычайны надзіманы матрац. З яго дапамогай парушальнікі ўстанаўлівалі і выбіралі сеткі. «Знаходлівых» браканьераў затрымалі падчас іх «пляжнага» сезона на рацэ Проні непадалёку ад райцэнтра. Захопленыя расфасоўкай улову, сваякі не заўважылі дзяржінспектараў. Паколькі ў Магілёўскай вобласці яшчэ дзейнічае нераставая забарона, шкода ад незаконнай рыбалкі ацэнена ў 42 мільёны рублёў.

Браканьер з вёскі Ганалес «выйшаў у мора» на камеры ад аўтамабільнага кола. Яго ўжо не раз прыцягвалі да адказнасці за незаконны промысел і нават канфіскавалі лодку. Аднак «рыбак» не супакоіўся і вырашыў устанавіць сеткі пры дапамозе камеры ад машыны. І хаця злавіў толькі пяць кілаграмаў рыбы (але падчас нерасту), павінен будзе пакрыць 20,5 мільёна рублёў штрафу. А калі не зробіць гэтага, можа трапіць за краты.

Яшчэ адно затрыманне ў гэтым жа раёне адбылося дзякуючы званку на тэлефон даверу. Рыбакі заўважылі, як двое мужчын з лодкі ўстанаўліваюць сеткі. Адзін з парушальнікаў аказаўся з памянёнага вышэй Ганалеса. Калі яго затрымлівалі, на дапамогу грамадзяніну паспяшаліся сябры. Яны сталі... ірваць на ім адзенне і спрабавалі зняць на тэлефон, як мужчына «пацярпеў» ад сустрэчы з дзяржінспектарамі. Разбор па гэтай справе працягваецца.

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.