Вы тут

Пакаленне дэфіцыту, ці Што насілі і як выглядалі дзеці ў савецкія часы


...Прадаўцы на рынках, прапаноўваючы ў чарговы раз набыць нешта з балонні, кожны раз здзіўляюцца адмове. Маўляў, гэта ж зручна, модна, многія носяць! Як ім патлумачыць, што мы ў гады свайго дзяцінства нанасіліся тых куртак з балонні, мабыць, на ўсё астатняе жыццё... Як і, напрыклад, сумак з дэрмантыну, якія — амаль што адзін у адзін, як было колькі гадоў таму — сталі моднымі ў цяперашняй моладзі. Толькі з той розніцай, што цяпер гэта сапраўды модна, а тады нічога іншага, лічы, і не было. Вось напісаў некалькі разоў слова «модна» і задумаўся. З аднаго боку, асабліва пра моду ў часы дзяцінства і юнацтва тых, каму зараз 40+, гаварыць неяк не выпадае. У савецкія гады падчас дэфіцыту насілі тое, што маглі знайсці ў продажы. Ніякіх табе трэндаў, усё ва ўсіх аднолькавае. З іншага боку, як і ва ўсе часы, моладзь нават у такой сітуацыі спрабавала неяк вылучыцца, выкруціцца з сітуацыі... [caption id="attachment_84155" align="alignnone" width="600"]20-13 Рэтра-форма дагэтуль у пашане ў выпускніц.[/caption] Летам любімым абуткам, які мы насілі амаль увесь час, былі паўкеды і кеды. У іх і ў футбол было зручна гуляць, і на веласіпедзе катацца. Памятаю, адмысловым форсам лічылася наяўнасць на кедах нашытай са знешняга боку ў раёне костачкі гумавай накладкі ў выглядзе мячыка: адначасова і прыгожа, і абарона нагі ад удару. Красоўкі тады былі вялікай рэдкасцю, асабліва замежныя. У мяне, дзякуючы стрыечнай сястры, якая здабыла іх недзе ў сталіцы, карэйскія на «ліпучках» з'явіліся ці то ў 9-м, ці то ў 10-м класе. Увогуле, летам мы былі амаль пагалоўна адзетыя па-спартыўнаму: тэніскі, спартыўныя штаны або касцюмы. Дарэчы, зімой спартыўную форму для ўрокаў фізкультуры часцей не насілі з сабой, а паддзявалі пад школьную. Прычым нават у дзяўчат з-пад карычневых сукенак выглядалі шарсцяныя спартыўныя штаны. Настаўнікі, дарэчы, асабліва нічога пра знешні выгляд не казалі: так узімку яшчэ і цяплей было ў класе. Вы можаце ўявіць сабе ў такім выглядзе цяперашніх юных модніц?.. Хоць трэба заўважыць, што ўжо не першы год сярод іх напярэдадні апошніх званкоў назіраецца сапраўднае паляванне на парадную школьную форму часоў іх матуль — з белым фартухом. Каму яна не дасталася ў спадчыну, актыўна шукаюць сярод знаёмых. Значыць, было нешта адметнае і ў нашы часы, чаго не змаглі паўтарыць і праз дзесяцігоддзі, калі збалаваная цяперашнім выбарам моладзь імкнецца хаця б на адзін запамінальны дзень завалодаць тымі школьнымі рарытэтамі? Дарэчы, я таксама прыгадваю з настальгіяй сваю школьную форму, якую насіў у старшых класах — пінжак, пашыты ў выглядзе куртачкі. У той час было модна насіць вузенькія чорныя скураныя гальштукі. З-за свайго памеру ён у мяне ўвесь час скручваўся, дык я ўсярэдзіну ўклеіў такую ж вузенькую кардонку (праўда, дапамагло гэта мала). Не буду спрачацца пра натуральнасць тканіны ці яшчэ там пра што, але, як мне здаецца, цяперашні так званы дзелавы стыль пры ўсіх сучасных магчымасцях прайграе прастаце і даступнасці той, колішняй хлапчуковай школьнай форме. Чым пры такім раскладзе, калі ўсе былі падобныя, маглі вылучыцца дзеці? Вядома, нейкімі дэталямі. Жонка прыгадвае, што ніколі не насіла купленыя школьныя фартухі: матуля шыла ёй гэты абавязковы атрыбут школьнага адзення сама. Сапраўдным