Вы тут

Канчатковае ўхваленне


Адбылося чарговае пасяджэнне дзявятай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. На ім сенатары ўхвалілі ў тым ліку законапраекты аб утрыманстве, амністыі і альтэрнатыўнай службе.

— Гэта амністыя ў гісторыі нашай краіны 14-я па ліку. Яна амаль нічым не адрозніваецца ад мінулых, — кажа Лілія Мароз, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве.

Па яе словах, галоўнае адрозненне заключаецца ў тым, што пашыраецца пералік асоб, якія будуць амніставаны. Напрыклад, вызваленне раней тэрміну датычылася, у прыватнасці, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, нявыплаты падаткаў. Цяпер, апроч гэтых эканамічных злачынстваў, даруюць і лжэпрадпрымальніцтва. Пры гэтым зняволеныя па гэтых парушэннях закону амністуюцца, толькі калі адбылі трэць пакарання, маюць станоўчую характарыстыку з месцаў пазбаўлення свабоды і цалкам пакрылі страту пацярпеламу.

Акрамя таго, у законапраекце прапісаны механізмы рэсацыялізацыі і сацыяльнай адаптацыі зняволеных. МУС па іх вызваленні з месца зняволення рыхтуе дакументы, якія сведчаць асобу. Таксама пры неабходнасці прадугледжваецца працаўладкаванне і атрыманне медыцынскай дапамогі.

Пасля ўхвалення законапраекта сенатарамі ён адпраўляецца на подпіс Прэзідэнта і затым набывае моц, пачынаецца працэдура амніставання. Як правіла, яна цягнецца паўгода. Так, па словах Ліліі Мароз, зусім нядаўна скончылася мінулая амністыя. Плануецца, што з месцаў пазбаўлення волі выйдзе 2200 чалавек, а ўсяго будзе вызвалена ад пакарання каля 8600.

Таксама парламентарыі ўхвалілі пакет законапраектаў
«Аб альтэрнатыўнай службе». «Мы лічым, што закон вельмі своечасовы, — каментуе яго прыняцце Мікалай Казаравец, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці. — Дзяржава ідзе насустрач тым маладым людзям, якія па рэлігійных перакананнях не могуць служыць ва Узброеных Сілах. Малады чалавек зможа прайсці службу ва ўстановах аховы здароўя, у сацыяльнай службе, сельскай гаспадарцы і іншых дзяржаўных структурах».

У законапраекце прапісана працэдура разгляду падобных сітуацый. Спачатку кандыдат на праходжанне альтэрнатыўнай службы павінен напісаць заяву, у якой ён называе прычыну, па якой не можа служыць у арміі. Камісія па прызыве яе разглядае. Так, члены камісіі маюць права запрасіць прадстаўнікоў рэлігійных структур, каб яны пацвердзілі, што малады чалавек сапраўды з'яўляецца прыхільнікам пэўнага веравызнання.

Без вышэйшай адукацыі навабранца чакае 36 месяцаў службы, з яе наяўнасцю — 24. Закон набудзе моц 1 ліпеня 2016 года. Дарэчы, у 2014 годзе жаданне прайсці альтэрнатыўную службу выказалі 28 чалавек.

Каментуючы прыняцце да ведама Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», Мікалай Казаравец падкрэсліў, што пры складанні дакумента было прадугледжана ўсё, каб людзей не ўшчамілі, але каб пры гэтым яны выконвалі свой канстытуцыйны абавязак. «Дакумент новы, могуць узнікаць пытанні. Парламентарыі гатовы ісці насустрач, каб скарэктаваць пэўныя моманты», — дадаў ён.

Члены Савета Рэспублікі ўхвалілі ў тым ліку ратыфікацыю пагаднення паміж урадамі Беларусі і Расіі аб супрацоўніцтве ў галіне ваеннай фельд'егерска-паштовай сувязі. Яно датычыцца перш за ўсё стварэння нарматыўна-прававой базы ваеннага супрацоўніцтва ў гэтай сферы паміж Узброенымі Сіламі Беларусі і Расіі.

Таксама была ўхвалена ратыфікацыя міжурадавых пагадненняў з Балгарыяй і Арменіяй аб узаемнай абароне сакрэтнай інфармацыі.

Усяго падчас пасяджэння сенатарамі было разгледжана два дзясяткі пытанняў. Прынятыя законапраекты таксама закранулі адносіны паміж нашай краінай і Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі, Венгрыяй і Аўстрыяй, а таксама датычыліся ўнутрыдзяржаўных пытанняў.

Вераніка ПУСТАВІТ

 

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.