Вы тут

Бактэрыі не выжываюць


Аперацыйны блок размяшчаецца на двух паверхах: 13 асобных залаў, 20 аперацыйных сталоў, частка з якіх — для правядзення мікрахірургіі вока.

20-11

— За апошнія тры гады ў нас была праведзена рэканструкцыя і перааснашчэнне, — расказвае загадчык хірургічнага аперацыйнага блока Мікалай ВАЛАДКОВІЧ. — Аперацыйныя залы забяспечаны бесперабойнай падачай электраэнергіі дзякуючы спецыяльнай сістэме бяспекі і генератару, размешчанаму на тэрыторыі клінікі. У любой зале агульнай хірургіі можна выканаць хоць таракальнае ўмяшанне, хоць флебактамію. Дарэчы, сучасная аперацыя па выдаленні варыкозна пашыраных вен — гэта лазерная тэхналогія, пры якой робяцца праколы, а не траўматычны разрэз.

Дзве аперацыйныя залы — гэта модулі з ламінарным патокам паветра. Такія ёсць толькі ў Ваенным шпіталі, Рэспубліканскім цэнтры трансплантацыі органаў і тканак і ў нас. Асаблівыя ўмовы — для найбольш працяглых і складаных аперацый на страваводзе, трахеі, падстраўнікавай залозе.

Паветра ў модуль падаецца пэўнай тэмпературы і вільготнасці, яно фактычна стэрыльнае. У такіх умовах мікробы не маюць шанцаў пасяліцца ў ране. З дапамогай сістэмы цэнтралізаванага кіравання (на хірургічнай кансолі знаходзіцца сэнсарны манітор) хірург можа, не адыходзячы з працоўнага месца, кіраваць абсалютна ўсім, што ёсць у пакоі — адкрываць-закрываць жалюзі, мяняць інтэнсіўнасць і колер асвятлення. Працэс умяшання фіксуецца на камеру і можа пасля захоўвацца ў архіве. Дарэчы, ва ўсіх аперацыйных даступная відэафіксацыя або нават тэлетрансляцыя для правядзення кансультацыі з іншымі спецыялістамі краіны і нават свету. Сучасныя апараты для анестэзіялогіі ў модулях кантралююць удых-выдых, пульс. Гэта вельмі дарагое абсталяванне стварае камфортныя ўмовы работы для медбрыгады, змяншае працягласць аперацыі, зніжае рызыку ўскладненняў.

— Дыяпазон так званых аперацый без разрэзаў пастаянна пашыраецца, — заўважае доктар Валадковіч. — Пры булёзнай эмфіземе лёгкіх (пухірах на лёгкіх) чалавек не можа абысціся без хірургічнай дапамогі, і раней гэта была адкрытая паласная аперацыя. Цяпер — тры праколы, праз якія ўводзяцца відэакамера, інструментарый. Булы, або пухіры, выдаляюцца, тканка прашываецца, і пацыент фактычна праз дзве гадзіны пасля выхаду з наркозу можа стаць на ногі... Аднак эндаскапічныя аперацыі не могуць цалкам замяніць класічныя. І не толькі таму, што многія вельмі позна трапляюць у поле зроку ўрачоў, але і таму, што любая эндаскапічная аперацыя ў выпадку, напрыклад, развіцця крывацёку можа ператварыцца ў адкрытую. Таму ўсе ўрачы, якія выконваюць лапараскапію, здольныя правесці і адкрытую аперацыю.

У цесным супрацоўніцтве з кафедрамі БДМУ і БелМАПА распрацоўваюцца новыя віды ўмяшанняў. Так, у таракальнай хірургіі запатэнтавана рэканструкцыйнае ўмяшанне на трахеі. Яно неабходна, напрыклад, пацыенту з чэрапна-мазгавой траўмай, які доўга знаходзіцца на штучным дыханні. Сувязь з апаратам забяспечвае спецыяльная трубка, якая праз некалькі дзён пачынае траўмаваць тканку трахеі, што выклікае як звужэнне, немагчымасць дыхаць. Раней такія хворыя назаўжды заставаліся з трубкай, а цяпер пашкоджаны ўчастак выдаляецца, работа трахеі аднаўляецца.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.