Вы тут

Калі ведаеш, чаго хочаш...


Як гаварыў Марк Твэн, найлепшы спосаб парадаваць сябе — паспрабаваць парадаваць іншых. Думаю, што вучань 11 класа нашай гімназіі Аляксей Элімелах заўсёды імкнуўся радаваць іншых: свайго малодшага брата, бацькоў, аднакласнікаў і настаўнікаў. У яго гэта атрымалася: першы ў гімназічным рэйтынгу паспяховасці, першы на алімпіядзе па грамадазнаўстве ў вобласці, першы на алімпіядзе па рускай мове ў горадзе. А яшчэ, прычым неаднаразова, ён станавіўся прызёрам рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцый і конкурсаў па геаграфіі, гісторыі, грамадазнаўстве, экалогіі. Такіх, напрыклад, як «Вышгарад — 2012» (Масква), «SPARE — Школьны праект выкарыстання рэсурсаў і энергіі» і іншых.

Не ведаю, як каго, а мяне, у першую чаргу, у чалавеку прывабліваюць такія рысы, як абаяльнасць, працавітасць, прыстойнасць. Усё гэта ёсць у Лёшы. Але ж і тое, і другое, і трэцяе выхоўваецца і набываецца з дзяцінства, ідзе ад блізкіх і родных людзей. А Аляксею ёсць кім ганарыцца. Яго дзядуля Міхаіл Зяленавіч Элімелах — чалавек, вядомы не толькі ў Жодзіне, але і краіне. Менавіта ён стаяў ля вытокаў Жодзінскай дзіцячай спартыўнай школы, а дакладней — аддзялення веславання на байдарках і каноэ. За 39 гадоў працы трэнерам Міхаіл Зяленавіч падрыхтаваў цэлую плеяду вядомых сёння спартсменаў. У ліку іх ёсць і чэмпіёны рэспублікі, і чэмпіёны СССР, і прызёры еўрапейскіх і сусветных спаборніцтваў па веславанні на байдарках і каноэ. Маці Аляксея — журналіст гарадской газеты «Жодзінскія навіны», тата — выпускнік БДУІР, інжынер па радыёэлектроніцы. Кожная з гэтых прафесій патрабуе і ведаў, і дакладнасці. Можа, таму акуратнасць і дысцыплінаванасць характэрны і для хлопца, які ведае цану працы, цану перамогі і расчараванняў. А ў людзях, па прызнанні Лёшы, на першае месца ён ставіць такія якасці, як адкрытасць, жаданне дапамагчы, пачуццё гумару. Дарэчы, з апошнім у яго ўсё ў парадку. Іншы раз нават здаецца, што і да вучобы Лёша адносіцца з лёгкасцю, радасцю, натхненнем. Хоць на працягу ўсіх школьных гадоў ён заўсёды быў у ліку выдатнікаў, зразумела, што за гэтай знешняй лёгкасцю — праца, настойлівасць, а яшчэ — вера ў тое, што чалавек, які дакладна ведае, чаго ён хоча ў жыцці, на многае здольны.

А яшчэ Аляксея вельмі цікавіць гісторыя продкаў, радавод сям'і. На жаль, яго прадзеды Зялен і Фёдар не дажылі да сёлетняга свята — 70-годдзя Вялікай Перамогі над фашызмам. Зялен загінуў у 1941 годзе пад Масквой, а Фёдар, які ў гады вайны быў у партызанах на Кобрыншчыне, памёр ужо ў наш час.

...А што датычыцца мары Лёшы паступіць у БДУ, то я веру, што яна абавязкова здзейсніцца, і гэта будзе найлепшым падарункам Аляксея самому сабе і родным.

Дарэчы, наконт падарункаў... Я неяк спытала: ці любіць ён іх дарыць. «Безумоўна!» — сказаў хлопец. «А калі грошай няма?» — не здавалася я. «Ну, тады нешта прыдумаем», — адказаў ён. Не сумняваюся, што так яно і будзе. Лёша заўсёды здольны што-небудзь прыдумаць. І арыгінальнае, і нестандартнае, і разумнае. А яшчэ я ўпэўнена: у жыцці Аляксей ніколі сябе не згубіць.

Лізавета Анікевіч,
вучаніца 9 класа гімназіі №1

г. Жодзіна.

Пра аўтара

— Мае любімыя прадметы ў школе — гісторыя Беларусі, беларуская мова і фізічная культура. Акрамя таго, я спяваю ў вакальным ансамблі «Вялікі перапынак», займаюся кулявой стральбой, з'яўляюся капітанам каманды «Алімп» інтэлектуальнага клуба гімназіі і рэдактарам гімназічнай газеты «МіГ», — гаворыць пра сябе 15-гадовая аўтарка.

Апроч вышэйпералічанага, Лізавета займалася спартыўнымі бальнымі танцамі цягам дзевяці гадоў, за што мае шмат узнагарод рэспубліканскага і абласнога ўзроўню. Дзяўчына брала ўдзел у розных гімназічных, гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх конкурсах і фестывалях. Напрыклад,
у гэтым навучальным годзе атрымала дыплом за перамогу ў конкурсе відэапраграм Х фестывалю-конкурсу дзіцячых сродкаў масавай інфармацыі «Свежы вецер» у намінацыі «Найлепшая вядучая». А марыць Лізавета стаць тэлежурналістам, таму плануе паступаць у Інстытут журналістыкі БДУ.

 

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.