Вы тут

Зрабі свой крок да мовы


Сёння ўсё больш моладзі размаўляе на роднай мове. І гэта не можа не цешыць. Я не абыякавая да будучыні маёй краіны і асабліва беларускай мовы. Але па-сапраўднаму заслугоўваюць павагі, на мой погляд, тыя, хто пачаў размаўляць на ёй не праз тое, што гэта стала папулярным. І я ганаруся, што ў маім асяроддзі ёсць такія равеснікі.

Рэната Дзяковіч — мая аднакласніца. Размаўляць на роднай мове яна пачала з дзяцінства. Асаблівую ролю тут адыграла яе маці, якая сама любіла беларускую мову і далучала да яе сваіх дзяцей. Памятаю, як у пачатковых класах дзяўчына расказвала пра беларускамоўныя кніжкі і мультфільмы. На той час гэта было для нас нечым незвычайным: не кожны дзень можна было сустрэць дзіця, якое б настолькі захаплялася роднай мовай. Але нам здавалася, што гэтая зацікаўленасць у хуткім часе скончыцца.

Ішоў час, змяняліся інтарэсы. Але Рэната хіба толькі перайшла на больш сур'ёзную літаратуру, глядзела ўжо не мультфільмы, а кіно, слухала не калыханкі, а песні айчынных сучасных гуртоў.

«Беларуская мова асаблівая, непаўторная, мілагучная. На ёй нельга сварыцца і ўжываць грубыя выразы. Не таму, што людзі не ведаюць, як гэта будзе гучаць, а менавіта таму, што мова не дазваляе. Для мяне яна — добрая, цёплая, прыносіць толькі пазітыўныя эмоцыі і ўражанні», — кажа Рэната. Яе словы знаходзяць падтрымку і ў маіх думках.

Кацярына Жаўнерка таксама вучаніца 11 класа, але сярэдняй школы №2. На працягу школьнага жыцця яна вучылася па-беларуску не толькі школьным прадметам. Яе вучылі думаць па-беларуску.

«Адукацыя на беларускай мове — гэта сапраўды вялікі плюс. Дзякуючы школе яна стала часткай майго жыцця. Я спадзяюся, што і ў далейшым родная мова будзе суправаджаць мяне».

Я ж пачала размаўляць па-беларуску не так даўно. Але неўзабаве мова стала для мяне нечым большым, чым проста сродак сувязі з іншымі людзьмі. Праз яе бачыш свет цікавейшым, незвычайным. Наша мова такая ж мілагучная, як французская ці англійская. Проста многія з нас гэтага не разумеюць, бо ў сем'ях часцей за ўсё размаўляюць па-руску.

Каб далучыцца да роднай мовы, патрэбен адзін крок — пачаць размаўляць. І трэба пачынаць з сябе. Мы хочам быць непаўторнымі? Мы можам гэта зрабіць менавіта праз мову.

Сёння адкрываюцца курсы, з'яўляюцца беларускамоўныя каналы на тэлебачанні, ладзяцца акцыі і мерапрыемствы — таксама ўсё часцей на роднай мове. І было б глупствам не выкарыстаць свой шанц і не перамагчы сваю боязь...

Кацярына БУХЦІНАВА,
вучаніца 11 класа
Бярозаўскай СШ №3

Лідскага раёна.

Пра аўтара

— Я заўсёды — за актыўны лад жыцця, — гаворыць Кацярына. — Люблю катацца на роліках, іграць на гітары, арганізоўваць розныя мерапрыемствы. У школе з'яўляюся супрацоўнікам гісторыка-краязнаўчага музея, адным з кіраўнікоў «Інтэлектуальных гульняў». Займаюся пошукавай дзейнасцю, неаднаразова брала ўдзел у навуковых даследаваннях. Асаблівую цікавасць у мяне выклікае беларуская мова: на ёй я спрабую размаўляць з сябрамі і настаўнікамі.

16-гадовая аўтарка — удзельніца нашага папярэдняга творчага конкурсу. Друкавалася
ў «Чырвонцы. Чырвонай змене» і па-за ім. Дзяўчына марыць паступіць на журфак.

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.