Вы тут

Саша Нэма: «Самае цікавае яшчэ наперадзе»


Калі бачыш на сцэне акцёраў, спевакоў, то здаецца, што пра такое жыццё можна толькі марыць. Аднак як часта мы задаёмся пытаннем, чаго каштуе ім сабраць залу на чарговы канцэрт ці спектакль? Даведацца пра закадравыя будні мы вырашылі, напрасіўшыся ў паездку на канцэрт у Гродна з Сашам Нэма.

21-15

Дарога да пункта прызначэння займае некалькі гадзін. Кампанія сабралася нешматлікая: сам артыст, яго канцэртны дырэктар Аляксей і танцоры Антаніна і Аляксандр. Знаёмства, размовы «за жыццё» і прадчуванне багатага на падзеі дня. Бо ў Гродне чакала насычаная праграма — эфір на радыё, рэпетыцыя ў каледжы мастацтваў, а потым інтэрв'ю для тэлебачання і канцэрт. Сам артыст увесь час то праслухоўвае нешта, то адказвае на тэлефонныя званкі. Нават пабыў нейкі час у якасці кіроўцы. Праязджаючы Шчучын, сустракаемся з ДАІ. Інспектар, можа, і пазнаў нашага героя, але віду не падаў. Размова, праўда, была не доўгай, бо мы ўжо спазняліся на радыё...

Перад з'яўленнем у эфіры Саша заяўляе, што гатовы да любых пытанняў. Такая пазіцыя некага можа і здзівіць, але спявак тлумачыць:

— У мяне няма дыстанцыі з публікай. Гэта «зоркі» ствараюць бар'еры, а мы працуем адкрыта. Заўсёды пачынаю з нуля. Людзі прыйшлі на канцэрт, і я адчуваю перад імі адказнасць. Трэба даказаць, што я варты іх увагі.

Кожны дзень Саша Нэма даказвае гэта самому сабе і іншым, што ў беларускім шоу-бізнесе ён чалавек не выпадковы. Бо за больш чым 15 гадоў на сцэне зразумеў, што быць артыстам — яго прызванне. Ён цудоўна ведае, як не проста дабіцца прызнання.

21-18

— Прабівацца на эстрадзе цяжка. Ну, «пакруцяць» цябе два тыдні і што? Калі ж мэта артыста не проста «выстраліць», а ўтрымацца на сцэне, то яму спатрэбіцца не год і не два. Ніяк не абысціся без працавітасці, упартасці і веры ў сябе, — дзеліцца Саша. — Я дабіваўся свайго цярплівасцю і працавітасцю столькі гадоў, і ўсё роўна жыву з адчуваннем, што самае цікавае яшчэ наперадзе. Гэта прымушае быць аптымістам і рухацца далей. Толькі нядаўна зразумеў, што і свой псеўданім Нэма, які ў перакладзе азначае «ніхто», я выбраў правільна. Прачынацца раніцай з адчуваннем, што ты «ніхто», і пачынаць новы дзень з нуля — вельмі добрая матывацыя даказаць вечарам, што ты чагосьці варты.

...Аднак вернемся ў 1998 год. Менавіта тады просты хлопец са Слоніма паступіў у Гродзенскі каледж мастацтваў на аддзяленне эстраднага вакалу. А там на далейшае развіццё гісторыі будучага артыста паўплываў выпадак. Хлопца спачатку заўважыў Аляксей Лясеенкаў, а потым на конкурсе «Зорная ростань» патэнцыял юнага вакаліста разгледзеў Міхаіл Фінберг, які быў у журы конкурсу. Пачаліся будні, калі Саша сумяшчаў працу ў аркестры з вучобай у Гродне. Успамінае, як жыў на чамаданах паміж двух гарадоў, нібы ўсё было толькі ўчора... Так шмат усяго адбылося за гэтыя гады. Падзенні, узлёты, адкрыцці і пошук сябе.

— Я заўсёды веру ў лепшае. Безу-моўна, ёсць у маім мінулым нейкія нюансы, пра якія не магу прыгадваць з гонарам, але час усё згладжвае. І калі б я не ўспамінаў пра гэта, то тыя сітуацыі не сталі б для мяне добрым урокам. Нават маючы магчымасць змяніць былое, не пагадзіўся б ёю скарыстацца, таму што так можна кардынальна перайначыць цяперашняе.

У душы артыст застаецца простым хлопцам, які стварае музыку, пераадольвае кіламетры ад горада да горада, каб падзяліцца ёю на канцэртах. Гродна ў гэтым сэнсе вельмі знакавае месца для Сашы Нэма, бо менавіта тут усё пачалося — творчы старт, сустрэча з каханай і пазнанне іншага жыцця. Сёння ён любячы і клапатлівы муж, бацька дзвюх дачок. Пры ўсёй сваёй адкрытасці публічнасць артысту не імпануе, і для аднаўлення сіл ён выбірае адзіноту, калі можна з'ехаць у месца, дзе няма інтэрнэту і нават тэлефон не «ловіць».

