Вы тут

Мой фільм пра вайну


Успаміны пра вайну яе непасрэдных удзельнікаў, пэўна, адна з галоўных каштоўнасцей, якімі мы валодаем. Але з кожным годам людзей, што могуць прыгадаць падзеі Вялікай Айчыннай вайны, становіцца ўсё менш. Справай захавання ўспамінаў ветэранаў заняўся Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, у прыватнасці Мінскі гарадскі камітэт ужо другі раз правёў конкурс «Мой фільм пра вайну».

Прэзентацыя вынікаў праекта праходзіла ў будынку Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. На прагляд прыбылі самі героі дакументальных стужак — былыя салдаты Чырвонай Арміі, партызаны, падпольшчыкі, вязні канцлагераў, аўтары фільмаў — удзельнікі аматарскіх здымачных груп, кіраўнікі ветэранскіх арганізацый.

На працягу мінулага года сталічныя школьнікі, студэнты і маладыя спецыялісты прыходзілі да ўдзельнікаў вайны, размаўлялі з імі, запісвалі атрыманыя інтэрв'ю на відэа. Пасля з адзнятага матэрыялу ствараліся кароткаметражныя дакументальныя фільмы. На прэзентацыі гасцям паказалі паўгадзінны ролік, створаны з самых цікавых урыўкаў усіх фільмаў, прадстаўленых на конкурс. З вялікага экрана ветэраны расказвалі пра сваё дзяцінства, сем'і, пачатак вайны, запамінальныя выпадкі, часам вясёлыя, а часам і трагічныя.

Адзінаццацікласнік 21-й мінскай школы Валянцін ГЛУШКО, адзін з юных рэжысёраў, таксама быў запрошаны на прэзентацыю. Разам з сябрамі ён ужо даўно здымае сацыяльныя ролікі для школы. Сёлета педагог-арганізатар прапанавала ім узяць удзел у праекце «Мой фільм пра вайну». Школьнікі звязаліся з ветэранам і знялі ўвесь патрэбны матэрыял.

— Увогуле, маё захапленне кіно пачалося тры гады таму, — кажа хлопец. — Я паўдзельнічаў у здымках адной са стужак, што ствараліся на «Беларусьфільме», з таго часу ўсё і пайшло.

Пасля прагляду ў архіў музея Вялікай Айчыннай вайны перадалі дыск з анталогіяй «Мой фільм пра вайну». Дарэчы, знятыя моладдзю фільмы-ўспаміны будуць распаўсюджвацца на кампакт-дысках, а таксама праз сацыяльныя сеткі: суполкі «Мінск-БРСМ» і «Мой фільм пра вайну» ў сацыяльнай сетцы «УКантакце». Усе здымачныя групы былі ўзнагароджаны памятнымі сертыфікатамі.

— Сёння, як ніколі, актуальнымі становяцца новыя формы грамадзянскага і патрыятычнага выхавання моладзі, — зазначыў першы сакратар Мінскага гарадскога камітэта БРСМ Юрый ЧАЧУКЕВІЧ. — Наша галоўная мэта — даць моладзі інфармацыю пра Вялікую Айчынную вайну з першакрыніц, ад людзей, якія бачылі ўсё гэта на свае вочы. Тым больш, што з кожным годам сведкаў вайны становіцца ўсё менш і менш. Маладыя людзі самі працуюць з ветэранамі і робяць добрую справу — захоўваюць іх успаміны. Мы плануем пашыраць і развіваць гэты праект, бо толькі ў Мінску жыве каля чатырох тысяч ветэранаў. Пакуль мы запісалі каля пяцідзесяці ролікаў, таму нам ёсць да чаго імкнуцца.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.

 

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.