Гасцінец


Тлумачальны слоўнік беларускай мовы трактуе слова дваяка. Першае — гэта гасцінец як падарунак ці пачастунак дзецям. Другі сэнс — вялікая праезджая дарога, звычайна абсаджаная дрэвамі. Сінонімы гэтага слова — бальшак альбо тракт. У дадзеным выпадку размова пойдзе пра дарогу, якая яшчэ з часоў стварэння першай нашай дзяржавы, Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага звязвала яе сталіцу, горад Наваградак, са значным на той час паселішчам Зецель (цяпер Дзятлава).

Праходзіць гэтая дарога праз Мітраполь, Кміцянку, Мукінічы, Негрымава ў Навагрудскім раёне і Боцкавічы, Ахонава, санаторый «Радон», Курпяшы — у Дзятлаўскім. Да Навагрудка ад «Радона» — 22 кіламетры, а ад Дзятлава — каля 30.

Калі ў тыя далёкія часы Навагрудак быў адміністрацыйным цэнтрам дзяржавы, то Дзятлава за ваенныя заслугі было падаравана вялікім князем літоўскім Аляксандрам гетману, князю Канстанціну Іванавічу Астрожскаму і з тых часоў стала прыватным паселішчам. Пазней уладальнікамі Дзятлава былі Сапегі, Палубінскія, Радзівілы і апошні — Станіслаў Солтан.

Але не толькі магнаты і абшарнікі, а і мясцовы сялянскі люд актыўна карысталіся гэтай дарогай як сродкам зносін, ездзілі на кірмашы і адзін да аднаго ў госці, можа, таму яна і называлася гасцінцам. Яшчэ перад апошняй вайной абапал яго стаялі магутныя бярозы, ліпы і таполі. Па гэтай дарозе з Навагрудка ў верасні 1939 года прыйшла як вызваліцель Чырвоная Армія, па ёй 8 ліпеня 1944-га рушылі танкі Ракасоўскага, выганяючы нямецкіх акупантаў з майго Ахонава і ўсёй Беларусі.

Ішоў час, вёскі, што прылягалі да гэтай дарогі, прыходзілі ў заняпад, па гасцінцы менш сталі ездзіць. І толькі з уводам магутнага аздараўленчага цэнтра — санаторыя «Радон» — становішча пачало выпраўляцца. Спрыяе гэтаму і турыстычная прывабнасць Навагрудка, Любчы, Шчорсаў, Уселюба, Налібоцкай пушчы, а таксама аграсядзіб, што з'яўляюцца ў гэтым райскім кутку для адпачынку і аздараўлення.

Зараз магутнасць курортнай зоны «Радон» павялічана да прыкладна адной тысячы санаторных месцаў. На працягу года тут паляпшаюць здароўе і адпачываюць каля 20 тысяч нашых землякоў і гасцей з замежжа, што, у сваю чаргу, стварае выдатныя магчымасці для развіцця экскурсійна-турысцкай справы.

Дык вось, увесь гэты гасцінец мае даўжыню каля 30 кіламетраў, і на сёння ён ужо ў Дзятлаўскім раёне заасфальтаваны і часткова знаходзіцца ў статусе рэспубліканскіх дарог. А каля 10 кіламетраў старой гравійкі ў Навагрудскім раёне амаль гатовы для пакрыцця асфальтам. Спадзяюся, недалёкі той час, калі ўвесь гасцінец стане добрай дарогай рэспубліканскага значэння з вялікай карысцю для двух раёнаў Гродзеншчыны і ўсёй краіны. Лічу сябе патрыё-
там свайго краю і гэтыя нататкі пішу, каб наблізіць той час.

Уладзімір ЛОГАШ, інжынер-будаўнік.

Ад рэдакцыі

Уладзімір Міхайлавіч ужо даўно на пенсіі, жыве ў Гродне. Здавалася б, навошта яму клапаціцца пра дарогу, якая знаходзіцца далёка ад яго дома і дачнага ўчастка? Але ў гэтым — яго сапраўды патрыятычная, грамадзянская пазіцыя. І не раптам, а як жыццёвае правіла. Напрыклад, яшчэ за савецкім часам, калі тэма аднаўлення аб'ектаў нашай гісторыка-культурнай спадчыны не з'яўлялася надта папулярнай, менавіта ён, старшыня гарвыканкама, быў ініцыятарам работ па рэканструкцыі Лідскага замка. Некалькі гадоў таму ён расказаў у «Звяздзе», як гэта пачыналася, выказаў свае меркаванні па сённяшняй сітуацыі і перспектывах гэтага славутага помніка.

Дарэчы, так атрымалася, што ўжо неаднойчы мы з Уладзімірам Логашам былі не толькі як чытач і карэспандэнт газеты, але і як сааўтары. І ініцыятыва ішла менавіта ад Уладзіміра Міхайлавіча. Так з'явіўся ў «Звяздзе» артыкул па пытаннях энергаэфектыўных жылых дамоў, а летась — старонка «Крыніца з божай ласкі» пра санаторый «Радон».

Нядаўна Уладзімір Логаш зноў мне патэлефанаваў: «Ёсць ідэя!» І прапанаваў гэтыя нататкі ў працяг тэмы развіцця курортнай зоны «Радон» і наваколля. Рэдакцыя спадзяецца, што адпаведныя структуры ўважліва паставяцца да ўзнятага пытання.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

 

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.