— Такое жаданне ўзнікае зараз усё часцей, таму што мая прафесія — гэта канцэрты, здымкі, паездкі. Калі жывеш у такой плыні інфармацыі і эмоцый, то час ад часу хочацца перазарадкі. Сям'я абсалютна нармальна ўспрымае маё жаданне пабыць сам-насам. А мне адзінота дапамагае супакоіцца. Творчыя людзі стамляюцца ад увагі іншых. У нейкай ступені нават зайздрошчу тым артыстам, якія любяць тусоўкі і павышаны інтарэс да сябе. Я не такі. Мне прасцей паказваць сябе і свой узровень на сцэне.

21-17

...У зале амаль не было свабодных месцаў. І па настроі прысутных, іх рэакцыі на выкананне чарговай песні адчувалася — публіка любіць Сашу. Сярод прыхільнікаў спевака можна было заўважыць людзей розных узростаў. Магчыма, таму артыст сёлета вырашыў зладзіць своеасаблівае свята для самых юных з іх, арганізаваўшы ў рамках свайго вясенняга гастрольнага тура «Гэта маё жыццё» конкурс для маладых выканаўцаў. Паводле яго ўмоў, трэба падрыхтаваць нумар, які б пераклікаўся з песнямі артыста. А потым тыя, хто праходзіць мясцовы адбор, выступаюць на канцэрце Сашы Нэма. У Гродне свой вакальны талент прадэманстравалі шэсць удзельнікаў. Напрыклад, Уладзіслава Алейнік выканала песню «Бачылі аблокі», а Варвара Штэфірца — «Рабяты з нашага двара». Напрыканцы сам спявак не стрымаўся і нават праспяваў фінальныя радкі з дзяўчынкай дуэтам. Сярод абраных канкурсантамі кампазіцый былі таксама «Магістраль», «Я люблю Беларусь», «Мілая» і «Заварожаная фея». Найлепшага будуць выбіраць інтэрнэт-карыстальнікі. Для гэтага трэба проста аддаць свой голас на старонцы Сашы Нэма «УКантакце» за выканаўцу, які вам найбольш спадабаецца.

Дзве з паловай гадзіны канцэрта мінаюць вельмі хутка. Спявак адказвае на адрасаваныя пытанні з «чароўнай скарбонкі» (у яго такая традыцыя на гастролях), дзеліцца гісторыямі, якія натхнілі на напісанне песень, і ні на хвіліну не губляе сваёй бадзёрасці. А потым раздае аўтографы і фатаграфуецца з прыхільнікамі. Дадому вяртаемся позна ноччу. На наступны дзень у Сашы запланавана выступленне ў Мінску. Пасля — зноў гастролі...

Алена ДРАПКО.

 P. S. Галасуйце за лепшых

Канцэрт у Бярозе стаў завяршальным у спісе гарадоў Беларусі, дзе навучэнцы школ і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў атрымалі магчымасць выступаць на адной сцэне з папулярным спеваком Сашам Нэма, выконваць яго кампазіцыі, ставіць танцавальныя нумары і быць удзельнікамі вялікай каманды.

Галоўная задача, якая стаяла перад удзельнікамі — спадабацца гледачам. Наколькі ім удалося прадэманстраваць свой талент, стане вядома пасля падвядзення вынікаў інтэрнэт-галасавання. Яно праходзіць ужо на афіцыйнай старонцы артыста ў сацыяльнай сетцы “УКантакце” (http://vk.com/nemosasha). Там змешчаны ўсе знятыя відэаролікі выступленняў канкурсантаў, і цяпер пры жаданні кожны можа аддаць свой голас за той нумар, які найбольш падабаецца. Пераможца зможа не толькі выступіць з Сашам Нэма, але і падорыць сваёй навучальнай установе магчымасць адсвяткаваць апошні званок на канцэрце беларускага спевака.

“Мы вырашылі падтрымаць такім чынам Год моладзі, — адзначае Саша Нэма. — І даць шанс праявіць сябе ўсім тым, хто раней не ведаў, як гэта зрабіць. Бо не так часта праводзяцца кастынгі ў маленькіх гарадах, а таленавітых дзяцей там шмат”. Конкурс у падтрымку таленавітай моладзі прайшоў у такіх населенных пунктах, як а.г. Тышковічы, Ушачы, Талочын, Лунінец, Наваполацк, Старыя Дарогі, г.п. Багушэўск, Гродна і Бяроза.

Цяпер час рабіць кожнаму свой выбар, галасуючы за хлопцаў і дзяўчат, якія ўжо паказалі сябе, але толькі робяць першыя крокі да вялікай сцэны. Падтрымайце іх! Галасаванне будзе праходзіць да 28 мая.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.