Вы тут

Хварэць... зручна


Свядома ніхто не хоча хварэць, а вось падсвядома... Хвароба дае магчымасць атрымаць «другасныя выгады»: падсвядомасць абараняе нас ад пагроз. Але якімі спосабамі яна гэта ажыццяўляе?

Боязь сямейных ці працоўных канфліктаў прыводзіць чалавека да гіпертаніі. Ён заглушае свой гнеў, і нявыказаныя эмоцыі выліваюцца ў сур'ёзнае захворванне. Ціск разбуральных эмоцый прыводзіць да павышанага ціску крыві. Дрэнны зрок дае магчымасць «заплюшчыць» на штосьці вочы, не бачыць таго, хто не падабаецца. Боль у спіне, шыі, суставах могуць азначаць нежаданне займацца нейкай справай. З дапамогай пераядання праблема пераходзіць з эмацыянальнай катэгорыі ў фізічную. Пераеў — стала фізічна дрэнна, і ўжо не да пярвічнай праблемы. І гэтак далей, пералічваць можна бясконца, — тлумачыць урач-псіхатэрапеўт Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Наталля ГУРАВА.

У некаторых краінах людзі атрымліваюць дапамогу па інваліднасці па прычыне дэпрэсіі — чалавеку цяжка пераадолець бар'ер і пачаць хадзіць на працу, праяўляць актыўнасць, іначай у яго аднімуць дапамогу. Школьнік прапускае школу з прычыны хранічнай прастуды, таму што такім чынам пазбягае цяжкасцяў з навучаннем або кантактаў з равеснікамі.

Хвароба дае чалавеку ўвагу і клопат з боку сваякоў. Пад хворага падладжваюцца, імкнуцца дагадзіць і аблегчыць яго становішча. Хворым усё даруюць, вызваляюць ад многіх абавязкаў. Празмерная апека блізкіх стварае ўмовы для таго, каб чалавек не прыкладаў максімум намаганняў у барацьбе за сваё выздараўленне, перакладваў адказнасць на плечы сваякоў і ўрачоў. Можна доўга хварэць, каб цябе шкадавалі і ўдзялялі як мага больш увагі. Усё гэта змяншае шанцы на вяртанне да актыўнага жыцця.

Часта захворванне дапамагае пазбегнуць сітуацый, у якіх неабходна прымаць складаныя рашэнні, браць на сябе адказнасць. «Я хварэю і ў гэты момант не здольны прымаць ніякія рашэнні». І наадварот, некаторыя праз захворванне пачынаюць інакш успрымаць сваё жыццё і стаўленне да блізкіх — адбываецца пераацэнка каштоўнасцяў. Такія людзі пераадольваюць сваю немач і становяцца апорай для іншых.

Але любое цяжкае захворванне — высокая цана, каб з яго дапамогай вырашаць свае жыццёвыя праблемы. Таму адной са шматлікіх задач, якія паўстаюць перад псіхолагам і пацыентам, з'яўляецца ўсведамленне таго, што можа даваць хвароба гэтаму пацыенту, якія ўстаноўкі дапамагаюць і перашкаджаюць выздараўленню.

Дайце праўдзівыя адказы на некалькі пытанняў, і вы зразумееце, як вырашыць праблему:

* Якую выгаду я атрымліваю ад хваробы?

* Чаго чакаю ад сваякоў у сувязі з захворваннем?

* Якімі справамі магу не займацца ў дадзены момант?

* Якія праблемы адкладваю?

* Якімі шляхамі, акрамя захворвання, магу атрымаць жаданае?

Праўда перад самім сабой абавязкова дапаможа пераадолець хваробу.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».