Вы тут

Кулаком ты можаш і не быць...


Як адгукнулася пастанова «Аб ліквідацыі кулацтва як класа».

У вёску Ванюжычы Наваселькаўскага сельсавета 24 кастрычніка 1931 года з завода «Змычка» прыйшлі рабочыя на чале з дырэктарам, узброеныя наганамі і вінтоўкамі, каб забраць куплены ў сельсавета кулацкі дом. Гвалтам пачалі разбіраць хату, выкідаць з печы агонь і вырываць вокны, не перасяліўшы сям'ю кулака ў іншае памяшканне. На крыкі сабраўся натоўп у 200 чалавек. Міліцыянер, стрымліваючы яго, застрэліў мясцовую сялянку Алену Кудравец. Трагедыя сталася вынікам актыўнай барацьбы з кулакамі, на якую мабілізавалі насельніцтва, заахвочваючы яго тым, што канфіскаваная кулацкая маёмасць будзе перададзена беднаце.

21-30

Робін Гуду і не снілася

На гэтым фоне быў забаронены прыём кулакоў у члены ўсіх відаў кааперацыі, а паі, унесеныя імі, канфіскоўваліся (да кулакоў залічвалі не толькі былых памешчыкаў і дваран, але і буйных уласнікаў зямлі іншых саслоўяў). 1 лютага 1930 года з'явілася пастанова ЦВК і СНК СССР «Аб ліквідацыі кулацтва як класа». Паводле яе ў асноўныя мерапрыемствы, накіраваныя на злом супраціўлення кулацтва, уваходзіла перадача асабістай маёмасці ў абагульненую ўласнасць калгасаў. Адразу быў дадзены загад тэрмінова прыступіць да ўліку жывёлы, будынкаў і сродкаў вытворчасці кулакоў. У першую чаргу забіраць належала племянную жывёлу, складаныя машыны, млыны і прадпрыемствы.

У БССР раскулачванню падлягала 34 тысячы гаспадарак. Да мая 1930 года пад рэпрэсіі трапілі 15,6 тысячы сем'яў. Тых, каго раскулачвалі, без суда і следства падзялілі на тры катэгорыі. Першая — «контррэвалюцыйны кулацкі актыў», які, згодна з загадам партыі, павінен быць «неадкладна ліквідаваны шляхам заключэння ў канцлагеры». Другая — астатняя частка найбольш багатага кулацкага актыву, якая падлягала высылцы ў аддаленыя мясцовасці Савецкага Саюза. Трэцяя катэгорыя — іншыя «ненадзейныя элементы», якім дазвалялася заставацца ў межах раёна, але іх рассялялі на новых участках горшай зямлі па-за межамі калгасных гаспадарак.

Тым, каго высялялі за межы БССР, пакідалі толькі самыя неабходныя хатнія рэчы, некаторыя элементарныя сродкі вытворчасці ў адпаведнасці з характарам іх работы на новым месцы, і неабходны на першы час мінімум харчовых запасаў. Грошы таксама канфіскоўваліся, на руках пакідалі мінімальную суму (да 500 рублёў на сям'ю), неабходную на праезд і ўладкаванне на месцы. Адметна, што яшчэ да прыняцця пастановы «Аб ліквідацыі кулацтва як класа», за 1928-ы і першую палову 1929 года органамі АДПУ ў вёсках было забрана толькі падчас дзвюх аперацый 2068 чалавек «контррэвалюцыйнага элемента». Многія з іх былі прысуджаны да працяглых тэрмінаў заключэння ў канцлагеры.

Сяліцца ў асобных раёнах дапускалася невялікімі пасёлкамі да 15-20 гаспадарак, кіраванне якімі ажыццяўлялася спецыяльнымі камітэтамі (тройкамі) альбо ўпаўнаважанымі. На 5 гектараў зямлі перасяленцам дазвалялася мець адзін плуг, адну барану, карову і каня. Апроч таго, на расселеных кулакоў ускладаліся вытворчыя задачы па здачы таварнай прадукцыі дзяржаве і кааперацыйным арганізацыям.

Аднак пакуты цярпелі не толькі раскулачаныя, даставалася і тым, хто меў з імі хоць нейкія, нават ускосныя зносіны. Сябры сем'яў выселеных і заключаных у канцлагеры кулакоў маглі ў асобных выпадках і з дазволу на гэта мясцовых райвыканкамаў часова заставацца жыць у сваім раёне. Сем'ям з малалетнімі дзецьмі, старым, непрацаздольным, а таксама жанчынам на 6-7-м месяцы цяжарнасці дазвалялася стала жыць на ранейшым месцы.

