Вы тут

Па канатнай дарозе і пад прычэпам аўтамабіля


Да самых экзатычных спосабаў дадумваюцца парушальнікі дзяржаўнай мяжы.

Вясной абуджаецца не толькі прырода. Патэнцыйныя парушальнікі дзяржаўнай мяжы таксама актывізуюцца з наступленнем цяпла. Яно і зразумела: пры мінусавой тэмпературы цяжка, напрыклад, праляжаць некалькі гадзін на зямлі, назіраючы за становішчам на запаветнай лініі. Так што сезон адкрыўся. І брэсцкія памежнікі рэгулярна затрымліваюць нелегалаў. Ізалятар часовага ўтрымання такіх грамадзян, на жаль, не пустуе. Зараз у ім знаходзіцца з дзясятак чалавек.

20-25

... і нават Буг пераплывуць

Начальнік упраўлення аператыўнай дзейнасці Брэсцкай Чырванасцяжнай памежнай групы імя Ф. Дзяржынскага палкоўнік Сяргей КУЛІПА гаворыць, што сярэднестатыстычны парушальнік спрабуе спачатку перайсці мяжу легальна. Грамадзяне з азіяцкіх, афрыканскіх, іншых краін нярэдка садзяцца ў цягнікі заходняга напрамку з несапраўднымі дакументамі. Іх, зразумела, вяртаюць назад. А ёсць і такія, хто мае дакументы ў парадку, перасякае беларуска-польскую мяжу, прэтэндуе на статус бежанца, але атрымлівае адмову і вяртаецца назад. І вось, калі іх па другому, трэцяму, пятаму разу не выпускаюць у краіны Еўрасаюза і ў іх канчаюцца грошы, гэтыя шукальнікі лепшай долі і прыгод спрабуюць перайсці памежную лінію нелегальна.

Спосабы бываюць розныя: ад банальнай спробы пераплысці раку Буг да адчайнага кроку, які ўвасобіўся, напрыклад, у прывязванні сябе пад прычэпам велікагрузнага аўтамабіля.

З пачатку гэтага года на брэсцкім участку мяжы быў затрыманы 31 парушальнік. Вартавыя мяжы адзначаюць, што апошнім часам значна больш у асяродку парушальнікаў памежнага заканадаўства з'явілася грамадзян Турцыі. Найперш гэта звязана з усталяваннем бязвізавага рэжыму паміж нашымі краінамі. Да нас цяпер прыехаць проста, а тут іх спакушае блізкасць Еўрасаюза. Польшчу з берага Буга няўзброеным вокам відаць, вось і спрабуюць некаторыя экстрэмалы любым спосабам перабрацца на супрацьлеглы бераг.

[caption id="attachment_84168" align="alignnone" width="600"]20-26 Па­ру­шаль­ні­кі мя­жы.[/caption]

У пошуках лепшай долі

Сем гадоў таму ў Брэсцкай памежнай групе адкрылі ізалятар часовага ўтрымання. Гэта свайго роду «гасцініца» для затрыманых на мяжы. Да высвятлення ўсіх абставінаў і наступнай дэпартацыі людзей трэба ж недзе размяшчаць. А тут ім хаця б гарантаваны ложак, чыстая бялізна і талерка гарачага супу. Некаторыя ж бягуць практычна без усялякіх рэчаў, з тэлефонам і мінімальнай сумай грошай, а то і без іх.

Намеснік начальніка ўпраўлення аператыўнай дзейнасці памежнай групы Сяргей КАПЛЯ паказвае фотаздымкі груп парушальнікаў. Часцей трапляюцца маладыя людзі. Бягуць яны ад беднасці, голаду, беспрацоўя, нестабільнасці. І выгляд іх нярэдка выклікае спачуванне. Гэтыя людзі спадзяваліся знайсці ў багатай Еўропе нейкі куток пад сонцам і для сябе. Таму іх намаганні ў перасячэнні мяжы можна сёння лічыць хрэстаматыйнымі для тых, хто яе ахоўвае.

Сяргей Куліпа ўзгадвае, як затрымлівалі в'етнамцаў два гады таму. Грамадзяне названай краіны падзяліліся на невялікія групы і нагледзелі сабе велікагрузныя машыны паблізу ад пункта пропуску Казловічы. Госці з В'етнама спадзяваліся пераехаць кіламетры са тры пад прычэпамі і сустрэцца ўжо ў Еўропе. Вядома, для такога экстрэмальнага пераезду падабраліся маладыя спартыўнага складу мужчыны. З аўтамабільных рамянёў яны змайстравалі сабе лямкі, якімі кожны прывязаў сябе да паўвосі прычэпа аўтапоезда. Усё было прадумана да дробязей. Нелегалы падсаджваліся з наступленнем цемры, калі вадзіцель заходзіў павячэраць у прыдарожную кавярню. Можна сабе ўявіць рэакцыю апошняга: пад'ехаў да акенца пункта пропуску ў спадзяванні хутка прайсці памежна-мытныя фармальнасці, а тут з-пад яго машыны сталі аднаго за другім выцягваць нелегальных пасажыраў... Такім чынам была спынена спроба незаконнага пераходу мяжы двума дзясяткамі грамадзян В'етнама.

