Запланаваны не толькі сустрэчы спецыялістаў з маладымі людзьмі, трэнінгі для педагогаў па выяўленні юнакоў і дзяўчат з залежнасцю, лекцыі для бацькоў па абмежаванні доступу да пэўных сайтаў, але і праверкі інтэрнатаў, дыскатэк, клубаў, вакзалаў, цягнікоў.
Ужо злачынца
На 8 гадоў пазбаўлення волі быў нядаўна асуджаны падлетак, які ў прыбіральні вучэбнай установы прапанаваў іншаму пакаштаваць курыльную сумесь.
У Мінскай, Брэсцкай, Гродзенскай, Магілёўскай абласцях назіраецца рост (у параўнанні з мінулым годам) злачыннасці з удзелам няпоўнагадовых. Асноўная прычына — масавае распаўсюджванне наркаманіі. Калі летась за чатыры месяцы года няпоўнагадовыя ўчынілі ў стане наркатычнага ап'янення 28 злачынстваў, то сёлета — 47. Падлеткавая нарказлачыннасць звязана ў першую чаргу са спайсамі. Аднак вырасла і колькасць учыненых падлеткамі крадзяжоў (з 382 да 410) і хуліганстваў (з 88 да 116). Праўда, крыху зменшылася колькасць выпадкаў выкрадання аўтамабіляў, рабаванняў, махлярства.
Як адзначае начальнік аддзела арганізацыі работы інспекцый па справах няпоўнагадовых Галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі Міністэрства ўнутраных спраў Віталь ЯНЧЫН, колькасць крымінальных дзеянняў па лініі наркакантролю з удзелам падлеткаў будзе расці. Гэта звязана не толькі з прастатой спажывання псіхаактыўных рэчываў, але і з аб'ектыўнымі ўмовамі — змяненнем заканадаўства. Так, узрост крымінальнай адказнасці за збыт наркотыкаў знізіўся з 16 да 14 гадоў, устаноўлена крымінальная адказнасць за паўторнае адміністрацыйнае правапарушэнне, уведзена адміністрацыйная адказнасць за з'яўленне ў стане наркатычнага ўзрушэння ў грамадскім месцы (за чатыры месяцы ўжо выяўлена звыш сотні фактаў ужывання падлеткамі наркотыкаў і знаходжання ў стане наркаап'янення ў грамадскіх месцах). Распрацаваны і, ёсць надзея, хутка будзе прыняты законапраект, які прадугледжвае пашырэнне падстаў для накіравання падлеткаў у спецыяльныя лячэбна-выхаваўчыя ўстановы (можна будзе накіраваць туды падлеткаў з наркалагічнага ўліку, якія ўхіляюцца ад лячэння або парушылі правілы распарадку ў стацыянарнай установе аховы здароўя.
Тытуню малавата
Колькасць спажыўцоў спайсу, якія трапляюць пад увагу медыкаў, сёлета зменшылася, хоць наўрад ці можна гаварыць пра вырашэнне праблемы і захаванне такой тэндэнцыі.
Паводле слоў загадчыка наркалагічнага рэабілітацыйнага аддзялення РНПЦ псіхічнага здароўя Уладзіміра ІВАНОВА, урачы-нарколагі стабільна выконваюць сваю работу, аднак гэта адбываецца паралельна з тым, як іншыя людзі складаюць свае планы па рэалізацыі таго ж тытуню. Заўважана, што 100 працэнтаў спажыўцоў спайсаў маюць тытунёвую залежнасць. Класічная схема: прыкладна ў 13-14 гадоў дзеці пачынаюць курыць, і ўжо літаральна праз год гэтага становіцца «малавата» — нараджаецца жаданне пакаштаваць спайс. Дарэчы, у алкагольнай залежнасці не прасочваецца сувязь з тытунёвай — многія алкаголікі не кураць. Словам, нельга драбіць праблему і спадзявацца на лепшае, калі ў краіне тытунь, алкаголь і тыя ж спайсы з'яўляюцца абсалютна даступнымі і па кошце, і па колькасці месцаў продажу.
Што да аказання дапамогі людзям з наркатычнай залежнасцю, то яна цалкам даступная, ананімная і бясплатная (калі чалавек не прыцягваўся да адказнасці). Іншая рэч, у нашай краіне па-ранейшаму не вырашана пытанне з рэа-
білітацыйнымі цэнтрамі для нарказалежных. Адпаведная пастанова Савета Міністраў пакуль не падпісана, а гэта мог бы быць важны крок ва ўпарадкаванні дзейнасці такіх структур.
Выяўляць і ратаваць
Бацькі і педагогі ўжо больш ведаюць аб праблеме наркаманіі і ўсё часцей дапамагаюць выкрываць факты ўцягвання моладзі.
Як вядома, у новым навучальным годзе будзе праведзена анкетаванне 11-14 гадовых школьнікаў на прадмет схільнасці да ўжывання наркарэчываў. Праводзіцца яно будзе з пісьмовай згоды і саміх падлеткаў, і іх бацькоў. Вынікі апытання будуць захоўвацца адміністрацыяй навучальнай установы. Ананімнасць не прадугледжваецца, але выключна для таго, каб пасля можна было звязацца з бацькамі і дапамагчы дзіцяці са схільнасцю або залежнасцю — накіраваць на медагляд да спецыялістаў.
Святлана БАРЫСЕНКА
Яно не з’яўляецца населеным пунктам.
Унікальная магчымасць для будучых абітурыентаў.
Яго шлях — сведчанне таго, што подзвіг, ахвяраванне, Айчына — не пустыя словы.