прадметам зайздрасці для аднакласніц былі яе фартухі з белага і чорнага нейлону ці імпартнага дэфіцытнага гіпюру, з прыгожымі «крыльцамі», аборкамі і вялікім бантам ззаду. Таксама дзяўчатам можна было вылучыцца прыгожымі карункамі на каўнерыках і манжэтах. «Піскам» моды была школьная карычневая сукенка з плісіраваным нізам. А ў сталічных старшакласніц напрыканцы 80-х раптам узнікла мода на шарсцяныя шалікі, якія дзяўчаты спрабавалі насіць паверх формы, тлумачачы тым, што так ім цяплей. Праўда, не ўсе настаўнікі прымалі «афіцыйную версію» і прымушалі зняць «незацверджанае» ўпрыгажэнне. Мне, напрыклад, сталічныя сваякі недзе знайшлі «гэдээраўскі» піянерскі гальштук з тканіны, якая не камячылася. А маім аднакласнікам даводзілася нашы шаўковыя прасаваць кожны дзень — на ўваходзе ў школу штодня дзяжурныя правяралі, як у вучняў выглядае гэты атрыбут піянерскага жыцця. Калі вучыўся ў сярэдніх класах, стрыечны брат прывёз з Крыма ў падарунак блакітнага колеру каўбойскі капялюш. Ні ў кога больш такога не было! Сам прырабіў да яго тасёмку, якая рэгулявалася, і потым некалькі гадоў запар кожнае лета не здымаў яго з галавы. Калі мы нашай вулічнай кампаніяй на шалёнай хуткасці несліся на веласіпедах, у гэтай чацвёрцы я, вядома ж, уяўляў сябе д'Артаньянам. Але звычайна жаданне неяк вылучыцца тут жа набывала масавы характар, у выніку ўсё вярталася «на кругі свая» — усе зноў рабіліся аднолькавымі. Напрыклад, у хлопцаў у сярэдніх класах у тыя часы была мода на дыпламаты (невялікія чамаданчыкі), якія замянялі школьныя партфелі (заплечнікаў тады не было) — з імі хадзілі ўсе. Калі ў школьным калідоры чакалі, пакуль вызваліцца клас ад іншых вучняў, на гэтую драўляную рамку з ручкай, абцягнутую дэрмантынам, можна было прысесці, паставіўшы яго паміж ног. Упрыгожваць дыпламат было прынята адбіткамі — авальнай формы плёнкамі з фотаздымкамі дзяўчат. Гэтая плёнка была нанесена на папяровую аснову. Адбітку трэба было апусціць на некалькі секундаў у цёплую ваду, пасля чаго акуратна ссунуць плёнку на роўную цвёрдую паверхню (гэта магла быць і вокладка школьнага дзённіка ці падручніка, падсумак для інструмента на раме веласіпеда, корпус гітары і г.д.). Адбіткі, як правіла, былі гэдээраўскімі, пакуль праз колькі гадоў іх вытворчасць не наладзілі ў Саюзе. Як яны траплялі да нас? Ад старэйшых братоў, якія служылі ў ГДР або Венгрыі. Ці ад замежных сяброў па перапісцы, каму шанцавала. Дарэчы, былі яшчэ наклейкі. Апускаць у ваду іх не было патрэбы: плёнкі былі больш шчыльнымі і мацаваліся да асновы ліпкім спосабам. Наклейку, у адрозненне ад адбіткі, можна была раз-другі пры жаданні пераносіць на іншую паверхню. [caption id="attachment_84156" align="alignnone" width="600"]20-14 Так выглядаў звычайны савецкі школьнік зімой.[/caption] У 9-10 класах у нас з'явілася новая мода. Ужо, можна сказаць, без пяці хвілін выпускнікам неяк несур'ёзна было насіць дыпламаты. Тым больш што поліэтыленавыя пакеты з ручкамі (з якімі мы цяпер звыкла ходзім у краму па прадукты) толькі-толькі перасталі быць дэфіцытам (ага, цяперашняя моладзь, мабыць, думае, што яны былі заўсёды). Таму ў якасці школьнага партфеля масава сталі выкарыстоўвацца менавіта яны. З таварышам па парце колькасць падручнікаў, патрэбных на дзень, дзялілася пароўну, потым сумесна вырашалася, ад якіх можна было... адмовіцца. Карацей