[caption id="attachment_84169" align="alignnone" width="600"]20-27 Міжнародны пункт пропуску «Варшаўскі мост».[/caption]

Як у індыйскім кіно

Згадваюць у Брэсцкай памежнай групе і больш дзёрзкія і экзатычныя спробы пранікнення ў жаданую Еўропу. Так, індыйцы змаглі пракласці канатную дарогу паміж дрэвамі ў спадзяванні перабрацца над сістэмай памежнай аховы на ўчастку заставы Церабунь. Там быў распрацаваны цэлы «комплекс» мерапрыемстваў. На польскім боку індыйскіх альпіністаў чакаў свой чалавек з лодкай, адзеннем, рэчамі. А яны загадзя прыехалі ў Брэст, спыніліся на здымнай кватэры ў вёсцы Скокі, агледзеліся. Потым са старонняй дапамогай, вядома, выбралі месца, якое найбольш падыходзіць, паводле іх сцэнарыя. Старанна і надзейна замацавалі вяроўкі-канаты, перакінуўшы другі канец свайму правадніку-суайчынніку. Прывязалі да іх лямкі і, выбраўшы час, паціху рушылі ў дарогу па паветры. І ўсё ішло добра, але кожнага, хто праехаў па імправізаванай канатнай дарозе, падхоплівалі надзейныя рукі брэсцкіх памежнікаў. Сумежны бок быў папярэджаны, і нашы вайскоўцы ўжо чакалі гора-альпіністаў.

Прыбытковы бізнес

Ёсць цэлая катэгорыя людзей, якія навучыліся зарабляць на імкненні іншых перасячы мяжу нелегальна. І як удалося высветліць пазней, вышэйназваныя індыйцы заплацілі людзям, што абяцалі ім паспрыяць, па 6 тысяч долараў за чалавека. А ў групе было дзевяць чалавек. Арганізатарам жа такога відовішчнага «прарыву» выступіў брастаўчанін К. Гэты грамадзянін мае багаты вопыт работы з незаконнымі мігрантамі. Яго ўжо затрымлівалі даволі даўно за падобнае злачынства. К. адсядзеў прызначаны судом тэрмін, вярнуўся дадому, адпачыў і ўспомніў пра былое хобі. На гэты раз ён не паслаў сваіх падшэфных пераплываць раку альбо перапаўзаць кантрольна-следавую паласу. Ён дапамог ім з канатнай дарогай. Але, як бачым, не вельмі ўдала. Індыйскія грамадзяне былі дэпартаваны. А нашаму суайчынніку пагражае рэальны тэрмін пазбаўлення волі па артыкулу 371 Крымінальнага кодэкса.

В'етнамцы, пра якіх гаворка ішла крыху раней, плацілі па тры тысячы долараў. Іх куратар знаходзіўся ў Маскве, яшчэ адзін, жыхар Бабруйска, сустракаў іх на тэрыторыі нашай краіны.

У кожнай з гэтых невясёлых гісторый ёсць той, хто хоча нажыцца на праблемах людзей. Як правіла, гэтыя пасрэднікі абяцаюць замежнікам залатыя горы, бяруць грошы, а потым элементарна падманваюць. У лепшым выпадку забяспечваюць дастаўку іх да мяжы і паказваюць напрамак.

Рассеяныя турысты і не толькі

Сярод парушальнікаў мяжы нярэдка сустракаюцца асобы, якія маюць праблемы з законам у сваёй краіне. Некалі праз Брэст ішоў актыўны паток мігрантаў — грамадзян Расійскай Федэрацыі з Чачэнскай рэспублікі. Некаторыя з іх, былыя ўдзельнікі бандфарміраванняў, знаходзіліся ў вышуку як па лініі ФСБ, так і Інтэрпола. Здаралася, іх перадавалі адпаведным службам у Брэсце.

Апошнім часам ваеннаслужачыя застаў даволі часта сустракаюць людзей, якія заблукалі або проста шукаюць прыгод. Так, у некаторых еўрапейскіх турыстаў з'явілася мода на селфі ля памежных слупоў (нядаўна польскія памежнікі ўказалі грамадзянам Швецыі і Чэхіі на парушэнне рэжыму). У тым выпадку турысты мяжу не перасеклі, але фатаграфаваліся каля самых нашых слупоў. А вось да вандроўнікаў, якіх затрымалі пад Брэстам 9 мая, узнікла шмат пытанняў. 43-гадовы масквіч, напрыклад, патлумачыў: ён так захапіўся гістарычнай экскурсіяй, што не заўважыў, як парушыў рэжым пункта пропуску і зайшоў да самай мяжы. Спачатку стратай арыентацыі на мясцовасці тлумачыў свае дзеянні і 20-гадовы расіянін. Але потым падчас разбіральніцтва прызнаўся, што сабраўся ў Нідэрланды, захапіўшы рукзак з рэчамі, планшэт, нэтбук і замежны пашпарт грамадзяніна Расійскай Фэдэрацыі. Выбраў менавіта 9 мая, бо ведаў што ў гэты дзень у Брэсце будзе шмат людзей, а адразу за Брэсцкай крэпасцю пачынаецца памежная зона.

Гістарычна склалася, што брэсцкі ўчастак мяжы найбольш прыцягальны для парушальнікаў. Бо тут праходзіць стратэгічны шлях з Усходу на Захад. А нашы доблесныя вартавыя мяжы забяспечваюць рэальную заслону патоку нелегальнай эміграцыі ў Еўропу.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Даведка «Звязды»

Зона адказнасці Брэсцкай Чырванасцяжнай памежнай групы імя Ф. Дзяржынскага складае 352 кіламетры (мяжа з Польшчай працягваецца на 243 кіламетры, з Украінай — на 109. 77 кіламетраў польскай мяжы праходзіць па сушы і 164 — па вадзе.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.