Вы тут

«Як можна жыць у вёсцы без інтэрнэту?»


Тры звароты паступіла на апошнюю суботнюю тэлефонную лінію ў Мсціслаўскі райвыканкам, што на Магілёўшчыне. Два з іх датычыліся тратуараў, толькі ў адным выпадку цікавіліся перспектывамі рамонту, а ў другім — будаўніцтва. «Проста жыхары райцэнтра не ведалі, што ў маі ў нас ужо запланавана правядзенне гэтых работ, — паведаміла начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Мсціслаўскага райвыканкама Алена Балтушэнка. — Праектна-каштарысная дакументацыя распрацавана і будаўнікі хутка прыступяць да справы. Быў таксама званок ад ветэрана Вялікай Айчыннай вайны з просьбай пафарбаваць фасад яго дома. Гэты зварот таксама ў найбліжэйшы час будзе задаволены».

Наогул, магчымасцю падзяліцца набалелым з прадстаўнікамі мясцовай улады за час існавання суботніх тэлефонных ліній скарысталіся 33 жыхары раёна. 11 пытанняў разгледжаны станоўча ў адносінах да заяўнікаў, па 17 дадзены тлумачэнні. Насельніцтву не хапала інфармацыі па прыватызацыі жылля, камунальна-бытавых пытаннях, аб перспектывах гісторыка-культурнага развіцця раёна.

Былі і такія выпадкі, калі заяўнікам прыходзілася адмаўляць. Жыхар вёскі Бязгачава спадзяваўся атрымаць дзяржаўную кватэру ў Мсціславе ці, на крайні выпадак, у вёсцы Капачы. Але, як высветлілася, жыллё ў яго ўжо ёсць, і яно адпавядае спажывецкім нормам. Грамадзяніну ў якасці альтэрнатывы прапанавалі будаўніцтва кватэры на агульных падставах або разгледзець пытанне набыцця камерцыйнай нерухомасці. Давялося таксама адмовіць мужчыну, які звярнуўся, каб пачысцілі вясковы калодзеж. У ходзе праверкі высветлілася, што якасць вады ў ім не адпавядае існуючым параметрам. Улічваючы, што непадалёк ёсць водаразборная калонка, калодзеж закансервавалі.

— Тое, што пытанняў не шмат, вынік пастаяннай працы са зваротамі грамадзян, — патлумачыла Алена Балтушэнка. — Кожны мае магчымасць запісацца на асабісты прыём да старшыні ці любой адказнай асобы райвыканкама. У вясковага насельніцтва шанц агучыць сваё пытанне асабіста ёсць падчас выязных прыёмаў, якія ажыццяўляюцца па графіку. Калі казаць увогуле, то часцей за ўсё праблемы маюць сезонны характар. Напрыклад, пасля вясны шмат хто перажывае за стан калодзежаў. А пасля зімы і восенню, калі пачынаюцца дажджы, павялічваецца колькасць незадаволеных дарогамі. Яны ў большасці сваёй жвіровыя, і мы іх перыядычна грэйдзіруем.

У Быхаве за тры гадзіны прагучала 2 тэлефонныя званкі. У першым выпадку пенсіянер з сельскай мясцовасці выказаў незадаволенасць тым, што яму прадалі вэлкомаўскі трыджык, які не жадае «лавіць» інтэрнэт. Мужчына быў абураны: яго не папярэдзілі пра наступствы і прасіў растлумачыць, як наогул можна жыць у вёсцы без інтэрнэту. «Разам з аддзелам па ідэалагічнай рабоце, культуры і справах моладзі, які займаецца ў тым ліку і пытаннямі сувязі, дэталёва разбіраемся з гэтай праблемай, — паведаміла начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Быхаўскага райвыканкама Вольга Пазднякова. — Трэба, каб такія пытанні ў будучыні не ўзнікалі. Працуем і над зваротам грамадзянкі, якая паскардзілася на тое, што яе муж ужо два гады не жыве ў іх агульным доме, а ёй даводзіцца плаціць за камунальныя паслугі ў разліку на дваіх».

У сярэднім на суботнія тэлефонныя лініі ў Быхаўскім раёне звяртаецца 2-6 чалавек. Жыхароў часцей за ўсё турбуюць пытанні жыллёва-камунальнага характару, прыватызацыі (не ўсе згодны з коштам), стану дарог і дваровых тэрыторый. Былі таксама скаргі на невялікія заробкі ў сельскай гаспадарцы. Але, калі пачыналі разбірацца, у некаторых выпадках «вінаватымі» аказваліся самі ж заяўнікі — дрэнна працавалі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.