Вы тут

Мы жывём па сродках


І тарыфы на транспарт ды сувязь павышацца не будуць.

Так лічыць прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў. Учора адбылося пасяджэнне Савета Міністраў, на якім разглядаліся вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця ў І квартале 2015 года. Кіраўнік урада адзначыў, што за гэты час былі паслядоўна рэалізаваны вымушаныя жорсткія меры па макраэканамічнай стабілізацыі.

Агалілася неэфектыўнасць

«Па сутнасці, у сціснутыя тэрміны давялося адаптаваць бюджэт, банкаўскую сістэму, рэальны сектар краіны да працы ў новых эканамічных умовах, выкліканых абвалам цэнаў на нафту, рэзкай дэвальвацыяй расійскага рубля, еўра, грыўні і іншых валют, рэцэсіяй сусветнай эканомікі і сціскам попыту ў нашых ключавых гандлёвых партнёраў», — адзначыў Андрэй Кабякоў.

Паводле яго слоў, жорсткія меры балансавання не маглі не адбіцца на тэмпах развіцця эканомікі, перш за ўсё на рэальным сектары і яго фінансавым стане. Адаптацыя эканомікі краіны да прынцыпова іншага знешняга становішча суправаджаецца запаволеннем росту ВУП па выніках І квартала на 2%. Прэм'ер-міністр адзначыў, што асноўны ўплыў аказала падзенне валавай дабаўленай вартасці ў прамысловасці, агаліліся праблемы нізкай эфектыўнасці шэрагу буйных прадпрыемстваў, залішняй занятасці на іх, нізкай канкурэнтаздольнасці, недахопы ў вытворчай і маркетынгавай палітыцы. Устойлівы рост у сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, гандлі не змог кампенсаваць падзенне ў апрацоўчай прамысловасці, транспарце і сувязі. Пры захаванні практычна на ўзроўні студзеня-сакавіка 2014 года фізічных аб'ёмаў экспарту сярэднія экспартныя цэны знізіліся на 29%.

«Аднак пры ўсёй складанасці сітуацыі сёння ў краіне забяспечана фінансавая і валютная стабільнасць, запаволілася інфляцыя. Захоўваецца гнуткі валютны курс — роўна такі, каб не марнаваць золатавалютныя рэзервы на яго падтрыманне. Прынятыя меры дазваляюць утрымліваць беспрацоўе ў сацыяльна прымальных межах, а таксама забяспечваць неабходныя гарантыі і кампенсацыі насельніцтву. Галоўны вынік — мы жывём па сродках», — канстатаваў кіраўнік урада.

Цэны пракантралююць

«Для падтрымкі людзей ва ўмовах аб'ектыўна складанай сітуацыі на рынку працы ўрад не плануе павелічэння тарыфаў на транспарт і сувязь, — заявіў Андрэй Кабякоў. — Магчымасці індэксацыі тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі будуць разглядацца толькі ва ўвязцы з фактычным ростам заработнай платы». Паводле слоў прэм'ер-міністра, працягнецца сістэмны маніторынг сітуацыі на спажывецкім рынку. «У сакавіку-красавіку прырост інфляцыі склаў 1,7%, за два папярэднія месяцы — студзень-люты — было 4,1%. З буйнымі гандлёвымі сеткамі наладжаны канструктыўны дыялог. Цэны кантралююцца, у выпадку неабходнасці будуць уведзены новыя меры адміністрацыйнага рэгулявання», — заявіў прэм'ер-міністр.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што праблем са своечасовай выплатай заработнай платы не павінна быць . «Калі людзі грошы зарабілі, яны павінны іх атрымаць», — дадаў ён. Андрэй Кабякоў канстатаваў, што ў сённяшняй эканамічнай сітуацыі не можа быць простых рашэнняў. «Галоўная задача — забяспечыць стабільнасць у эканоміцы. Паступовасць і паступальнасць — залог забеспячэння збалансаванасці», — лічыць кіраўнік урада.

Не разгубіліся

«Мы бачым, што пераважная большасць прадпрыемстваў не разгубілася ў новых эканамічных умовах, абнавіла асартымент, утрымлівае традыцыйныя і шукае новыя рынкі збыту, спраўляецца з крызіснымі з'явамі ўласнымі сіламі, працуе над выдаткамі», — паведаміў Андрэй Кабякоў. Пры гэтым ён адзначыў, што на некалькіх прадпрыемствах сітуацыя больш складаная — для іх традыцыйныя рынкі закрыліся, а на новыя з існуючай наменклатурай прадукцыі пакуль прабіцца не атрымліваецца. «За кожным прадпрыемствам стаяць канкрэтныя людзі. Мы тут ідзём сваім шляхам і працуем па двух напрамках: індывідуальна разбіраемся з кожным прадпрыемствам і паралельна рэалізуем агульнасістэмныя меры падтрымкі. Сітуацыі ва ўсіх розныя, таму выпрацоўваем і нестандартныя рашэнні», — растлумачыў прэм'ер-міністр.

Паводле яго слоў, асноўная задача — захаваць ядро і інтэлектуальны патэнцыял прадпрыемстваў, якія апынуліся ў складанай эканамічнай сітуацыі. «На прадпрыемствах з няпоўнай занятасцю неабходна даць людзям магчымасць падпрацаваць, заканадаўства гэта дазваляе. Аблвыканкамам і міністэрствам у гэтым пытанні неабходна прымаць самыя актыўныя меры», — адзначыў Андрэй Кабякоў. Ён падкрэсліў, што калі ў прадпрыемства напрацаваны канкрэтныя кантракты з канчатковым спажыўцом, асабліва па экспарце, то ўрад сумесна з банкамі адшукае варыянты прыцягнення рэсурсаў пад вытворчасць.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?