кажучы, у пакет траплялі дзённік, адзін-два паўагульныя ці агульныя сшыткі і адзін-два падручнікі. Галоўнае, каб пакунак не атрымаўся тоўстым. Пасля гэтага хлопцы перагіналі пакет з рэчамі папалам, засоўвалі яго пад паху (толькі так, за ручкі насілі дзяўчаты!) і вось з такім піжонскім выглядам ішлі ў пасялковы храм навукі... Чым яшчэ можна было вылучыцца? Хлопцам — доўгай прычоскай. Праўда, да пары. Прыгадваю, як класе ў 7-м на ўроках матэматыкі настаўнік некалькі разоў выстройваў каля дошкі з паўтузіна аднакласнікаў з суседніх вёсак і гучна пытаўся: «Вам што, на цырульню грошай даць? А ну стрыгчыся!» У нас, хлопцаў старшых класаў, у нейкі момант узнікла мода на штаны з тканіны, якую называлі «плашчоўкай». І каб абавязкова з кішэнькай ззаду. Асобна набывалі адрэз тканіны (чорнага, радзей карычневага колеру), патрэбную фурнітуру і запісваліся (была чарга!) у атэлье. Калі памяць не здраджвае, чакаць даводзілася некалькі тыдняў. Я ж казаў ужо, што варта было з'явіцца нейкай магчымасці выглядаць крыху інакш, чым усе, як гэтым шанцам тут жа пачыналі карыстацца ўсе. Затое ў новых штанах потым можна было і на танцы! Калі ў цэлым прыгадаць тыя часы, хочацца адзначыць, што выпрошваць у бацькоў нейкія рэчы было не заведзена (неяк былі сведкамі, як дачка жончынай школьнай сяброўкі, дзесяцігадовая вучаніца, «выкручвала» маці рукі — патрабавала модную тады скураную куртку). Калі нешта з адзення ці абутку патрабавалася — па сезоне ці проста новае ў замен зношанаму — гэта, зразумела, набывалася без пытанняў. Жонка прыгадала, што ў сталіцы была такая практыка: у апошні дзень месяца крамы, каб зрабіць план, «выкідвалі» на паліцы тавар, які ў астатнія дні ў свабодным продажы было знайсці немагчыма. Кажа, што менавіта ў гэтыя моманты і імкнуліся папаўняць гардэроб. Але не было такога, каб шафа была запоўненай. Памятаю, неяк мне спадабаліся туфлі, вельмі захацеў іх мець. Маці сказала «не». Ну, не — дык не, хаця было вельмі шкада. Калі праз шмат гадоў гэты эпізод усплыў у памяці, маці нават засмуцілася: а чаму яшчэ раз не папрасіў? Я ж кажу, не было такой звычкі: мы ведалі, адкуль бяруцца грошы, тым больш што абдзеленымі сябе не лічылі. Ды і стаўленне да рэчаў было трохі іншым, чым цяпер. Дарэчы, звыклай практыкай было даношваць рэчы за братамі і сёстрамі. Таму малодшыя часта зайздросцілі старэйшым... З іншага боку, гледзячы на цяперашнюю моду, цудоўна разумееш, што некаторыя сучасныя рэчы наша пакаленне не апранула б ні за што, бо была рызыка: засмяюць і дадуць мянушку на ўсё жыццё. У кожнага часу свой выгляд... Пасля таго, як скончыў школу, Савецкі Саюз праіснаваў свае апошнія два гады. Надышлі новыя часы і новыя павевы. Калі дагэтуль было праблемай знайсці нешта адмысловае, то цяпер актуальным было адшукаць хоць штосьці, бо паліцы былі пустымі. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя... Сяргей РАСОЛЬКА Фота аўтара Іншыя матэрыялы рубрыкі «Узровень-40″

Першы прыклад у жыцці

Даць бы многім чарнільную ручку…

Мае Арбузік і Бябешка, ці Як «Па­лес­кія ра­бін­зо­ны» ў па­ход ва­дзі­лі

Цацкі і забавы савецкага дзяцінства

Смаленне вепрука, або Чаго не ведае пакаленне-ХХІ

Бульба, яблыкі, каменне, або «Сельгасрамантыка» колішніх школьнікаў і студэнтаў

Верасень, які пахне драўнінай і сокам…

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.