Вы тут

Я на сонейку ляжу...


Карэспандэнт «Звязды» разам з эколагам праверылі, ці гатовы пляжы да купальнага сезона. Паралельна журналіст «акунуўся»... у гісторыю.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

— У Віцебскім раёне толькі чатыры афіцыйныя зоны адпачынку на берагах вадаёмаў. За кожнай замацаваны адказныя: прадпрыемствы, арганізацыі, — паведаміў Аляксандр Савіцкі, галоўны спецыяліст Віцебскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Спачатку прыехалі на найбольш папулярны пляж на беразе возера Сосна ў пасёлку Доўжа. Тут недалёка працуе кавярня, ёсць паркоўка для аўто. І на пляжы таксама прыстойна, але адразу кінулася ў вочы мноства камянёў на пяску. Наўрад ці па іх будзе прыемна хадзіць адпачывальнікам. А дзе прыбіральня? Няма! Пры гэтым ёсць «кабінка», каб пераапрануцца.

Наконт бяспекі ў вадзе: дно ў прыбярэжнай зоне павінны былі прывесці ў парадак. Калі зона адпачынку санкцыянавана, ёсць гарантыя, што купальшчыкі не атрымаюць траўмы пры акунанні.

Як распавялі мясцовыя жыхары, менавіта ў Доўжы знаходзіцца валун №1 у Віцебскім раёне. Ёсць легенда, што калісьці ў гэтай вёсцы жыла прыгажуня. Шмат хлопцаў сваталася да яе. Не стаў выключэннем і мясцовы пан. А дзяўчына пакахала каваля па прозвішчы Сасноўскі. Сустракаліся закаханыя ля валуна. Раўнівы пан загадаў забіць хлопца і дзяўчыну, а целы іх утапіць у возеры. З таго часу і мае возера назву Сосна — у гонар забітага каваля. Валун — нямы сведка іх кахання — лічыцца заступнікам тых, хто стварыў сям'ю. Да яго прыязджаюць вясельныя картэжы з Віцебска: маладыя ўскладаюць кветкі, фатаграфуюцца на памяць.

За некалькі кіламетраў ад Доўжы — лясное возера Краснадворскае. Мой «гід» растлумачыў, што яго арандавала прыватная фірма. Зона адпачынку тут не санкцыянавана. Але людзі сюды прыязджаюць з Віцебска. Каля драўлянай сметніцы мы ўбачылі горы пластыкавых бутэлек і пакетаў. Эколаг сказаў, што будзе разбірацца, хто адкажа за парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства: лясніцтва або...

— Адказнасць за такі жах — папярэджанне або штраф ад 5 да 20 базавых велічынь, — растлумачыў ён.

На ўскраіне Віцебска — у парку культуры і адпачынку імя Савецкай Арміі — у дзень падрыхтоўкі рэпартажу пляж прыводзілі ў парадак. Лаўкі трэба паднавіць і гэтак далей. Там, на беразе Заходняй Дзвіны, ёсць усе выгоды для адпачывальнікаў. Дарэчы, калісьці гэта быў адзіны гарадскі парк, дзе на прыродзе бавілі час гараджане і госці горада.

Цікава, што ў народзе ён мае назву «Мазурына». Няма дакладных звестак, чаму так назвалі аднайменную вёску. Ёсць легенда пра пана Мазура, які быў «вельмі прагрэсіўным». Выступаў за рэформы, не крыўдзіў прыгонных. Можа, таму яго імя і засталося на стагоддзі? Парк у першы год святкавання Перамогі пасадзілі дэсантнікі. Між іншым, быў час, калі сярод дрэў можна было ўбачыць ваенны самалёт... На жаль, там больш няма і катара, які стаяў на беразе і таксама быў музейным экспанатам пад адкрытым небам. Затое некалькі гадоў таму аднавілі водны шлях у парк з цэнтра горада на караблі.

Людзі ў спякоту, як правіла, імкнуцца бавіць час у цэнтры. Напрыклад, на беразе Заходняй Дзвіны насупраць галоўнай плошчы Віцебска — Перамогі. Таму і там стараюцца падтрымліваць парадак. Але ж ніякай інфраструктуры для адпачывальнікаў. Дык і не павінна яе там быць...

Наведаў я і бераг Віцьбы. Некалькі гадоў таму пашырылі рэчышча гэтай ракі, у гонар якой атрымаў назву абласны цэнтр. На беразе працуюць сезонныя кавярні, арганізаваны пракат веласіпедаў, ролікаў... Можна арандаваць лодку ці катамаран. А вось купацца нельга, пра што нагадваюць адпаведныя таблічкі. Але гэта не стрымлівае ахвотных атрымаць асалоду ля вады...

— Напярэдадні чарговага купальнага сезона афіцыйныя зоны адпачынку знаходзяцца пад пільным кантролем. Усяго ў вобласці іх каля 180, — паведаміла «Звяздзе» Людміла Капранава, начальнік аддзела Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Сёння ўстаноўлены 55 урн і кантэйнераў для смецця, 20 прыбіральняў... Ліквідаваны 22 звалкі. Работы па далейшым прывядзенні ў парадак месцаў масавага адпачынку працягваюцца.

Аляксандр ПУКШАНСКІ, фота аўтара.

Віцебск — Віцебскі раён

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.