Пры гэтым гаспадаркі падданых краін, з якімі СССР знаходзіўся ў афіцыйных зносінах (у тым ліку Польшчы), што пражывалі ў межах БССР, раскулачванню і высяленню не падлягалі. Аднак гэтая дырэктыва не датычылася асоб розных нацыянальнасцяў савецкага падданства.

Свае супраць сваіх

Хваля раскулачвання закранула не толькі канкрэтныя катэгорыі насельніцтва. Многіх калгаснікаў арыштоўвалі «ў парадку чысткі», маўляў, тыя праводзілі разбуральную работу ў калгасах. Апроч усяго, фіксаваліся выпадкі канфіскацыі маёмасці ў сераднякоў і тых, хто яшчэ не падаў заяву на ўступленне ў калгас.

А для тых сялян-аднаасобнікаў, якіх абмінула раскулачванне, у 1930—1932 гадах устанавілі завышаныя планы збожжанарыхтоўкі і іншыя абавязкі перад дзяржавай, каб прымусіць тых уступаць у калгасы. Аднак атрымаўся адваротны эфект і аднаасобнікі сталі супраціўляцца. У выніку план па аднаасобніцкіх гаспадарках быў сарваны, і выканаць яго давялося... калгасам.

21-29

З пачаткам калектывізацыі ў БССР (асабліва ў памежных раёнах — у Мінскай і Полацкай акругах) сталі ўзрастаць выпадкі раскрыцця органамі АДПУ «контррэвалюцыйных арганізацый, звязаных з Польшчай». Паводле справаздач упаўнаважаных, складаліся гэтыя групоўкі ў большасці з кулакоў-палякаў, якія жылі на хутарах і ўтойвалі сваю прыналежнасць да польскай нацыянальнасці, запісваючыся беларусамі. Паралельна з прысабечваннем калгасамі кулацкіх земляў узмацнілася антырэлігійная барацьба, на каталіцкі касцёл навесілі ярлык «агента фашысцкай Польшчы». Фактычна раскулачванне знішчыла ў вёсках гаспадара, які заўсёды дапамагаў беднаце падчас голаду і даваў сялянам працу, падарвала маральныя ўстоі насельніцтва: адну частку сялян нацкоўвалі на другую, заахвочваючы падзелам кулацкай маёмасці. Нярэдкай з'явай сталі выпадкі самавольнага «раскулачвання» сялян сваімі ж аднавяскоўцамі і старшынямі сельсаветаў — гэтаму, безумоўна, паспрыяла партыйная прапаганда. Так, прадстаўнікамі раённых улад Пушчыным і Працько ў калгасе «Хваля рэвалюцыі» быў раскулачаны «бяднейшы з бяднейшых» стары пастух. У яго адабралі 11 пудоў жыта, свінню, дзве авечкі, сем гусей і пяць курэй, самога 80-гадовага старога збілі і арыштавалі.

Перагібы з боку старшыняў калгасаў былі частай з'явай. Кіраўніцтва на месцах, часам увогуле слаба дасведчанае ў асаблівасцях сялянскага жыцця, лічыла за лепшае дзейнічаць метадам «лепей перагнуць, каб потым не абвінавацілі ў правым ухіле». Так, былы старшыня Грабаўскага сельсавета, член партыі Сільвестраў дапускаў раскулачванне заможных сялян з адабраннем апошніх сродкаў вытворчасці, прычым сярод раскулачаных былі і сераднякі, вызваленыя ад цвёрдых заданняў, і нават сем'і чырвонаармейцаў.

Масавыя вобыскі ў беднякоў і сераднякоў з мэтай знаходжання хлеба, які нібыта схавалі кулакі, раскулачванне, штрафаванне мелі месца амаль ва ўсіх сельсаветах. Канфіскацыя маёмасці праводзілася без афармлення дакументаў. Часам без папярэджання проста ішлі і бралі, што нагадвала яўнае рабаўніцтва. Перагібы ў рабоце партыйных дзеячаў прывялі да магутных успышак антыкалгаснага руху па ўсёй краіне.

Дзіяна СЕРАДЗЮК,

Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ.

Фотаздымкі прадастаўлены
Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў.

 

Іншыя матэрыялы рубрыкі "Сам-насам"

Калгаснае будаўніцтва: выратаваць індустрыялізацыю

 

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.