Вы тут

Памяць застаецца


Мая САЛДАЦЕНКА,
вучаніца 11 класа гімназіі №1 г. Оршы:

«Мая прабабуля з'яўляецца відавочцам падзей Вялікай Айчыннай вайны. І дзякуючы ёй я даведалася шмат новага пра тыя часы.

Кацярына Паўлаўна Салдаценка нарадзілася ў 1924 годзе ў вёсцы Сідараўка Магілёўскай вобласці. Скончыла 8 класаў і хацела паступаць вучыцца далей, але пачалася вайна. Бацька загінуў яшчэ да вайны, калі дзяўчынцы было 10 гадоў. А маці не стала 7 ліпеня 1941 года: яна загінула ад асколка нямецкай гранаты. Брат таксама не выжыў. Калі немцы праходзілі праз вёску, 11-гадовы хлопчык схаваўся ў склеп. Фашысты кінулі туды гранату...

Жылі вельмі бедна. Спалі на падлозе. Збіралі гнілую бульбу. Жанчыны вельмі перажывалі, бо ўсе мужчыны былі на фронце. Самымі цяжкімі хвілінамі для Кацярыны Паўлаўны былі моманты перастрэлак. А адной з радасных падзей таго часу — вызваленне вёскі ад ворагаў».

Чалавек,які выратаваў жыццё...

Кацярына ДЗЕМЯШКЕВІЧ,
вучаніца 8 класа гімназіі №1 г. Рэчыцы:

«Аднойчы, калі я з маці ехала ў гарадскім транспарце, мы, як заўсёды, вялі гутарку. Але я заўважыла, што мама мяне быццам не чуе — яна паглядала на жанчыну ў гадах, што сядзела наводдаль. Потым накіравалася да яе. Калі мы выйшлі з аўтобуса, маці мне растлумачыла, што гэта была яе настаўніца па рускай мове і літаратуры Марыя Філіпаўна Касьянава.

Напярэдадні 70-годдзя Вялікай Перамогі я даведалася, што настаўніца, якую бачыла некаторы час таму, мае званне «Праведнік народаў свету». У час Вялікай Айчыннай вайны, тады яшчэ 14-гадовай дзяўчынкай, разам са сваёй мамай Марыя Філіпаўна прымала ўдзел у выратаванні трохгадовай дзяўчынкі Святланы Салавейчык. Бацька той, Міхаіл Маркавіч, быў яўрэем. У першыя дні вайны пайшоў на фронт, а маці, беларуска, засталася дома чакаць мужа. Шмат разоў — несумненна, па даносе — немцы прыходзілі ў дом, дзе знаходзілася дзяўчынка, каб знайсці яўрэйскае дзіця. Дзяўчынку тэрмінова хавалі ў склеп або выносілі ў бульбяное поле, наказаўшы сядзець ціха і не плакаць. Дзяўчынка выжыла і ўсё жыццё была ўдзячна Марыі Філіпаўне! У мяне з'явілася жаданне напісаць больш падрабязна пра настаўніцу-выратавальніцу. Але ад знаёмых мы даведаліся, што ў кастрычніку мінулага года яна памерла...

Мы з мамай вырашылі пайсці ў школу, у якой вучылася і доўгі час працавала Марыя Філіпаўна. У настаўніцкай нам ветліва прапанавалі звярнуцца да кіраўніка школьнага музея. Такім чынам я ўсё ж такі ўбачыла, як вядзе ўрок Марыя Філіпаўна. Праўда, толькі на старым фотаздымку. Чалавека няма, а добрая памяць пра яго засталася».

Лісты чытаў Сяргей РАСОЛЬКА.

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.