Вы тут

Велабайкер з душою творцы


Тэма чарговага конкурсу прымусіла мяне ўсур'ёз задумацца: хто з маіх знаёмых можа стаць героем журналісцкага матэрыялу? Якім ён павінен быць? Можа, пераможцам алімпіяды па матэматыцы або творчай натурай, якая хоча выказаць сваю думку пра навакольны свет? А што, калі напісаць пра майго суседа па парце, які па-майстэрску малюе на ўроках смешныя шаржы? І я знайшла такога героя. Знаёмцеся: Максім Алескіў, пятнаццацігадовы хлопец, якога сустрэла ў адным з аб'яднанняў цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік».

__Verst4new_Сегоднее_21-24

Закручвае гайкі...

Як і многіх равеснікаў, яго цікавіць тэхніка і ўсё, што з ёй звязана. Але больш за ўсё Макса прыцягваюць ... веласіпеды. Праўда, незвычайныя. Такія не купіш у краме, іх можна зрабіць толькі сваімі рукамі.

— Аднойчы ў інтэрнэце ўбачыў самаробны веласіпед з незвычайнай рамай і ўзнікла жаданне зрабіць нешта падобнае, — гаворыць Макс. — Купіў звычайны раскладны «Аіst», паціху яго разабраў. Папрасіў тату, каб дапамог са зваркай. На наступны дзень былі выраблены вілка і вынас для педаляў. Хутка мой велабайк ужо стаяў на колах. Радасці не было мяжы!

Але на гэтым юны тэхнік не спыніўся і праз год узяўся за ўдасканаленне машыны. Перафарбаваў, паставіў новыя колы, педалі, падшыпнікі, абцягнуў «сядушку» і ўстанавіў падсветку. Веласіпед змяніўся не толькі вонкава, але і значна дадаў у хуткасці.

У гаражы ў Максіма стаіць яшчэ адзін незвычайны «жалезны конь» — сюрпрыз ад бацькі на дзень нараджэння. Ён трохколавы, без педаляў, таму едзе па інэрцыі выключна са спускаў і на абсалютна роўнай дарозе.

Незвычайны велатранспарт заўсёды прыцягвае ўвагу мінакоў: некаторыя ўсміхаюцца, падыходзяць з пытаннямі, а кіроўцы часам нават сігналяць з машын.

У кампаніі ж сяброў Макса жартам называюць «заніжанай прыёрай», але пры гэтым усяляк дапамагаюць яму з дэталямі для эксперыментаў. Бо ў многіх дома ў гаражах або на гарышчы знойдуцца непатрэбныя запчасткі. А гэта якраз тое, што неабходна будучаму аўтаслесару для ўвасаблення сваіх ідэй у рэальнасць.

...і складае ў рыфму

Пасля дня, праведзенага сярод тэхнікі, хлопец адпачывае ад фізічнай працы ў сваім маленькім свеце, напоўненым творчасцю і любімай музыкай. Перавагу Максім аддаў рэпу, слухае Gіnex, Нагана, Гуфа. Але адна справа захапляцца выканаўцамі, і зусім іншае — складаць песні самому. Як аказалася, талент хлопца «закручваць гайкі» ніколькі не саступае ўменню працаваць з рыфмай. У Макса ўжо назапасілася шмат сшыткаў, дзе захоўваюцца тэксты для будучых трэкаў.

— Першы раз я выказаў эмоцыі на паперы, калі пасварыўся з дзяўчынай. Як цяпер памятаю той вечар: настрою не было, слухаў Som і вырашыў паспрабаваць што-небудзь напісаць. А спыніцца ўжо не змог, — прыгадвае малады чалавек.

У сваіх тэкстах хлопец закранае розныя тэмы, з якімі сутыкаецца ў паўсядзённым жыцці: сябры, сям'я, школа, першае каханне, родны горад, узаемаадносіны з людзьмі.

«Я паспрабую ў двух куплетах коратка сказаць пра галоўнае...» — піша юны аўтар і звяртае ўвагу людзей на немалаважныя рэчы ў нашым жыцці. Хлопец смела паказвае праблему выбару паміж матэрыяльнымі і духоўнымі каштоўнасцямі: «Людзі за капейку прададуць сям'ю і брата...»

Апошні тэкст, напісаны Максімам, прысвечаны вельмі актуальнай сёння праблеме спайсу. Хлопец звяртаецца да аднагодкаў: «Павер, шчасце ёсць, і гэта не парашок...»

У юнака пра ўсё ёсць свая думка, якую ён і спрабуе выказаць у рэчытатывах. А для таго, каб быць пачутым, Макс вырашыў запісваць песні. У інтэрнэце ён шукае для сваіх тэкстаў музыку і пры дапамозе спецыяльнай праграмы на камп'ютары запісвае трэкі. Дарэчы, адзін з іх быў прысвечаны праблеме бежанцаў. Ён лёг у аснову відэафільма, які знялі навучэнцы гуртка «Кам'ютарны дызайн», дзе займаецца Максім. Сацыяльны ролік стаў лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу дзіцячых работ «Будзем разам!».

З дапамогай слоў Максім быццам малюе вагі, на якіх дабро змагаецца са злом. А вынік, вядома ж, залежыць толькі ад нас саміх, ад нашых учынкаў і ад нашага выбару.

«Кажуць, рабі дабро — яно вернецца да цябе», — спявае Максім у песні «Маё жыццё». Менавіта з гэтымі словамі малады чалавек крочыць далей, на сустрэчу з новым і нязведаным.

Юлія Стрыга, вучаніца 11 класа
Лебедзеўскай СШ
Маладзечанскага раёна.

Пра аўтара

Прадстаўляць Юлію ўжо няма патрэбы: гэта яе другая праца, дасланая на творчы конкурс (умовамі гэта не забаранялася). Першая — «Сакаўшчына» — боль і памяць» — была надрукавана ў нумары ад 12 сакавіка. Дарэчы, пастаянным чытачам 17-гадовая аўтарка вядома яшчэ з мінулага года, калі брала ўдзел у папярэднім нашым конкурсе. Застаецца толькі нагадаць, што мара дзяўчыны — стаць журналістам. І Юля даволі ўпэўнена крочыць да яе ўвасаблення ў жыццё.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.